Зняволенаму журналісту Дзянісу Івашыну больш за 10 месяцаў не дазваляюць тэлефанаванні, месяц ад яго не было лістоў
6 кастрычніка родныя атрымалі ад журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына доўгачаканыя паштоўкі — першыя за больш як месяц без зваротнай сувязі. Перапіска акрамя як з блізкімі сваякамі наогул забароненая.

Дзяніс Івашын падчас суда
Ні паштовак, ні лістоў ад Дзяніса Івашына не было 32 дні. Адсутнасць камунікакацыі Вольга Івашына, жонка зняволенага журналіста, тлумачыць тым, што Дзяніса трымаюць у штрафным ізалятары (ШІЗА).
На яе меркаванне, з 1 кастрычніка ён ужо перамешчаны ў звычайную камеру. Але прынамсі да канца чэрвеня наступнага года яго будуць трымаць у жодзінскай турме ва ўмовах строгага рэжыму, распавяла Вольга Івашына.
Журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні ўжо 4 з паловай гады — з 12 сакавіка 2021 года. Супрацоўнікі КДБ прыйшлі па яго на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв’ю незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».
14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў журналіста вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці). Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з папраўчай калоніі № 15, куды яго накіравалі першапачаткова, на строгі турэмны рэжым. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме № 8 горада Жодзіна.
Да арышту Дзяніс Івашын працаваў карэспандэнтам незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час». Вядомы сваімі расследаваннямі: пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў мемарыяльным урочышчы Курапаты пад Мінскам. Яго апошніартыкулбыў прысвечаныэкс-супрацоўнікам украінскага «Беркута» ў беларускіх сілавых структурах.
У 2014 годзе Івашын быў актыўным удзельнікам Рэвалюцыі Годнасці ў Кіеве, затым далучыўся да міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm як OSINT-даследнік і перакладчык, пазней стаў галоўным рэдактарам беларускамоўнай версіі рэсурсу.
