• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Калегі фатографа Уладзіміра Парфянка часткова аднавілі архіў яго праекта Photoscope.by

    14 студзеня 2024 года пайшоў жыцця Уладзімір Парфянок — беларускі фатограф, куратар галерэі візуальных мастацтваў Nova, рэдактар, культурны дзеяч. Калегам фатографа на пачатку года ўдалося часткова аднавіць вядомы праект Уладзіміра Парфянка — фатаграфічны веб-альманах Photoscope.by (2000–2013), галоўным рэдактарам якога выступаў мастак. 

    Уладзімір Парфянок. Фота: Данііл Парнюк

    Рэсурс, прысвечаны беларускай фатаграфіі, меў дзве лічбавыя версіі — photoscope.iatp.by і photoscope.by, якія адрозніваліся як па часе функцыянавання, так складам рэдакцыі, і зместам. Экспертам Беларускага саюза фатографаў удалося аднавіць ключавыя матэрыялы сайтаў у межах свайго праекта «Калекцыі», які збірае і аднаўляе фатаграфічную спадчыну Беларусі.

    Што за праект Photoscope.by?

    Галоўным праектам Уладзіміра Парфянка быў запуск і праца мінскай галерэі візуальных мастацтваў Nova (1996–2009, 2011–2013). Але паралельна з працай інстытуцыі мастак запусціў у 2000 годзе спецыялізаваны фатаграфічны вэб-амальнах з мэтай пашырэння прамоцыі фатаграфіі, аналітыкі фатаграфіі як мастацтва, культурніцкіх працэсаў.

    Базай Photoscope.by 1.0 сталі рускамоўныя версіі тэкстаў, што друкаваліся ў часопісе «Мастацтва», а таксама актуальныя матэрыялы на фатаграфічныя тэмы. Таксама ўпершыню ў прасторы байнета «Фотаскоп» пачаў размяшчаць фотагалерэі асобных фотамастакоў. Вэб-амальнах прыцягнуў да супрацоўніцтва крытыкаў: Дзмітрый КарольНэлі БекусАляксандр ДавыдчыкАрсен МелікянВольга Капенкіна — аўтары, якія разважалі пра фатаграфію ў канцэптуальным ключы, прапанавалі зусім іншы ўзровень пісьма пра мастацтва.

    «Гэтыя аўтары не проста апісвалі тое, што бачаць, а агучвалі тое, што думаюць, гледзячы на выяву. Гэта быў цалкам незнаёмы, як бы сёння сказалі, для нас дыскурс, але ён адразу ўздымаў фатаграфію на іншы ўзровень», — распавядаў пра артыкулы крытыкаў Уладзімір Парфянок.

    Скрыншот сайта photoscope.iatp.by

    На «Фотаскопе» выходзілі пераклады вядомых замежных філосафаў, тэарэтыкаў мастацтва на беларускую і рускую мовы: Ралана БартаРудольфа Арнхейма ды іншых.

    У 2011‑м, разам з новым этапам у дзейнасці Уладзіміра Парфянка праект атрымоўвае новую версію сайта — Photoscope.by 2.0. У новую рэдакцыю ўваходзяць, акрамя Уладзіміра Парфянка і Дзмітрыя Караля, Аляксей ШынкарэнкаДар’я Амяльковіч, Любоў Гаўрылюк, Святлана Паляшчук, Алеся Белявец, Юрый Маціюн. Photoscope.by, ужо маючы партнёрскую сувязь з Цэнтрам фатаграфіі, змясціць фокус увагі на асэнсаванне зменаў у арт- і фотаполі на фоне пераходу ад сацыяльнай да рыначнай эканомікі, на абмеркаванне і рэфлексію бягучых фотападзей у Беларусі і за мяжой.

    аднавілі архіў праекта Photoscope.by Уладзіміра Парфянка

    Скрыншот сайта photoscope.iatp.by

    У 2023 годзе Уладзімір Парфянок аб’явіў аб часовым прыпыненні праектаў, бо «даўно спынена праца сайта і яго сатэлітных праектаў». Так, у прыватнасці, апошні зрэз сайта Photoscope.by 2.0 датуецца 2015 годам. Копія Photoscope.by 1.0 доўгі час захоўвалася на персанальным сайце фатографа, але пасля яго смерці стала недасяжнай.

    Што было рэканструявана?

    Рэканструкцыя вэб-альманаха, здзейсненая рэдакцыяй Беларускага саюза фатографаў, закранула большасць тэкстаў Photoscope.by 2.0, але таксама Photoscope.by 1.0.

    «У прафесійнае абарачэнне былі вернутыя тэксты, прысвечаныя крытычнаму аналізу і асэнсаванню працэсаў у беларускай фатаграфіі пачатку XXI стагоддзя. Гэтыя публікацыі апісваюць значны этап развіцця нацыянальнай візуальнай культуры, адлюстроўваюць гістарычны і мастацкі кантэкст свайго часу і захоўваюць інтэлектуальную спадчыну аднаго з першых анлайн-рэсурсаў аб фатаграфіі ў Беларусі», — адзначаецца на сайце аб’яднання.

    Варта адзначыць, што рэканструкцыя ажыццявілася ў межах праекта Беларускага саюза фатографаў «Калекцыі», які збірае лічбавые архівы, прысвечаныя гісторыі, тэорыі і сучасным практыкам беларускай фатаграфіі. У планах праекта — і рэканструкцый сайта галерэі Nova, персанальнага сайта Уладзіміра Парфянка.

    Праектам «Калекцыі» Беларускі саюз фатаграфіі вяртае ў публічнасць важныя этапы беларускай фатаграфічнай спадчыны, якія знікаюць як з сыходам актараў фатаграфічных працэсаў, так адсутнасці ўвагі дзяржаўных інстытуцый да архівацыі беларускай фатаграфіі.

    ***

    Уладзімір Парфянок (1958–2024) — адна з ключавых постацей беларускай фатаграфіі мяжы XX i XXI стагоддзяў. Прадстаўнік Мінскай школы фатаграфіі, выпускнік культавых «Студый» Валерыя Лабко пры Народным фотаклубе «Мінск», Уладзімір Парфянок увайшоў у генерацыю «новай хвалі» беларускай фатаграфіі. У 1990‑я гады фатаграфіі Уладзіміра Парфянка сумесна з працамі яго калег выстаўляліся ў прэстыжных галерэях Еўропы і свету — гэта было прызнанне мінскай фатаграфіі на міжнароднай арт-сцэне. У 1990‑я і 2000‑я фатограф займаў пасаду рэдактара аддзела мастацкай фатаграфіі часопіса «Мастацтва» (1991–2002), стаў адным з заснавальнікаў першай фатаграфічнай галерэі ў Мінску — галерэі візуальных мастацтваў NOVA (1996–2009, 2011–2013). Складальнік кнігі «Творческая фотография в Беларуси» (2015). Рэдактар вэб-альманаха Photoscope.by. Куратар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура.

    Працы Уладзіміра Парфянка знаходзяцца ў калекцыях Museet for Fotokun­st «Brandts Klaede­fab­rik» (Данія), Det Kon­gelige Bib­liotek (Данія), Інстытута імя Гёте (Балгарыя), ef-Gale­ria (Польшча), Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра Росфота (Расія), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея РБ, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў РБ ды ў іншых прыватных зборах Беларусі, Расіі, Даніі, Фінляндыі, Германіі, Бельгіі, Францыі.

    Пад яго ўплывам было сфарміравана не адно пакаленне фатографаў і крытыкаў фатаграфіі.

    Прах беларускага фатографа Уладзіміра Парфянка быў пахаваны на на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска ў верасні 2024 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці