• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Закрылася газета «Вячэрні Магілёў»

    На развітанне ў выданні загаварылі пра свабоду слова.

    Закрылася газета «Вячэрні Магілёў»

    Былая галоўная рэдактарка «Вечернего Могилева» Надзея Леўчанка. Фота: сайт «Маяк Прыдняпроўя»

    Галоўная рэдактарка выдання «Вечерний Могилев» Надзея Леўчанка паведаміла, што гэта газета больш выходзіць не будзе: 

    «Сёння наша выданне не выйшла — дырэктар Магілёўскай абласной друкарні адмовіўся надрукаваць «Вячорку». Фармальная прычына — нязначная запазычанасць перад прадпрыемствам».

    Мікалай Леўчанка, відаць, нейкі сваяк рэдактаркі, адгукнуўся на гэтую навіну вершам уласнага вырабу, які пачынаецца з наступных слоў:

    «Говорим о свободе слова,
    И включаем зеленый свет,
    Но «Вечернего Могилева»
    К сожалению, с нами нет».

    Пры гэтым, па іроніі лёсу, калі ў выдання ўсё было добра, то пра свабоду слова яно не надта рупілася, прынамсі пры рэдактарстве Надзеі Леўчанкі.

    Газета «Вечерний Могилёв» — адкрытае акцыянернае таварыства. Газета выдаецца з 1992 года. Яе заснаваў вядомы ў горадзе журналіст і паспяховы медыяменеджар Аляксандр Санчук. Гэта быў час, калі паўстала незалежная Беларусь, а ў Магілёве гарвыканкам узначальваў прыхільнік дэмакратычных пераўтварэнняў Сяргей Габрусеў. Мясцовы медыйны рынак быў насычаны газетамі, па якія стаялі чэргі.

    «Вечерний Могилёв» быў «канкурэнтназдатным сімпатычным выданнем», згадвае яго колішні, але ўжо былы чытач. Ён кажа, што такой газета заставалася прыкладна да 2013 года, а затым нешта адбылося і яе нібы падмянілі.

    У журналісцкім асяроддзі кажуць, што гэта стала вынікам супрацоўніцтва рэдакцыі з расійскімі арганізацыямі, якія сталі разрастацца пасля пратэсту 2010 году. У выніку «Вечерний Могилёв» ператварыўся ў чарнасоценную газету з абсалютным ігнараваннем нормаў журналісцкай этыкі.

    Усебеларускую славу газеце прынеслі гамафобныя і антысеміцкія артыкулы. Яны сталі традыцыйнымі для «Вечернего Могилёва» пры рэдактарстве Надзеі Леўчанкі, і іх год ад году большала.

    Праўда, у нейкі момант газета стала занадта адыёзнай нават для лукашэнкаўскага рэжыму. У канцы 2010‑х гадоў дзяржаўныя органы сталі знаходзіць у яе матэрыялах экстрэмізм, выданне пачала прайграваць суды. Не вярнуліся залатыя часы нават пасля 2020 года. У красавіку 2023 года з’явілася інфармацыя пра тое, што Надзея Леўчанка пакідае пасаду галоўнай рэдактаркі і ідзе на пенсію, хоць застаецца заснавальніцай выдання і працягвае працаваць у ім. Абавязкі галоўнага рэдактара тады стала выконваць Ала Ісмагілава. Але, як выглядае, па нейкіх прычынах гэтыя планы да канца даведзеныя не былі і Леўчанка ў пэўны момант вярнулася на галоўную пасаду. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці