Заснавальніца беларускага анлайн-часопіса «Имена» абвесціла пра перазапуск праекта. Цяпер — у Казахстане
7 кастрычніка беларуская журналістка Кацярына Сінюк абвесціла пра перазапуск свайго медыяпраекта «Имена». Цяпер ён будзе выходзіць у Казахстане. YouTube-канал IMENA Qazaqstan будзе, як і яго беларускі папярэднік, распавядаць аб дабрачыннасці: аб моцных сацыяльных праектах, людзях, якія іх ствараюць, і рашэннях, якія сапраўды працуюць.

Кацярына Сінюк. Фота: з уласнай старонкі ў Facebook
Як паведамляе заснавальніца, першы сезон праекта ўжо зняты, выпускі будуць выходзіць гэтай восенню.
«І пачынаем, вядома, з гісторый і праектаў. Тых самых, па якіх я страшна засумавала. У іх — чалавечая роспач і надзея на лепшае. Сапраўдная гераічнасць сярод зусім звычайных будняў. Сапраўдныя цуды, аўтарамі якіх становяцца неабыякавыя людзі. І магчымасць дапамагчы гэтым праектам напрамую — стаць часткай таго, каб дабра станавілася больш.
Сёння, калі вакол так шмат вар’яцтва і жорсткасці, мне здаецца асабліва важным вярнуць сабе адно простае адчуванне: я ўсё яшчэ магу на нешта ўплываць», — піша пра IMENA Qazaqstan Кацярына Сінюк.
Першы выпуск распавядзе пра дзяцей, якіх 20 гадоў таму казахстанскія лекары паміж сабой называлі «смяротнікамі». Нованароджаныя з цяжкімі заганамі сэрца.
«Да года не дажывалі 80 працэнтаў з іх. Бацькі шукалі дзясяткі тысяч долараў, каб паспець вывезці дзіця на аперацыю за мяжу. А потым у гэтую гісторыю ўмяшаліся людзі, якія вырашылі: дзяцей нельга бясконца адпраўляць лячыцца ў іншыя краіны — трэба зрабіць так, каб іх маглі ратаваць тут.
За 20 гадоў намаганнямі таварыства, дабрачыннага фонду, урачоў і дзяржавы дзіцячая кардыяхірургія ў Казахстане змянілася радыкальна. Сёння казахстанскія ўрачы аперуюць нованароджаных, якіх некалі лічылі практычна безнадзейнымі. Але далей — новыя выклікі, і каб з імі справіцца, фонду патрэбна падтрымка», — дзеліцца падрабязнасцямі відэа заснавальніца.
Анлайн-часопіс «Имена» быў створаны 11 красавіка 2016 года беларускай журналісткай Кацярынай Сінюк, якая да гэтага працавала на незалежным беларускім партале TUT. BY. На яго старонках распавядалі пра ўразлівыя групы насельніцтва і сацыяльныя праекты. Хутка «Имена» ператварыліся ў краўдфандынгавуюй пляцоўку.
У 2016‑м часопіс сабраў на краўдфандынгу рэкордную суму ў 21 000 $, стаўшы першым незалежным выданнем у Беларусі, якое поўнасцю фінансуецца чытачамі. Пасля фінансаванне пашырылася за кошт краўдфандынгу ад фізічных асоб і бізнесу.
14 ліпеня 2021 года ў офісе «Имена», а таксама дома ў заснавальніцы Кацярыны Сінюк і выканаўчага дырэктара платформы Кацярыны Сяргеевай прайшлі ператрусы. 22 ліпеня 2021 года стала вядома, што Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб ліквідацыі дабрачыннай платформы ў пазасудовым парадку — за «нестатутную дзейнасць».
«За 5 гадоў працы «Имена» ў Беларусі мы падтрымалі дзясяткі сацыяльных праектаў. Праз іх дапамогу атрымалі каля 50 тысяч чалавек. І паступова я зразумела, што самае каштоўнае, што мы тады пабудавалі, — не проста платформу для збору ахвяраванняў, а інфраструктуру даверу. Мы злучалі тых, хто жадае дапамагчы, з моцнымі праектамі, дапамагалі гэтым праектам расці і паказвалі вынік», — узгадвае спадарыня Сінюк.
@bajmedia