• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тамара Шчапёткіна: Парадокс «мы»: я пабойвалася гэтага слова, пакуль не ўбачыла, што збліжае людзей

    Гэтае інтэрв’ю з Тамарай Шчапёткінай — частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. 

    Журналістка Тамара Шчапёткіна змагаецца за права на інфармацыю

    Журналістка Тамара Шчапёткіна

    Зборнік апавядае пра лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага. Зборнік будзе прэзентаваны 7 лістапада 2025 года а 18:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europe­jskie Cen­trum Sol­i­darnoś­ci, Gdańsk, pl. Sol­i­darnoś­ci 1) у межах мерапрыемстваў вакол 15‑й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

    Малюнак разбурэння роднага кута ўрэзаўся ў памяць навечна – магчыма, тая дзіцячая траўма і вызначыла мой далейшы характар. І лёс…

    — У вёсцы ўсе добра ведаюць адно аднаго, але ці заўсёды гавораць на людзях тое самае, што дома? У сваёй сям’і заўважалі такое раздваенне?

    — Яна была неймаверна адкрытай: дзеці пераймалі паводзіны бацькоў, якія заўсёды гаварылі тое, што ляжала на душы.

    Двайнога дна не меў ніхто з нашых. Усе — суцэльныя натуры, без прыхаванага фальшу.

    — Раскажыце крыху больш пра сваіх родных.

    — Вось бацька… На выдатна скончыў сем класаў польскай школы: залатая галава, навуковы склад розуму. У мяне дагэтуль ляжыць яго запісная кніжачка з распісанымі па месяцах гаспадарчымі пазнакамі: усё вельмі акуратна і талкова.

    У 1938 годзе пайшоў служыць у польскае войска і ў верасні 1939-га трапіў у нямецкі палон. Прабыў там цэлых шэсць гадоў, працаваў у нямецкага фермера. Многаму: культуры працы, гаспадаранню, парадку — навучыўся менавіта там. Дадому вярнуўся чалавекам зусім іншай фармацыі.

    І гэта кідалася ў вочы: калі сталі прымусова ствараць калгасы, начальства літаральна прыстала: старшынюй!

    Ён доўга адмаўляўся, ківаў на свой спакойны, зусім не ваяўнічы характар — любіў цішыню. Але прымусілі.

    Толькі як у савецкай ілжывай сістэме выжыць чалавеку выключнай сумленнасці?

    Неяк прыехалі ў вёску былыя партызанскія камандзіры з бярозаўскім начальствам і ледзь не загадваюць:

    — Спішы, старшыня, пару свіней на закусь!

    А ён, наіўны:

    — Не дам: гэта народнае. Людзі ж толькі-толькі звезлі ў калгас апошняе — свіней, коней, кароў.

    Вось і ўся кіраўніцкая кар’ера: паўгода пратрымаўся. Мясцовыя шкадавалі: «Нахалеру адмаўляўся? Даў бы свіней, хай задушацца тым мясам… Нам жа патрэбен чалавек, пры якім парадак!»

    Тамара Шчапёткіна нарадзілася ў 1952 годзе. Скончыла Брэсцкі педінстытут, 25 гадоў у школе, настаўніца вышэйшай катэгорыі. Стварала выданні «Газета для вас» і «Бярозавы венік», супрацоўнічала з «Вясной». Мела 22 адміністрацыйныя справы. У 2020 годзе праз пераслед вымушана пакінула Беларусь.

    — А які характар матулі? Відаць, не слабейшы…

    — І яе лёс няпросты: нарадзілася ў Расіі падчас Першай сусветнай у сям’і бежанцаў, а пасля вайны яны вярнуліся на радзіму без бацькі… У Баранавічах яго, хворага на тыф, знялі з цягніка жаўнеры царскай арміі, і больш сям’я ўжо не ўбачыла. Маёй маці, малодшай з пяцярых дзяцей, было ўсяго тры гады. Прыехалі дадому, а дом спалены, хлёбнулі гора па поўнай, як кажуць.

    Скончыла польскую школу для гаспадынь. Дзяўчат там вучылі быць добрымі жонкамі, правільна весці вялікую гаспадарку, шыць… Як жа смачна яна гатавала!

    Калі ў калгасах сталі прымушаць працаваць за «палачкі», адкрыта крытыкавала на сходах:

    — Усё нас тыкаеце носам, што не так пасадзілі, не тады прыбралі, да замаразкаў дацягнулі! А самі плаціць не хочаце! Гэта парадак?

    Ёй пагражалі:

    — Ведаеш, якое начальства днямі прыязджае?! Забыліся тут, што дала савецкая ўлада… Мы вас вызвалілі!

    Мама ў адказ, як абухам па галаве:

    — А хто вас прасіў?

    Вось такое ў яе было стаўленне да савецкай улады. Бачыла хлусню і называла яе сваім імем.

    — А потым вашу сям’ю сілай выселілі з хутара. Што памятаецца з таго дня?

    — Быў лістапад, халодны, ліпкі такі дождж — да драбнічак усё помню, хоць яшчэ ў школу не хадзіла.

    Высялялі сілай. Задумалі знесці ажно дзесяць хутароў, якія мясцовыя называлі Пянькамі. Савецкая ўлада вельмі баялася іх: маўляў, могуць хаваць ці падкормліваць партызан… І наогул — ніякай вам волі, усе ў калгас, у адно месца, каб пад прыглядам былі!

    Тата стаў будавацца там з размахам — разлічваў, нехта з дзяцей застанецца жыць з імі. Дык і да восені не паспеў з усім справіцца: паспеў пакрыць хату страхой, а падлога ляжала толькі на кухні. У іншых пакоях проста зямля. Але ва ўлады свае планы, справаздачнасць па перасяленні: міліцыянеры з актывістамі пад’ехалі да старой хаты і давай выкідаць адтуль нашы клункі проста на халодны бруд.

    Сядзелі на іх пад дажджом і плакалі ад жаху і бяссілля…

    Той малюнак разбурэння роднага кута ўрэзаўся ў памяць навечна.

    Магчыма, дзіцячая траўма і вызначыла мой далейшы характар.

    І лёс…

    Брэсцкі абласны суд пакінуў штраф журналістцы Тамары Шчапёткінай у сіле

    Тамара Шчапёткіна

    Лукамол у Белаазёрску тады так і не з’явіўся — бюджэтныя грошы мы абаранілі, не далі дармаедам ні капейкі

    — А чаму вы вярнуліся туды пасля вучобы і засталіся на доўгія гады?

    — Нас у сям’і трое: двое старэйшых хлопцаў і я. З дзяцінства ведала: мне трэба быць каля бацькоў. Як і не разам у адной хаце, то абавязкова побач, каб даглядзець іх на старасці гадоў.

    Так яно і здарылася — выканала свой даччын абавязак.

    — Што жыццё ў маленькім горадзе дало асабіста вам?

    — Найперш каласальную адказнасць за месца, дзе нарадзілася і жыла. Тут ты ведаеш людзей, а яны цябе. Увесь час навідавоку.

    Бачаць: ага, яна сумленная, насамрэч хоча дапамагчы, то пачынаюць верыць, ідуць да цябе як да апошняй надзеі. І гэта вельмі моцна стымулюе: не засынае жаданне рабіць дабро, палягчаць жыццё іншым.

    Калі мяне запрасілі працаваць у незалежную газету, я, верыце ці не, ляцела па вуліцы і ледзь не крычала ад радасці! Сама сабе казала: «Божачка, я ж цяпер столькі змагу для нашых бярозаўцаў!»

    Выдатна разумела рэсурс выдання. Таму нават не прасіла часу на роздум — адразу пагадзілася.

    — Не дзіва, што вас абралі дэпутаткай гарсавета…

    — Ой, у дзевяностыя быў вельмі радасны час, каласальны грамадскі ўздым! Тады нарэшце пачалі не прызначаць, а выбіраць.

    І побач апынулася многа цудоўных, дэмакратычна настроеных калег — мы сталі большасцю, у што цяпер і не паверыць. Таму маглі праводзіць рашэнні на карысць выбарцаў, а не чыноўнікаў.

    Хоць і нясціпла, але адной з самых «завадовых» дэпутатак там была я: не мела страху перад начальствам.

    Унутры бруіла адно жаданне: каб мы пачалі жыць лепш, па-чалавечы.

    — І што ўдалося прабіць?

    — Напрыклад, у Белаазёрску тады быў жахлівы хлеб — цяжкі, цвёрды, як цагліна, укусіць немагчыма.

    Чаму? Усё проста: там шмат чаго кралі, проста бязбожна. Узялі вытворчасць пад жорсткі грамадскі кантроль, пачалі правяраць — і якасць імгненна палепшылася, пакупнікі дзякавалі.

    Або такое: жанчыны з навакольных вёсак прывозілі ў горад сваё хатняе масла, сыр, каўбасы — усё вельмі смачнае і свежае. Але ніякіх лавак ці сталоў, дык сцялілі на зямлю кляёнкі, газеты і выкладалі прадукты.

    Стаялі там, бедныя, выпрацаваныя вяскоўкі, па паўдня на спякоце ці ветры са снегам.

    Кіраўнік суседняй крамы паскардзіўся старшыні гарвыканкама, той пачаў страпаліць дэпутатаў, што гандаль трэба забараніць, цётачак прагнаць — маўляў, неэстэтычна, плюс антысанітарыя.

    На пасяджэнні я выступіла вельмі рэзка: «Людзі ўсё роўна будуць там стаяць, бо гэта іх адзіны заробак, а гараджане хочуць купляць натуральнае, вясковае. Давайце лепш абсталюем спецыяльную гандлёвую зону!»

    — І дазволілі?

    — Ага! Толькі мне прыйшлося прабіваць гэта чыноўніцкае балота ажно паўгода! Але ўрэшце паставілі шэсць сталоў і лаўкі. Дагэтуль там!

    — З так званымі малымі справамі, бачу, ладзілася. А да палітычных спрэчак даходзіла?

    — Выступае на сесіі старшыня райвыканкама:

    — Ёсць дзяржаўная ініцыятыва: трэба тэрмінова стварыць моладзевую арганізацыю. Пры Савецкім Саюзе быў камсамол, а цяпер кожны гойсае сам па сабе — ходзіць не туды і робіць не тое.

    Далей выступіла я і разбіла «ініцыятыву» ўшчэнт:

    — Калі ў нас у раёне з’явіліся лішнія грошы, то навошта марнаваць іх на новую бюракратычную структуру? Адразу ж запатрабуюць стаўку вызваленага сакратара, бухгалтара, даць і абсталяваць памяшканне, набыць мэблю… Давайце лепш купім вітаміны і садавіну для дзяцей са шматдзетных і бедных сем’яў горада! Самі ведаеце, які цяпер цяжкі час, заробкі мізэрныя, малыя дрэнна харчуюцца. Так, а не пустымі паперкамі, рэальна дапаможам дзецям, ды яшчэ падтрымаем нараджальнасць.

    І як, думаеце, прагаласавалі?

    Большасць падняла рукі за маю прапанову!

    Лукамол у Белаазёрску тады так і не стварылі, бюджэтныя грошы мы абаранілі. Не далі дармаедам ні капейкі.

    А ўжо пасля нас арганізавалі…

    — Гэта была выпадковая дэпутацкая большасць — ці ў Белаазёрску ўжо існавала дэмакратычнае асяроддзе?

    — Пасля нас у раёне засталася вельмі моцная каманда партыі БНФ і актыўнай моладзі. Горад любіў Фронт і апазіцыю, вельмі крытычна ставіўся да таталітарных памкненняў улады.

    Нездарма ў 1994 годзе на першых прэзідэнцкіх выбарах Зянон Пазняк заняў у нас трэцяе месца з высокім вынікам. Мы тады арганізавалі сур’ёзны грамадскі кантроль, назіралі на выбарчых участках.

    Журналістку-фрылансера з Бярозы Тамару Шчапёткіна зноў пакаралі штрафам

    Тамара Шчапёткіна

    — Але ў гэтага «мы» былі свае пазнавальныя твары?

    — Вялікі аўтарытэт мела паэтка Ніна Мацяш, якая стварыла знакамітае літаратурнае аб’яднанне «Агмень». Шчырая, глыбокая дэмакратка.

    Хоць і не афішавала сваю пазіцыю, людзі да яе цягнуліся. Стала сапраўдным маральным і духоўным маяком для ўсяго рэгіёна.

    Каласальную падтрымку дэмакратам аказваў Уладзімір Барчук, дырэктар Белаазёрскай ГРЭС — чалавек дзяржаўнага маштабу, сапраўдны волат.

    У Вярхоўным Савеце 13-га склікання ён далучыўся да тых адважных дэпутатаў, хто падпісаўся за імпічмент Лукашэнку.

    Бачыце: узначальваў найбуйнейшае прадпрыемства раёна, мог мець з таго вялікія выгоды, але вытрымаў шалёны ціск з Мінска, свой подпіс не зняў!

    Пры гэтым імпанавала, што ён ніколі не стаяў над людзьмі на нейкім пафасным пастаменце — быў простым, адкрытым і даступным для кожнага.

    Да яго заўсёды можна было спакойна зайсці ў кабінет, параіцца ці папрасіць дапамогі для кагосьці з пакрыўджаных жыхароў.

    Дзякуючы такім яркім асобам у нашым раёне і віравала сапраўднае дэмакратычнае жыццё.

    «Я ўладкоўвалася ў школу настаўніцай, а не вышыбалай у кабаку»

    — Сёння цяжка ўявіць, каб цэлы школьны калектыў адкрыта выступіў супраць дзяржаўнай цэнзуры. А ў вашай трэцяй белаазёрскай школе гэта было магчыма. Чаму?

    — Першая палова дзевяностых — залаты час для вольных духам людзей. Гэта ўжо потым, калі дыктатура ўзмацнілася, школу пачалі жорстка заціскаць, запалохваць кантрактамі і ламаць праз калена. А раней жыла моцная вера ў перамены і праўду.

    Я выпісвала ўсе незалежныя газеты, не шкадавала на гэта сваіх грошай. Чытала сама, а потым прыносіла ў школу і адкрыта раскладвала ў настаўніцкай на сталах. І калегі з задавальненнем іх чыталі, абмяркоўвалі.

    Калі ў снежні 1994 года ў цэнтральным друку не далі апублікаваць антыкарупцыйны даклад паплечніка Пазняка Сяргея Антончыка і газеты выйшлі з вялікімі белымі плямамі на першых палосах у знак пратэсту, наш педагагічны калектыў адаслаў калектыўную тэлеграму абурэння супраць цэнзуры наўпрост у Кабінет Міністраў!

    Усе настаўнікі паставілі свае подпісы, ніхто не пабаяўся.

    Маральна і грамадзянска вельмі моцны калектыў.

    — Які прадмет вы выкладалі?

    — Рускую мову і літаратуру, мела вышэйшую катэгорыю. Нас такіх на ўвесь раён было ўсяго 98 чалавек, здавалі вельмі складаныя экзамены — гэтую адзнаку за прыгожыя вочы не дарылі.

    Знаёміла сваіх вучняў з пісьменнікамі, якіх раней забаранялі, распавядала праўду пра тое, што адбываецца ў краіне, пра адраджэнне, Зянона Пазняка і рэпрэсіі.

    Дзеці слухалі мяне з адкрытымі ратамі.

    — Начальства на гэта не зважала?

    — Рэагавала.

    — А як зводзілі рахункі?

    — Калі мужа, напрыклад, запрасілі на працу ў Бярозу,  я пяць гадоў вымушаная была ездзіць адтуль назад у Белаазёрск на працу. Уставала а пятай раніцы, каб паспець на аўтобус.

    Аднойчы выпадкова падвозіў мяне ў машыне раённы ідэолаг. Карыстаюся момантам, пытаюся наўпрост:

    — Калі нарэшце дасце месца ў Бярозе, каб я не мучылася з гэтымі паездкамі?

    Ён паварочваецца і абсалютна жорстка:

    — Ніколі! Не дазволім сапсаваць яшчэ адзін школьны калектыў!

    Горка, але і прыемна ад такой ацэнкі!

    Аднойчы паспрабавалі запужаць праверкамі. Той самы чыноўнік кажа:

    — Прыедзем да вас у школу, то пабачыце…

    З усмешкай адказваю:

    — Божа, як абрадавалі! Буду вельмі чакаць!

    Ён разгубіўся:

    — Чаму гэта? Усе ж баяцца камісій як агню…

    — Ведаеце закон аб адукацыі? Там напісана: спачатку інспектар-праверачнік павінен сам выйсці да дошкі і паказаць мне, як весці ўзорны ўрок паводле новых методык, а ўжо потым я прадэманструю пры ўсіх, што ўмею. Так што хай прыязджаюць, пакажуць клас!

    І што? Ніводная камісія, ніводная душа так і не з’явілася, бо самі, думаю, баяліся зняславіцца!

    Брэсцкі аблсуд не задаволіў скаргу незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай

    Тамара Шчапёткіна

    — Калегі вас падтрымлівалі, калі справа даходзіла да адкрытага канфлікту з кіраўніцтвам?

    — Агульны сход вылучыў мяне на пасаду старшыні прафкама. Тады дырэктар, які ведаў настрой раённага аддзела, паспрабаваў сарваць прызначэнне:

    — Разыходзьцеся па класах, далей будуць галасаваць ужо толькі члены прафкама.

    Гэты бюракратычны манеўр зразумелі. Настаўнікі нават не зрушыліся з месца, ніхто не пайшоў:

    — Не! Сход не скончаны! Мы выбіраем Шчапёткіну!

    І за мяне прагаласавалі амаль аднагалосна.

    Адразу зрабіла ўсю фінансавую бухгалтэрыю цалкам адкрытай. Пачала агучваць на сходах: колькі грошай у касе, на што выдаткуем, каму і якую матэрыяльную дапамогу даём.

    І тут пачаліся розныя дробныя спрэчкі і сваркі, бо заўсёды ёсць незадаволеныя: чаму таму больш, а гэтаму менш…

    Я зразумела тады вельмі важную рэч, якую часта паўтараю: дэмакратыя — значна цяжэйшы крыж, чым дыктатура ці аўтакратыя.

    Пры звыклых парадках усё было ціха і спакойна, бо ніхто проста не ведаў пра грошы і магчымасці. А калі адкрытасць, то даводзіцца кожнага выслухоўваць, пераконваць і аргументаваць сваю пазіцыю.

    Але гэта адзіны правільны шлях.

    — З начальствам вы і за савецкім часам так размаўлялі?

    — Была зусім маладой настаўніцай, калі дырэктар заварагаваў з адной з настаўніц і, каб яе выжыць, настройваў калектыў, прымушаў падпісваць падмётныя лісты. Да мяне з імі, праўда, баяліся падыходзіць.

    Урэшце дайшло да абсурду, фактычнага гвалту. Завуч забягае ў настаўніцкую:

    — Хутчэй, дзяўчаты, хадзем на ганак, станем ланцугом і не пусцім яе ў школу!

    Я і не падумала варушыцца.

    Завуч здзіўлена:

    — А ты чаго сядзіш? Пайшлі!

    Спакойна адказваю:

    — Я ўладкоўвалася ў школу настаўніцай, а не вышыбалай.

    Уся ў чырвоных плямах яна выскачыла — і мяне больш у такія брудныя справы ніколі не спрабавалі ўцягваць.

    Палкоўнік-кадэбіст сказаў: «Вы пісалі чыстую праўду, я гэта ведаю. І мне вас вельмі, вельмі шкада…»

    — У канцы дзевяностых вы стварылі незалежную газету «Бярозавы венік», якая праіснавала цэлых дзесяць гадоў. Для маленькага раёна гэта амаль неймаверна. Як удавалася?

    — Мы выдаваліся на ўласныя грошы і сваімі сіламі, на валанцёрскіх пачатках пасля асноўнай працы.

    Тры чалавекі: я, Сяржук Русецкі і яшчэ вельмі таленавіты юрыст, ужо нябожчык, Аляксандр Шавель, які раней працаваў у зямельным аддзеле райвыканкама. Ён пісаў цудоўныя гістарычныя нарысы пра Бярозаўшчыну.

    Я адказвала за гарадскія навіны, вострыя рэпартажы і расследаванні, а тэхнічная праца — вёрстка і друк на рызографе — ляжала на Сержуку.

    Спачатку наклад быў маленькі, потым Юрась Губарэвіч раздабыў больш сур’ёзнае абсталяванне, і мы друкавалі ўжо да дзвюх-трох тысяч асобнікаў на раён.

    Назва «Бярозавы венік» гаварыла сама за сябе: вырашылі бязлітасна вымятаць усялякі бруд, недахопы, самаўпраўства і карупцыю мясцовых уладаў.

    Разносіць сотні газет па паштовых скрынях пасля цяжкага працоўнага дня — каласальная фізічная праца. Таму выручалі ахвотныя, якія бачылі, што мы робім гэта дзеля праўды.

    — У такім невялікім раёне, напэўна, цяжка нешта схаваць?

    — Газету літаральна завальвалі фактамі і дакументамі! Кругом свае людзі, якія нам давяралі.

    Тады, дарэчы, і міліцыя была зусім іншай — звычайныя мясцовыя хлопцы, а не карнікі, як цяпер. Яны часта самі давалі нам эксклюзіўныя матэрыялы і службовыя дакументы, калі бачылі беззаконне і карупцыю сярод выканкамаўскага начальства ці дырэктарскага корпуса, але нічога не маглі зрабіць па службе, бо сістэма пакрывала сваіх.

    Напрыклад, апублікавалі матэрыял пра старшыню Бярозаўскага гарвыканкама. Калі расійскія вайскоўцы з’язджалі дадому, вызвалілася шмат кватэр. Іх павінны былі размяркоўваць сярод чаргоўцаў і шматдзетных, а «мэр», паводле нашых матэрыялаў, арганізаваў таемны гандаль з вялікай карысцю для сваёй кішэні.

    І гэта толькі адзін са шматлікіх эпізодаў. Мы ўсё расследавалі і апісалі.

    — І што — зляцеў са свайго цёплага месца?

    — Куды там… Суды па гэтай справе цягнуліся цэлых дзесяць гадоў! Дапамагала высокая падтрымка з Мінска, ажно з прэзідэнцкай адміністрацыі.

    Але дзякуючы нашым бязлітасным публікацыям яго ўсё ж такі перамясцілі з намесніка старшыні райвыканкама ў кіраўнікі гартопа.

    Казаць, што мы перамаглі, не скажаш, бо чыноўнік за такія грахі павінен быў сядзець у турме.

    — За такія публікацыі самой часта даводзілася адказваць у судах?

    — Ой, судзілі мяне пастаянна, прычым з самымі рознымі, часцей надуманымі, абвінавачаннямі!

    Аднойчы міліцыянты перадалі рэдакцыі інфармацыю: начальнік мясцовага аддзела КДБ падчас выбараў у дэпутаты набраў на мясакамбінаце скрынкі тушонкі і масла з хуткім заканчэннем тэрміну гэтай прадукцыі, завёз у вёску Міжлессе і раздаваў.

    «Змагаўся» за галасы — фактычна прамы подкуп. Вось такі дабрадзей з неліквідам.

    Райвыканкамаўцы раілі яму звярнуцца ў суд, але палкоўнік адмовіўся, хоць у рэдактара ўсё ж папрасіў прабачэння. Каб пазбегнуць закрыцця выдання, пайшлі насустрач.

    Але самае цікавае і паказальнае адбылося потым.

    Калі прыйшлося гэтаму кадэбісту з’язджаць назад на радзіму, у Казахстан, то на развітанне пазваніў: «Тамара Васілеўна, вы былі абсалютна правыя ва ўсіх сітуацыях. Пісалі чыстую праўду, і я гэта выдатна ведаю. Але мне па-чалавечы вельмі і вельмі вас шкада…»

    Ён разумеў сілу і мёртвую хватку сістэмы, у якой сам працаваў, і бачыў, што за праўду мяне чакае вельмі цяжкая доля. Яго словы ў выніку выйшлі прарочымі — рэпрэсіі толькі нарасталі.

    Напрыклад, у 2008 годзе за чарговыя публікацыі па судовым рашэнні прыйшлі апісваць маёмасць у кватэры.

    Тамара Шчапёткіна. Фота: БАЖ

    — А як бярозаўцы рэагавалі на тое паказальнае «марадзёрства»?

    — Суседзі і знаёмыя толькі даведаліся — адразу прыбеглі да мяне: «Тамара Васілеўна, давайце хуценька забярэм і разнясем па кватэрах вашыя тэхніку і рэчы, каб у хаце прыставам нічога не засталося апісваць!»

    Сапраўдная чалавечая салідарнасць.

    Не кінулі сам-насам з драпежнай уладай.

    Мяне абралі старастай нашага шматпавярховіка, і пакуль цягнула гэты цяжар на сабе, удавалася ў ЖКГ вырашаць процьму праблем.

    Цяпер, калі я з’ехала, жыхары пастаянна кажуць дачцэ: «Як жа шкада, што Тамары Васілеўны няма! Гэта ж няма мамы нашага дома — і ўсё стала значна, значна горш…»

    У жніўні я выйшла разам з бярозаўцамі. І гэта было нешта абсалютна неймавернае — да дрыжыкаў!

    — Адной з самых гучных вашых кампаній была барацьба супраць пестыцыднага завода. Як усё пачалося?

    — Гісторыя амаль дэтэктыўная.

    Прыватныя інвестары абсталявалі вытворчасць для выпуску высокатаксічных хімічных пестыцыдаў у старым закінутым будынку за кіламетр ад Бярозы. Прычым зрабілі ўсё цалкам таемна, без грамадскіх абмеркаванняў.

    Перад запускам вытворчасці запрасілі праваслаўнага бацюшку, каб паводле традыцыі ён асвяціў новае прадпрыемства.

    Пасля рытуалу святар пачаў разбірацца, што гэта за хімія, якую атруту плануюць тут выпускаць, – і ўрэшце проста жахнуўся. Ён прыехаў служыць да нас з‑пад Тулы, дзе было падобнае прадпрыемства, і сцвярджаў, што вакол яго назіралі страшны рост анкалагічных захворванняў.

    І тады адважны бацюшка наўпрост адправіў да мяне дзевяць актыўных вернікаў-парафіян. Прынеслі ў падарунак прыгожую іконку ад яго і перадалі наказ: «Тамара Васілеўна, трэба тэрмінова пачынаць адкрытае змаганне, інакш мы ўсе тут памром ад раку!»

    Я арганізавала маштабную інфармацыйную кампанію ў незалежнай прэсе, паралельна збіралі подпісы.

    Дзевяць тысяч чалавек выступілі супраць завода! Літаральна кожны трэці бярозавец, уключна з немаўлятамі.

    Неймаверны поспех для невялікага горада!

    — І гэтыя дзевяць тысяч подпісаў вы ўрэшце панеслі проста да Лукашэнкі?

    — Ён прыехаў у Бярозу наконт будаўніцтва лядовага палаца і пераводу дзяржаўнага прадпрыемства ў прыватныя рукі. Ахова і спецслужбы, канечне, адціскалі, але мы ўсё роўна прарваліся.

    Перад тэлекамерамі ён выкручваўся і вымушана паабяцаў: «Ой, ды там усяго пяцьдзясят працоўных месцаў… Калі сапраўды так шкодна для здароўя, запускаць не будзем!»

    Але завод адмяняць не збіраліся.

    Мы атрымлівалі інфармацыю, што сцёкі з вытворчасці ішлі ў гарадскую каналізацыю без належнай папярэдняй ачысткі і нейтралізацыі. На берагах Ясельды пачалі знаходзіць шмат мёртвай рыбы.

    Нас сталі шалёна зневажаць у раёнцы. Мяне назвалі «польскай шпіёнкай», якая хоча разбурыць эканоміку раёна.

    Тады запрасілі ў Бярозу вядомага навукоўца Івана Нікітчанку. У маёй кватэры прафесар паставіў спектраметрычнае абсталяванне для вымярэння назапашаных радыенуклідаў у арганізме.

    За дзень абследаванне прайшлі пяцьдзясят чалавек, чарга стаяла. Пазней удалося праверыць яшчэ і вучняў у трох бярозаўскіх школах. Вынік катастрафічны: здаровым аказалася толькі адно дзіця. І ў такой сітуацый запусціць яшчэ шкоднае прадпрыемства?! Улады праз сілу пагадзіліся на грамадскія слуханні.

    Толькі на іх шмат каго надурылі адміністрацыйнымі маніпуляцыямі. Напрыклад, загадчыца РАНА ці не калонай прывяла ў залу вучняў адзінаццатага класа будаўнічай вучэльні — маўляў, атрымаюць там працу. Кіраўніцтва бальніцы пад пагрозай звальнення загнала медработнікаў, якія мусілі пацвярджаць, што небяспекі няма.

    На галасаванні нязгодных з праектам проста змялі гэтым адміністрацыйным рэсурсам.

    У выніку змаглі заблакаваць запуск і працу пестыцыднага завода толькі на восем месяцаў.

    Але шмат хто ў выніку гэтай гісторыі пераканаўся ў нясмеласці і бяздушнасці вертыкалі, ігнараванні ёй патрэбаў жыхароў.

    — Бярозаўскі раён меў рэпутацыю «асінага гнязда» апазіцыі. У жніўні 2020-га гэтае асяроддзе зноў праявілася?

    — 9 жніўня, у дзень выбараў, я працавала незалежнай назіральніцай. Знаёмы міліцыянер на вуха папярэдзіў: «Вам лепш сысці дадому: прыйшоў загад тэрмінова затрымаць».

    Так і пазбегла першай хвалі арыштаў.

    Але дзясятага жніўня я выйшла разам з бярозаўцамі.

    І гэта было нешта абсалютна неймавернае — да дрыжыкаў!

    На галоўную плошчу Бярозы прывезлі цэлыя аўтобусы баранавіцкага АМАПа. А супраць іх стаяла велізарнае, бязмежнае мора нашых людзей, якія скандавалі на ўсю плошчу:

    — Мы не галасавалі за Лукашэнку!

    — Вярніце нашы галасы!

    — Мы выйшлі за праўду!

    Перамовы і супрацьстаянне ішлі каля гадзіны.

    Пасля амапаўцы пайшлі на штурм: кідалі слезацечныя гранаты, стралялі гумавымі кулямі, з усёй сілы білі людзей дубінкамі.

    Раніцай 11-га было страшна глядзець на плошчу — камунальныя службы змывалі вадой кроў з асфальту на плошчы і вуліцах…

    Колькі пакалечаных!

    Суд у Бярозе накіраваў справу журналісткі Тамары Шчапёткінай на дапрацоўку

    Тамара Шчапёткіна

    — А што здарылася з вамі?

    — Я занялася арганізацыяй дапамогі арыштаваным і іхным сем’ям.

    Мясцовыя прадпрымальнікі пачалі везці дапамогу тонамі — ваду ўпакоўкамі, каўбасу скрынкамі, хлеб мяхамі… Усё гэта ляжала гарой на міліцэйскім ганку.  Патрабавалася скласці спісы, талкова размеркаваць…

    Мой сын таксама тады сядзеў за кратамі.

    І калі ўрэшце я адышла літаральна на пяць крокаў ад РАУСа, ззаду накінуліся трое ў цывільным: вырвалі з рук сумачку, дыктафон, волакам пацягнулі ў будынак…

    Людзі вакол адразу прыціхлі ад жаху.

    У разлічаную ўсяго на двух чалавек камеру набілі васьмярых. Дыхаць няма чым, жудасная духата і спякота.

    Ціск зашкаліў за дзвесце. Лекары катэгарычна заявілі міліцыянерам:

    — Яе трэба тэрмінова шпіталізаваць, інакш інсульт!

    Гэта і выратавала ад ізалятара.

    Ляжу ў палаце пад кропельніцамі, а тэлефон літаральна разрываецца, гарачы стаў!

    Справа ў тым, што «Вясна» апублікавала мой нумар як кантактны для пошуку зніклых. І бясконца, з усёй Беларусі:

    • «Мой сын знік падчас пратэстаў у Мінску!»
    • «Мой муж не выходзіць на сувязь у Брэсце!»
    • «Назавіце спісы Бярозы!»
    • «Дапамажыце!»

    Балелі вушы ад тэлефона: не адкладала слухаўку ні на хвіліну — прымала дадзеныя, супакойвала, каардынавала валанцёраў, накіроўвала, куды трэба звяртацца ў іншых гарадах.

    Плюс да гэтага запісвала сведчанні пабітых АМАПам хлопцаў, якіх прывозілі з траўмамі ў тую ж бальніцу з ізалятараў.

    Гэта былі вельмі цяжкія, чорныя дні.

    Але яны паказалі неймаверную сілу нашай салідарнасці і тое, што беларусы — цудоўны народ.

    Арганізатары прэміі «Голас пакалення свабоды»: Беларускі ПЭН у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага. Праект фінансаваны з дзяржаўнага бюджэту ў рамках польскага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.