
Іна Кардаш. Фота: яе старонка ў Facebook
Беларуская журналістка Іна Кардаш, затрыманая ў Кіеве сёлета ў студзені паводле падазрэньня ў шпіянажы, будзе заставацца ў сьледчым ізалятары сама меней да 4 сьнежня.
Яе справа па-ранейшаму знаходзіцца ў Пячэрскім раённым судзе Кіева, і прызначаны на разгляд судзьдзя не зьмяніўся: гэта Алег Салаўёў, які ў Пячэрскім судзе Кіева, дзе звычайна разглядаюць гучныя палітычныя справы, працуе з 2025 году. Да гэтага ён працаваў у Дзясьнянскім раённым судзе Кіева, а перад тым — у Кастрычніцкім раённым судзе Марыюпалю. Пасьля акупацыі горада расейскімі войскамі яго камандзіравалі ў Кіеў.
Як стала вядома Свабодзе, пасяджэньне суда перанесьлі ўжо ў другі раз — 21 верасьня яно не адбылася праз адсутнасьць судзьдзі, які нібыта ў той дзень знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы, а 14 кастрычніка — яго перанесьлі, імаверна, празь вельмі моцны абстрэл Кіева.
Неўзабаве назавуць новую дату судовага пасяджэньня. Вядома, што прынамсі разгляд абвінаваўчага акту будзе адбывацца ў адкрытым рэжыме.
Муж Кардаш абвінаваціў у бязьдзейнасьці сьледчага ў справе Кардаш
Вядома, што ў жніўні суд абавязаў сьледчага ў справе Іны Кардаш вярнуць яе мужу 2 150 даляраў, сканфіскаваных падчас вобшуку.
Перад гэтым яе муж, добраахвотнік, які служыць у штурмавым падразьдзеле, прынёс у суд квітанцыі з апэрацыяў выдачы ў банкамаце грошай зь яго банкаўскай карткі. На гэтай падставе, нягледзячы на пратэст сьледчага ў справе, суд прызнаў, што грошы належаць мужу Кардаш і пастанавіў скасаваць іх арышт.
Аднак сьледчы СБУ, нягледзячы ўжо на сама меней два судовыя рашэньні ў гэтым пытаньні, грошы не вярнуў. У выніку муж Кардаш паскардзіўся ў суд на бязьдзейнасьць сьледчага. Вынікі разгляду гэтай скаргі пакуль невядомыя.
Што папярэднічала
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».
20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш, каб забясьпечыць вядзеньне крымінальнай справы.
Расьсьледаваньне справы мела закончыцца 20 чэрвеня.
У пачатку траўня кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка паведаміў, што Менск зьвяртаўся да Кіева наконт абмену Іны Кардаш.
«Такі сыгнал быў, але, акрамя размоваў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапановаў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі зьявяцца практычныя прапановы, мы іх разгледзім», — сказаў Багдан Ахрыменка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».