Больш за мільён еўра: столькі для СТВ каштавала новае караоке-шоу ад нявесткі Лукашэнкі
«Бюро» высветліла, што ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» (тэлеканал СТВ) выкупіла права на трансляцыю новага караоке-шоу ў прадакшэна нявесткі Лукашэнкі – «Музычнай медыякампаніі». Сума ўгоды склала больш за мільён еўра.
Згодна з тэндарам, які знайшло «Бюро», музычны прадакшэн Ганны Лукашэнкі прадаў тэлеканалу СТВ права на трансляцыю 34 выпускаў і анонсаў забаўляльнай тэлеперадачы за 3,7 мільёна беларускіх рублёў, або 1,07 мільёна еўра. Кошт вытворчасці аднаго выпуску – 108,8 тысячы рублёў, або 31,5 тысячы еўра.
Гаворка ідзе пра новую тэлепраграму – караоке-шоу «Шум Пятніцы», прэм’ерны паказ якога ўжо запланаваны на 10 кастрычніка на тэлеканале «РТР-Беларусь».
На ролю вядоўцы айчынныя тэлеробы запрасілі сына расійскага z‑выканаўцы Алега Газманава – Радзівона. Спаборнічаць у вакальным майстэрстве за грашовы прыз у тэлекараоке будуць работнікі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Недзе мы ўжо гэта бачылі?
«Мы адчыняем дзверы ў свет, дзе галоўнае не ідэальны слых, а шчырая эмоцыя, дзе перамагае не тэхніка, а душа», – сцвярджае тэлеканал СТВ.
