• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Сякера, крызіс і рост насуперак усяму». Медыяменеджары — пра 2025-ты, які праверыў на ўстойлівасць

    2025-ты год, які амаль ад пачатку стаў годам выпрабаванняў, часам вельмі нечаканых, для медыя і НДА, сыходзіць. Медыяменеджары незалежных СМІ ападзяліліся з БАЖ ацэнкамі года, цяжкасцямі ды поспехамі.

    «Сякера, крызіс і рост насуперак усяму». Медыяменеджары — пра 2025-ты, які праверыў на ўстойлівасць

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    Крызіс — звычайны стан для медыя сёння, але супрацьстаім

    Галоўная рэдактарка «Зялёнага партала» Яніна Мельнікава адказвае на пытанне пра «сякеру скарачэнняў», якая навісла над беларускімі СМІ пасля нечаканай адмовы новай адміністрацыі ЗША ад фінансавання фондамі незалежных медыя і НДА па ўсім свеце.

    — Cякера — гэта наш звычайны стан.

    Жартую, канешне, але мы ж добра ведаем, што быць беларускім незалежным медыя, ды яшчэ і ў выгнанні, — гэта зусім не мёд. І пра ўстойлівасць усім застаецца толькі марыць. Таму мы, вядома, як і ўсе трохі «здзівіліся» тым працэсам, якія запусціла адміністрацыя Трампа на пачатку года, але не тое, каб зусім не былі гатовыя да чарговых выклікаў, — кажа Яніна Мельнікава.

    Кіраўніца зазначае, што рэдакцыі пашанцавала, бо на момант спынення падтрымкі яны і не мелі яе з боку амерыканскіх фондаў.

    Форум вольнай журналістыкі

    Яніна Мельнікава. Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследаваных журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    — Але адразу адчулі, як узрастае канкурэнцыя за іншыя рэсурсы. Тым больш, што абіраючы паміж падтрымкай грамадска-палітычных медыя і нішавых экалагічных, выбар быў не на нашу карысць. Але перажылі. Трохі скарацілі прадакшн, трохі дыверсіфікавалі падтрымку, шукаючы яйкі ў іншых кошыках. Зразумелі, што гатовыя рабіць невялікія праекты за невялікія грошы, бо без іх нічога не атрымаецца.

    Галоўнае, падкрэслівае Яніна Мельнікава, захавалі каманду амаль у поўным складзе:

    — Так, частка людзей выгарала, але гэта такі працэс, які адбываецца штогод, асабліва ў тых умовах, у якіх мы апынуліся.

    Мы спрабуем даць людзям магчымасць не бегчы па замкнёным коле, адпачываць, калі ёсць патрэба, каб набрацца сіл і вярнуцца да працы.

    Між тым сёлета «Зялёны партал» упершыню ўручаў «Зялёную прэмію»:

    — Гэта не тое, каб толькі ўзнагарода нашага партала, яе фундатары — «Зялёная сетка». Але мы былі аднымі з ініцыятараў стварэння такой прэміі. Нам падаецца важным не проста самім пісаць пра тое, што адбываецца з экалагічнымі правамі беларусаў і як беларуская дзяржава ставіцца да навакольнага асяроддзя, але і каб іншыя медыя звярталі ўвагу на гэтыя праблемы, — зазначае галоўная рэдактарка «Зялёнага партала». — Бо мы можам казаць, што існуюць больш важныя тэмы, чым змена клімату ці вырубка беларускіх лясоў, але гэта не спыніць ані хвалі спёкі, ад якой паміраюць беларусы, ані ўраганных вятроў, ад якіх церпяць дрэвы, ані жадання беларускіх уладаў зрабіць з нашай краіны ядзерную дзяржаву».

    Зялёная сетка

    Тут, на думку Яніны Мельнікавай, патрэбная ўвага ўсіх журналістаў — ад буйных медыя да лакальных выданняў:

    — Патрэбнае штодзённае інфармаванне беларусаў пра тое, што ад прынятых сёння рэжымам рашэнняў залежыць будучыня нашых дзяцей і ўнукаў. Што гэта не проста нейкі «завод з працоўнымі месцамі», але выкіды шкодных рэчываў з гэтага завода, якія забіваюць. Што гэта не проста «добраўпарадкаванне» і «плітачка па ўсім горадзе», а катастрафічная негатовасць да хваль спёкі і моцных ападкаў.

    Карацей, гэтая «Зялёная прэмія» — магчымасць падзякаваць нашым калегам з іншых медыя, якія звяртаюць увагу на экалагічныя правы беларусаў.

    Нядаўна «Зялёны партал» аб’явіў пра пашырэнне каманды. Галоўна рэдактарка тлумачыць:

    — У нас вялікія планы і шмат спадзеваў на наступны год. Бо апошнім часам мы жылі ў рэжыме «захавацца», каб проста быць і працягваць размаўляць са сваёй аўдыторыяй у Беларусі і за яе межамі. Зараз жа мы хочам пашырыць гэтую аўдыторыю, звяртаць больш увагі на маладых людзей, якія растуць у краіне і якім важна, што яны п’юць, што ядуць, чым дыхаюць.

    Улетку дзякуючы невялікаму праекту рэдакцыя паразмаўляла са сваёй аўдыторыяй пра тое, што для яе важна, высветліла іх патрэбы і цікаўнасці.

    — І на аснове гэтага даследавання змаглі выбудаваць стратэгію свайго развіцця, у якім будзе больш відэакантэнту, больш падкастаў, больш эксплэйнераў. У якім з’явяцца новыя пляцоўкі камунікацыі з нашай патэнцыйнай аўдыторыяй. Для гэтага мы пашыраем каманду, набіраем новых людзей, распрацоўваем кантэнт-планы і спадзяемся, што ўсё гэта спрацуе, — акрэслівае Мельнікава.

    Рэкорд па ўзнагародах і кожны месяц — як апошні

    Заснавальнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслаў Івашкевіч зазначае, што «для БРЦ крызіс, які распачаўся на пачатку 2025-га, не скончаны».

    «Кожны новы месяц працы мы ўспрымаем як, магчыма, апошні для нас. І таму трэба паспець зрабіць за яго як мага больш», — кажа расследавальнік.

    Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру ўручылі прэмію Free Media Award

    Стась Івашкевіч прымае прэмію Free Media Award. 6 лістапада 2025 года. Фота: БРЦ

    Такая ўстаноўка на працу, паводле Станіслава Івашкевіча, дала даволі нечаканыя вынікі:

    «Мы атрымалі рэкордную колькасць узнагарод — дзесяць. Сем з іх — міжнародныя. Дзве прэміі за «Лепшае журналісцкае расследаванне» на конкурсе БАЖ «Вольнае слова», міжнародная прэмія Free Media Awards, «Зялёную прэмію» і іншыя».

    «І сапраўды ёсць чым ганарыцца. Упершыню ўдалося адсачыць шлях скрадзеных грошай з «Гродна-Азот» да шале Аляксандра Лукашэнкі. І выглядае на тое, што гэта самае дарагое шале ў свеце. Расследавалі самую складаную і доўгую схему абыходу санкцый у інтарэсах расійскага ВПК. Шэсць юрысдыкцый удалося нам адсачыць і даказаць. Ганарымся і расследаваннем схемы адмыву грошай міжнароднай злачыннай групоўкай праз мінскае казіно. Прыемна бачыць і рэальныя наступствы нашай працы, калі сёлета расследаванне абыходу санкцый беларускімі ўгнаеннямі прывяло да закрыцця дзірак краінамі-суседкамі», — сказаў спадар Івашкевіч.

    Пры гэтым, «на жаль, наш калектыў скараціўся з вядомых прычын, утрымаць планку дасягнутага ў наступным годзе будзе больш складана». «Будзем працягваць у такім рэжыме — старацца зрабіць як мага больш пры тым, што маем», — падкрэсліў заснавальнік БРЦ.

    Перазапуск і рост

    Аліна Коўшык, галоўная рэдактарка тэлеканала «Белсат», кажа, што ў 2025 годзе вымушана давялося перафарматаваць працу з нагоды структурных змен на ТБ.

    «Прыйшлося і дапасавацца да новага бюджэту, які быў значна меншы за бюджэт папярэдняга года. Хачу сказаць, што дзякуючы вельмі зладжанай і дысцыплінаванай працы каманды ў нас атрымалася выйсці з гэтага года з плюсам, што да выканання сваіх асноўных запланаваных задач, — распавяла БАЖ Аліна Коўшык. — Мы па-ранейшаму, як і ўсе беларускія незалежныя медыя, працавалі ва ўмовах рэпрэсій, ціску, складанай палітычнай сітуацыі, адарванасці ад дому, памяншэння бюджэту.

    Таму, мяркую, за гэты год мы можам сябе пахваліць. Мы згуртаваліся, выйшлі на пэўны новы ўзровень. Мы павялічылі колькасць жывога эфіру, мы стваралі новыя праекты. Галоўнае, нягледзячы на ўсе абставіны, тэлебачанне развівалася. Да нас прыходзілі новыя твары, з’явіліся новыя зоркі і новыя гледачы.

    Аліна Коўшык

    Аліна Коўшык. Фота: «Наша Ніва»

    Так што дзякуючы нашай зладжанай адданай працы, часта ў пазапрацоўныя гадзіны — журналістыка ж не робіцца ў офісах ад 9‑й да 16‑й, мы можам азірнуцца на сыходзячы год і сказаць, што мы сапраўды малайцы».

    Паводле Аліны Коўшык, запуск новага сайта тэлеканала ў верасні 2024 года быў стрэсам для ўсёй каманды:

    «20 тысяч сеансаў на месяц замест 240—260 тысяч да блакады. Прыйшлося фактычна пачаць з нуля. І за год мы выраслі да 1,59 мільёна праглядаў і павялічылі аўдыторыю ў 5 разоў. Адзначу, што 35% чытачоў вяртаюцца на нашую старонку. Трафік на сацыяльных сетках таксама стала расце — у суме 270 мільёнаў. Ад пачатку года — рост на 30% у распаўсюдзе нашай працы».

    «Мы маем 26 праграмных цыклаў, з іх 12 — новыя, — распавядае галоўная рэдактарка. — Але вылучыць нейкі… Ох, я люблю кожны наш праект. Кожны — гэта любімае дзіця. Асабліва адзначу развіццё праекта «Вусы Скарыны», які перарос у «Сармацкі вус». Ён стаў такім падарожным праектам, гістарычным блогам, з гумарам, але і з вялікай колькасцю ведаў пра супольную гісторыю Беларусі і Польшчы. І ў наступным годзе мы плануем працяг — толькі ўжо ў іншай краіне. Так што, сачыце за «Сармацкім вусам».

    На «Белсаце» — новыя «Вусы»: пра што распавядзе цыкл гістарычных перадачаў?

    Вокладка праграмы «Сармацкі вус». Калаж: «Белсат»

    Безумоўна, удаўся «наш эксперыментальны дакументальна-гістарычны фільм «1795», які быў створаны камандай разам з гісторыкам Цімохам Акудовічам».

    «На маю думку, таксама гэты кірунак будзем працягваць у наступным годзе. Выдатная праца — і рэжысёрская, і навуковая. Вельмі радая, што Цімох развіваецца зараз як наш галоўны гісторык, папулярызатар нашай гісторыі. На нашым тэлеканале мы ствараем усе ўмовы, каб ён мог працягваць гэта рабіць, а таксама шукаем новыя фарматы дзеля гэтага».

    З новых праектаў Аліна Коўшык адзначае спробу запусціць праграму пра здароўе — «Без рэцэпта з доктарам Белавешкіным»: «Гэта абсалютна новы для нас фармат, раней праграмы пра здароўе на «Белсаце» не было».

    Атрымалася серыя рэпартажных праграм «ВНЖ» — «пра крутых беларусаў у Еўропе»: «Мяркую, гэта тое, да чаго можна вяртацца. Гэта і пра нас, і пра розныя краіны, пра тое, як нас, беларусаў, успрымаюць за мяжой, як мы адаптуемся, што для нас важна, як застацца беларусам, нават калі ты жывеш у іншым атачэнні — нашы героі гэта выдатна паказваюць».

    «Ну і, канешне ж, не абміну вялікую прэм’еру, якая адбылася ў сакавіку. Гэта  — «Раніца з Белсатам», вялікі фармат, які могуць сабе дазволіць дарослыя, скажам так, тэлеканалы.

    На «Белсаце» стартавала ранішняе шоу з Дзянісам Дудзінскім і Кацярынай Раецкай

    Кацярына Раецкая і Дзяніс Дудзінскі ў эфіры «Белсата»

    «Белсат» да гэтай ранішняй перадачы ішоў даўно, але ўрэшце мы гэта здолелі зрабіць.

    Гэта праект, які ўвесь час развіваецца, які ўнёс трошкі лёгкасці, навізны, іншага падыходу, але пры гэтым не адыходзіць ад нашых галоўных каштоўнасцяў — гэта беларуская мова, культура, уся наша ідэнтычнасць, усё гэта зашыта ў праект. І зараз марка праекта становіцца ўсё больш распазнавальнай — і атрымліваем вельмі добры фідбэк з гэтай праграмы, што асабліва прыемна і кайфова.

    Шчыра кажучы, на тэлебачанні гэта рэдкасць, бо заўважаюць звычайна толькі мінусы. Але «Раніца з Белсатам» ёсць акурат адваротным выпадкам, вельмі шмат пазітыўнага фідбэку ад розных людзей, у тым ліку з розных куткоў Беларусі, увогуле, з розных куткоў свету, дзе ёсць зараз беларусы. Гэта вельмі каштоўна, таму будзем надалей развіваць «Раніцу з Белсатам», — зазначыла Аліна Коўшык.

    Яна нагадвае, што тэлеканал дасяжны для беларусаў праз спадарожнік — «гэта бяспечны шлях глядзець «Белсат», шлях, які не пакідае ніякіх лічбавых слядоў, які ў краіне не крыміналізаваны». «Таму ўсе людзі Беларусі, які маюць доступ да спадарожніка, могуць далучацца і абсалютна спакойна глядзець «Белсат». Гэта іншая сітуацыя, чым глядзець праз сацсеткі. Хаця, мяркую, беларусы ўжо настолькі спрактыкаваныя, што ведаюць, як бяспечна карыстацца беларускімі незалежнымі медыя. Але яшчэ раз заклікаю глядзець «Белсат» праз спадарожнік», — сказала Аліна Коўшык.

    Эмпатычная атмасфера vs балючая аптымізацыя 

    Рэдактарка анлайн-медыя «Салідарнасць» кажа, што, «як і для ўсіх беларускіх незалежных медыя, гэты год быў цяжкім, улічваючы ў тым ліку той крызіс, які здарыўся ўжо ў студзені». Паводле суразмоўніцы, рэдакцыі прыйшлося правесці некаторую аптымізацыю, «пры гэтым мы зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць калектыў».

    «Аптымізацыя» ў дадзеным выпадку — гэта ўдар, гэта выклік, гэта балюча. Бо магчымасці ў беларускіх медыя абмежаваныя, усё і так аптымізавана дашчэнту, а кожны чалавек у рэдакцыі — гэта ўніверсал, які выконвае далёка не адну функцыю, — зазначае прадстаўніца «Салідарнасці».

    — Больш за тое, для кожнага чалавека, які абраў гэты шлях, — працаваць у беларускім незалежным медыя — гэта ўзяцце на сябе рызык, гэта псіхалагічная нагрузка, гэта не праца, якая заканчваецца пасля заканчэння змены — а, часцяком, ненармаваны графік без магчымасці нармальна пераключыцца».

    Фота: «Салідарнасць»

    Паводле суразмоўніцы, рэдакцыя рабіла і працягне рабіць усё магчымае, «каб захаваць калектыў, каб стварыць цёплую атмасферу ўнутры каманды, зразумелы графік,  каб у людзей было больш магчымасцяў захоўваць баланс паміж працай і асабістым жыццём».

    «Бо менавіта калі ў калектыве прысутнічае эмпатыя, жаданне падставіць плячо, час не толькі на цякучку, але і на творчасць, ты можаш развівацца нават у крызісныя часы», — кажа рэдактарка.

    «Эмпатычная атмасфера ўнутры рэдакцыі, як нам падаецца, пазітыўна адбіваецца і на выніках. У гэтым годзе мы значна выраслі ў ахопах, прымножыўшы аўдыторыю ўнутры Беларусі. Гэта адбылося ў першую чаргу дзякуючы якасці і сувязі са сваёй аўдыторыяй. Разуменню таго, якой інфармацыі яна ад нас чакае для зверкі гадзіннікаў: для разумення сітуацыі ў Беларусі і ў свеце, для ўяўлення, якой стане наша краіна, будучы свабоднай, еўрапейскай, дэмакратычнай, — падкрэсліла прадстаўніца «Салідарнасці». — Выраслі паказчыкі і якасна. Гэта заўважна і па колькасці нашых перадруковак, і па зваротнай сувязі з аўдыторыяй, а таксама прызавых месцах на журналісцкіх прафесійных конкурсах, уключаючы перамогу ў інфармацыйным жанры ў «Вольным слове». А яшчэ мы зрабілі шмат важных і шчырых інтэрв’ю з самымі рознымі беларусамі, гісторыі якіх павінен пачуць свет і на якіх хочацца раўняцца. Мы стараліся зрабіць усё магчымае, каб зблізіць беларусаў і ўкраінцаў, паказаць апошнім, што беларусы – не ёсць рэжым».

    «Салідарнасць» сёлета «яшчэ больш шчыльна працавала (і будзем працаваць) з НКА, каб паказаць, з якімі праблемамі жывуць уразлівыя групы ў Беларусі, якія праблемы (улічваючы нацыянальную катастрофу, што ствараецца рэжымам Лукашэнкі) уласцівыя менавіта нашай краіне, наколькі важны краіне трэці сектар, які паўнавартасна працуе».

    А таксама выданне «цесна супрацоўнічалі (і будзем супрацоўнічаць) з незалежнымі прафсаюзамі»: «Мы жадаем паказаць, што такое сапраўдныя прафсаюзы ў нармальнай дзяржаве, наколькі важная іх роля ў жыцці працоўнага чалавека і што яны робяць значнага для Беларусі, нават знаходзячыся за межамі Радзімы».

    «І гэта толькі маленькая частка таго, што мы рабілі і працягнем рабіць. Мы б хацелі, каб тыя сэнсы, якія мы транслюем, чыталі, глядзелі і чулі як мага больш людзей у Беларусі і за межамі краіны. Каб разам перажываць, разважаць, шукаць выхады, думаць пра будучыню, рабіць усё магчымае, каб гэтая будучыня стала менш драматычнай», — сказала рэдактарка «Салідарнасці».

    Ад агрэгатара да вяшчальніка

    Аляксей Дзікавіцкі, галоўны менеджар стрымінгавай платформы Belarus Tomor­row, кажа што крызіс наўпрост не закрануў праект, «бо мы — агрэгатар, пакуль не вытворцы самастойнага прадукту».

    «Мы атрымліваем кантэнт ад нашых партнёраў. Вядома, тое, што з’яўляецца на экране Belarus Tomor­row залежыць ад якасці кантэнту і разнастайнасці партнёраў. Таму калі яны не могуць нешта зрабіць з той перыядычнасцю, якая планавалася, ці ўвогуле не могуць зрабіць з прычыны недахопу сродкаў на вытворчасць, то гэта, канешне, адбіваецца на нас, — зазначае Аляксей Дзікавіцкі. — Але нягледзячы на гэта па вялікім рахунку год быў для Belarus Tomor­row даволі паспяховым».

    Аляксей Дзікавіцкі

    Аляксей Дзікавіцкі. Фота: з уласнага архіва

    Па-першае, праект Belarus Tomor­row цягам года ў некалькі разоў павялічыў колькасць партнёраў — з шасці да 28 медыя.

    «Па-другое, на пачатку працы мы надавалі выключнае значэнне спадарожніку , а цяпер удалося запусціць ландзінг пэйдж — стрым нашага сігналу ў інтэрнэце. Можна зайсці на нашу старонку і глядзець нашыя перадачы, там ёсць расклад, апісанне перадач. Гэта, можа, і не відавочны шмат для каго поспех, але, паверце, няпростая ў рэалізацыі штука, тым больш з абмежаванай колькасцю фінансавых сродкаў, — распавёў Аляксей Дзікавіцкі. — І трэцяе тое, што пасля месяцаў чакання мы атрымалі афіцыйны статус вяшчальніка — канцэсію ад польскага рэгулятара. Мы сталі першым цалкам беларускім праектам, які атрымаў афіцыйную канцэсію на тэлевяшчанне».

    Што да аналізу глядацкай аўдыторыі, то, як кажа топ-менеджар платформы, пакуль гэта немагчыма зрабіць, «каб палічыць і прааналізаваць гледачоў, трэба вялікае сацыялагічнае даследаванне, няма ў вяшчанні такога лічыльніка, як на YouTube, напрыклад». «Зараз такога даследавання зрабіць мы не можам, на жаль, гэта трэба вялікія фінансы. Праз некаторы час зробім статыстыку па нашай старонцы, будзем больш-менш уяўляць», — сказаў Аляксей Дзікавіцкі.

    Што да планаў, то, кажа галоўны менеджар Belarus Tomor­row, праект, які ўжо мае статус тэлевяшчальніка, можа звяртацца да аператараў еўрапейскіх кабельных сетак, «гэтым будзем займацца, каб патрапіць у пакеты аператараў».

    Стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow

    Стрымінгавая платформа Belarus Tomor­row. Фота: «Еўрарадыё»

    Таксама плануецца распрацаваць прыкладанне для тэлевізараў, каб можна было глядзець нас праз прыкладанне, а «прыкладанні, як вядома, заблакаваць немагчыма».

    Будзе нададзеная ўвага і распрацоўцы графічнага афармлення Belarus Tomor­row, дызайн, джынглы, «шапкі» і г. д.

    «Будзем пашыраць колькасць партнёраў. Але і вельмі хочам распачаць стварэнне сваёй прадукцыі з тым, каб рабіць перадачы, якія не могуць рабіць нашы партнёры з розных прычын, не толькі фінансавых. Зразумела, ёсць тэмы, якія не даюць хуткіх і вялікіх ахопаў, праглядаў. Але праграмы на такія тэмы (я іх называю месійнымі) — гісторыя, мова, культура — найважнейшыя сёння. Праграмы, якія ўзмацняюць нацыянальную ідэнтычнасць. Спадзяюся, у новым годзе атрымаецца».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці