Тбіліскі гарадскі суд скасаваў адмову беларускай журналістцы ў прытулку
Тбіліскі гарадскі суд скасаваў рашэнне аб адмове ў наданні палітычнага прытулку беларускай журналістцы і абавязаў Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі паўторна разгледзець яе заяву. Пра гэта паведаміў «Позірку» праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі.

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі
Фота: Раман Кісляк
Паводле яго слоў, журналістка прасіла даць ёй прытулак, таму можна лічыць, что яе скарга задаволеная часткова.
Кісляк адзначыў, што імя беларускі не называе з меркаванняў бяспекі, толькі тое, што яна сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Як паведаміў праваабаронца, падчас суда прадстаўнік дэпартамента спасылаўся на тое, што нібыта не можа адкрыць сайты Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства інфармацыі Беларусі, таму не ў стане пацвердзіць, што тыя ці іншыя арганізацыі з’яўляюцца “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”.
Кісляк лічыць, што дэпартамент будзе абскарджваць рашэнне гарадскога суда ў Апеляцыйным судзе.
Амаль дэтэктыўная гісторыя. Як гукарэжысёр без пашпарта трапіў з Грузіі ў Польшчу
Грузінскія ўлады не задаволілі ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі аб наданні прытулку. Найбольш вядомы кейс у Кісляка, які ў ліпені 2025 года беспаспяхова завяршыў праходжанне ўсіх унутраных працэдур абскарджання адмовы на прытулак. На адной са стадый яго заяву, таксама як і зараз заяву журналісткі, тбіліскі суд накіраваў на новы разгляд, аднак Апеляцыйны суд задаволіў скаргу дэпартамента.
У Кісляка скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта (яго немагчыма замяніць за мяжой пасля забароннага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года). На працягу 30 дзён праваабаронца павінен быў пакінуць краіну, але ў жніўні Камітэт ААН па правах чалавека распачаў вытворчасць на падставе скаргі Кісляка супраць Грузіі і запатрабаваў не высылаць яго ў краіну паходжання.
@bajmedia