• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Наша будучыня»: пра што пісалі ў беларускай газеце больш за сто гадоў таму?

    Скаргі на палякаў і прыгнёт беларушчыны, неразуменне Язэпа Драздовіча і заклікі да змагання за незалежнасць… Усё гэта змяшчалася ў газеце «Наша будучыня», якая выходзіла крыху больш за месяц у 1922 годзе. На яе старонках друкаваліся знакавыя беларускія пісьменнікі, але, як і большасць беларускіх газет міжваеннага часу ў Польшчы, гэта не перашкодзіла польскім уладам ліквідаваць газету.

    PALATNO расказвае, пра што пісалі ў газеце «Наша будучыня».

    пра што пісала газета «Наша будучыня»

    Газета беларускіх эсераў

    «Наша будучыня» (на старонках выдання — «Наша будучына») была газета Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Рэдактарам быў А. Амельяновіч, а рэдактарам-выдаўцом Л. Родзевіч.

    Газета каштавала 150 польскіх марак, можна было падпісацца на месяц за 600 польскіх марак. З выхадам новых нумароў кошты на іх будуць змяняцца.

    Усяго выйшла дзевяць нумароў, два былі канфіскаваныя. Газета пачала выходзіць 8 снежня 1922 года, а была зачыненая 14 студзеня 1923 года, то бок праіснавала крыху больш за месяц. У сярэдзіне студзеня 1923 года была забаронена польскімі ўладамі. Выдавалася ў Вільні.

    У першым нумары выдання выйшаў праграмны артыкул пра будучыню беларускага народа. У ёй апісвалася тое, што адбывалася з беларускім народам: разбіты, падзелены межамі. Аднак калектыў газеты быў упэўнены ў тым, што «жывы народ не ўмірае, калі жыве яго мова». У артыкуле адзначаецца, што беларускі народ павінен штодзённа змагацца за нацыянальны быт, з чужым нацыянальным уплывам, за свае правы і закон.

    У пазнейшых нумарах адзначалася, што беларусы могуць змагацца за лепшае жыццё ў межах Польшчы. Асвятлялася дзейнасць Беларускага пасольскага клуба, акалічнасці яго спраў у Сейме.

    Як 100 гадоў таму ў Літве выдавалі беларускамоўную газету «Пагоня»

    Як жыве беларускі народ? Скаргі, аб’явы і спісы зняволеных

    У кожным нумары «Нашай будучыні» была асобная рубрыка пра беларускае жыццё. У ёй расказвалі, што адбываецца з беларускай адукацыяй, што здарылася ў асобных гарадах, мястэчках і вёсках.

    Шмат скаргаў тычылася беларускай адукацыі, а менавіта забароне ад мясцовых польскіх улад адчыняць беларускія школы. Напрыклад, школьны інспектар у Дзісненьскім павеце забараняў адчыняць не польскія школы, а калі мясцовыя жыхары адважацца і зробяць гэта, то будуць строга пакараныя. Часамі беларускія дзеці не хадзілі да польскіх школ, бо «не разумелі настаўнікаў-палякаў».

    Скардзіліся нават з‑за беларускай мовы. У Параф’янаве адмовіліся прыняць заказны ліст, бо назва газеты на ім была напісана па-беларуску. Амаль падобнае адбылося ў Даўгінаве, дзе кіраўнік пошты не прыняў падпіску на беларускую газету, бо селянін адмовіўся выпісваць яшчэ польскую газету.

    Асобным раздзелам у скаргах былі нататкі пра польскіх асаднікаў. З Міра скардзіліся на п’яных асаднікаў, якія збілі селяніна, што адмовіўся саступаць ім дарогу. З мястэчка Турцы на Наваградчыне асаднік збіў селяніна, які купіў барана, якога раней хацеў купіць той асаднік.

    «Які шрыфт?» З нашаніўскай эпапеі пра «лацініку» і «гражданку»

    Драздовіча не разумелі, мітрапаліт загадаў карыстацца беларускай мовай, творы беларускіх пісьменнікаў

    У другім нумары «Нашай будучыні» выйшла нататка пра малюнкі Язэпа Драздовіча. Аўтар, ён падпісаны як Вілянец, адзначае цудоўнае партрэтнае мастацтва, але іншыя творы зрабілі зусім іншае ўражанне: «Што да другіх малюнкаў робленых хварбамі, дык іх не зразумееш без тлумачэння аўтара. Вельмі ўжо заплутаная сымволіка, шмат наіўнага, хворага і чужога для нашага духа».

    Дзякуючы намаганням беларусаў, мітрапаліт варшаўскі Юрый загадаў у беларускіх парафіях праваслаўнай царквы карыстацца беларускай мовай. У сваім загадзе Юрый адзначаў, што пры набажэнствах на роднай мове не павінна рабіцца ніякіх перашкод.

    У кожным нумары «Нашай будучыні» былі надрукаваныя творы беларускіх пісьменнікаў. На старонках выданняў з’яўляліся Максім ГарэцкіЯкуб КоласУладзімір ДубоўкаУладзімір ЖылкаМіхал Запольскі і Леапольд Родзевіч.

    Кароткая гісторыя беларускай журналістыкі: адраджэнне, вынішчэнне і выгнанне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці