«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: старонкі «Радыё Свабода» і «Naviny – Новости Беларуси» ў «Одноклассниках»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 8 верасня зноў папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У ліку забароненых да распаўсюду рэсурсаў — старонкі незалежных медыя «Радыё Свабода» і «Naviny – Новости Беларуси».

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Паводле рашэння суда Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ад 5 верасня 2025 года ў спіс уключылі суполку з назвай «Радыё Свабода» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/group/5620887578316).
Аднак суполкі з указаным на сайце Мінінфарма ідэнтыфікатарам не існуе. Але ў «Одноклассниках» ёсць суполка з такой самай назвай, якую прызналі «экстрэмісцкай» яшчэ ў траўні 2023 года. Яна ж у ліку іншых інтэрнэт-рэсурсаў згадваецца на сайце МУС: у снежні 2021 года «Радыё Свабода» абвешчанае «экстрэмісцкім фармаваннем», і на старонцы сілавога ведамства пералічаны цэлы шэраг медыярэсурсаў і афіляваных з імі старонак у сацсетках, праз якія нібыта ажыццяўляецца «экстрэмісцкая дзейнасць».
У адпаведнасці з рашэннем суда Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ад 5 верасня 2025 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключана і старонка «Naviny – Новости Беларуси» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/group/53336049189118). У суполцы больш за 8 тысяч удзельнікаў, яна афілявана з аднайменным інтэрнэт-СМІ. Кантэнт суполкі не абнаўляўся з лістапада 2021 года — пасля таго, як медыякампанія БелаПАН была абвешчаная «экстрэмісцкім фармаваннем».
Таксама ў абноўлены спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Мінінфарма ўключылі папулярны расійскі Telegram-канал «Двач» (ідэнтыфікатар t.me/dvachannel). Гэты рэсурс, які мае амаль 920 тысяч падпісчыкаў, 2 верасня 2025 года прызнаў «экстрэмісцкім» суд Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.
