• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яўген Меркіс аднавіў сваё апошняе слова ў судзе

    Гомельскі журналіст і былы палітвязень Яўген Меркіс змог аднавіць сваё апошняе слова ў судзе ад 2023 года, дзе яму агучылі вырак па палітычна матываванай справе.

    Яўген Меркіс

    Яўген Меркіс са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    “За найлепшыя намеры і ўчынкі і проста праўдзівыя выказванні людзей затрымліваюць, збіваюць, садзяць у турмы і нават катуюць”

    “З самага дзяцінства мяне вучылі жыць сумленна, не красці, не рабіць нікому шкоды, не быць эгаістам, казаць праўду ды іншым добрым якасцям. І я імкнуўся жыць у праўдзе і з праўдай. Але, на вялікі жаль, цяпер у роднай Беларусі гэта стала надзвычай цяжка, а то і небяспечна. За найлепшыя намеры і ўчынкі і проста праўдзівыя выказванні людзей затрымліваюць, збіваюць, садзяць у турмы і нават катуюць. Усё стала да гары нагамі: тыя, хто хлусіць, маніць, здзекваецца з іншых, агаворвае іх і проста бяздумна выконвае злачынныя загады дабіваюцца высокіх пасадаў і ў пашане. Любы нязгодны з такім парадкам апыноўваецца за кратамі”, – заявіў у судзе Меркіс.

    Паводле яго, “самае страшнае ў гэтым – тое, што Беларусь стала тэрыторыяй усеагульнай безадказнасці”: “Усе імкнуцца скінуць з сябе любую адказнасць і збегчы як мага далей ад згрызотаў сумлення. У апраўданне сваіх дзеянняў усе любяць паказваць уверх або кажуць славутае “ну, вы ж самі ўсё разумееце…”… “На вялікі жаль такі падыход пануе на ўсіх узроўнях нашай дзяржавы”.

    “Але я не разумею! І, дзякуй Богу, тых, хто не толькі не разумее гэтага, але і спрабуе змяніць сітуацыю да лепшага ўсё болей. Усё больш тых, хто не хоча і надалей займацца гэтым самападманам, цярпець хлусню, дапускаць злачынствы і псаваць будучыню роднага краю”, – сказаў журналіст.

    Ён не прызнаў прад’яўленых яму абвінавачванняў і не даваў паказанняў, бо “абвяргаць абсурд не мае сэнсу”.

    Яўген Меркіс

    Яўген Меркіс у «клетцы» перад абвяшчэннем выраку. 30 траўня 2023 года. Фота: сацсеткі

    “Я нікога не падмануў, нічога не скраў, нікога не згвалціў, не забіваў і ўжо дакладна не займаўся дэструктыўнай ці нават экстрымісцкай дзейнасцю. Усё свядомае жыццё я наадварот прыкладаў усе намаганні, каб нашая Радзіма жыла лепей, больш цывілізавана, а людзі разумелі наяўныя праблемы, шчыра іх абмяркоўвалі і вырашалі”, – адзначыў журналіст.

    “Ад самага пачатку крымінальнай справы супраць мяне я назіраю нязменныя спробы ачарніць незалежную журналістыку і маё імя”

    Ён прызнаў, што частка яго “ранейшага жыцця была звязаная з незалежнай журналістыкай, хоць я і не ўваходзіў у склад аніводнай рэдакцыі”.

    “Ад самага пачатку крымінальнай справы супраць мяне я назіраю нязменныя спробы ачарніць незалежную журналістыку і маё імя ў прыватнасці. З мяне паслядоўна робяць злачынцу, мярзотніка, ворага дзяржавы і грамадства, Іуду, Казанову і Усаму бен Ладэна адначасова. Назіраецца фармалізаваны падыход, бо ніхто не разбіраецца ці нанесеная маімі дзеяннямі нейкая сапраўдная шкода дзяржаве. Ніхто не даказвае, што гэта – экстрэмізм, што ўсё гэта – хлусня і ў гэтым няма праўды. Мне паказваюць сюжэты пра тое, як беларускі рубель паляпшае свае пазіцыі і ўмацоўваецца, відэа з традыцыйных народных святаў, шчырае апісанне таго, што і як дзеіцца ў Беларусі. Калі ўсё гэта – экстрэмізм, то нашае грамадства глыбока хворае. Бо казаць праўду – не экстрымізм і не злачынства”, – перакананы Яўген Меркіс.

    Паводле ягонага меркавання, “толькі дзякуючы праўдзе можна своечасова выяўляць праблемы і памылкі ў развіцці дзяржавы”, “таму незалежныя журналісты, каторыя своечасова і рознабакова асвятляюць падзеі і звяртаюць увагу на тое, што трэба вырашаць – зусім не ворагі для ўлады, а наадварот тыя, хто дапамагае ёй больш эфектыўна выконваць пастаўленыя перад ёй мэты і задачы”.

    “Але ж нашая ўлада замест шчырага дыялога затыкае ўсім нязгодным з ёю рот і содзіць такіх людзей за краты. За сітуацыяй з атмасферай страху і ўзаемнага недаверу, якая ў нас запанавала і забуяла, асабліва прыкра назіраць і з‑за таго, што мы ўжо жылі дзесяцігоддзямі ў хлусні за савецкімі часамі. І, як мы ведаем, нічым добрым гэта ў выніку для нас не скончылася”, – нагадаў Меркіс.

    Гомельскі журналіст Яўген Меркіс пасля вызвалення

    Гомельскі журналіст Яўген Меркіс пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Наша Ніва»

    Ён дадаў, што “ўлада свядома стварае атмасферу страху, варажнечы, узаемнага недаверу, двайнога, а то і трайнога мыслення, калі праўду замоўчваюць і вучацца з дзяцінства не казаць услых таго, што насамрэч думаюць”.

    “Апошняе слова будзе за праўдай і тымі, хто яе распаўсюджвае”

    “Я – шчыры патрыёт сваёй краіны – Беларусі і маё сумленне чыстае. Я працаваў і заўжды рабіў усё, каб родны край станавіўся лепей. Але цяпер мяне збіраюцца пазбавіць гэтай магчымасці і пасадзіць на доўгія, доўгія гады за краты. І такі лёс цяпер чакае не толькі мяне аднаго, а тысячы сумленных беларусаў ды беларусак. Пры гэтым я не разумею, чаго хоча дамагчыся гэтым, акрамя ўтрымання ўлады ў адных руках, дзейсны ў Беларусі рэжым. Якая карысць дзяржаве ад бяздумных і ганебных рэпрэсій? Беларуская турма дакладна нікога не выпраўляе, а наадварот разбурае”, – лічыць гомельскі журналіст.

    Ён адзначыў, што як гісторык і аналітык бачыць, “што перамены ўжо не за гарамі”:

    “Замест аўтарытарнай дыктатуры наступяць часы палітычнай альтэрнатывы, плюралізму меркаванняў і сапраўднага вяршэнства закону. А вінаватыя ў злачынствах, у якіх бы ведамствах ці галінах улады, на якіх бы пасадах яны не працавалі, панясуць пакаранне. Але самым галоўным пакараннем для іх будзе ганебная памяць”.

    “Пры гэтым каб змяніць сітуацыю да лепшага кожны мае ўсяго толькі перастаць жыць у хлусні і не бегчы ад рэальнасці. Гэта ж так проста: не хлусіць, не пераследваць, не саджаць невіноўных, не быць пасіўнымі, а быць актыўнымі. Трэба весці шчыры дыялог з тымі, хто інакш глядзіць на рэчы, а не збіваць іх і садзіць тысячамі ў турмы. І ўжо тым больш нельга караць незалежную журналістыку і яе прадстаўнікоў за сумленную працу”, – перакананы Яўген Меркіс.

    Яўген Меркіс: Міфаў пра Беларусь у краінах Паўночнай Еўропы хапае, але бачу і ўцягнутасць у беларускі кантэкст

    Ён падкрэсліў: “Высокі суд! Гэта – зусім не маё апошняе слова. Гэта – усяго толькі мая апошняя прамова ў гэтым судзе па гэтай крымінальнай справе. А розных прамоў у маім жыцці будзе яшчэ мноства, прычым перад значна большай аўдыторыяй. Ну а апошняе слова – апошняе слова будзе за праўдай і тымі, хто яе распаўсюджвае!”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.