
Былыя кіраўнікі баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч. Калаж: БАЖ
27 лютага стала вядома аб прысудзе супрацоўнікам баранавіцкага рэгіянальнага выданьня Intex-press Уладзімеру Янукевічу і Андрэю Пакаленку. Асудзілі абодвух журналістаў паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу — «здрада дзяржаве». Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўленьня волі і 3000 базавых велічыняў (135 тысяч рублёў) штрафу, Пакаленку — 12 гадоў і 1000 базавых (45 тысяч). Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Радыё Свабода расказвае пра абодвух журналістаў і выданьне падрабязьней.
Бізнэс-бюлетэнь
Выданьне Intex-press заснавалі ў Баранавічах прадпрымальнікі ў 1994 годзе. Перш яно задумвалася як бізнэс-бюлетэнь, які будзе знаёміць чытача з разьвіцьцём бізнэсу ў рэгіёне і ў краіне. Першы нумар накладам у 4000 асобнікаў трапіў да чытача ў выглядзе тэлевізійнага дадатку (тады газэта належала мясцовай тэлекампаніі «Інтэкс»).
З прыходам у 1996 годзе на пасаду галоўнага рэдактара Ўладзімера Янукевіча тыднёвік пераўтварыўся ў паўнавартаснае грамадзка-палітычнае выданьне. Былі перагледжаныя канцэпцыя і дызайн.
У 2001 годзе на базе рэдакцыі заснавалі ТАА «Выдавецкі дом „Інтэкс-прэс“». Адно за другім пачалі выходзіць зьвязаныя з «Інтэкс-прэс» рэгіянальныя выданьні — «Ганцавіцкі час», «Ляхавіцкі час», «Нясьвіскі час», «Мясцовы час» (Пінск).
Газэта Intex-press ня раз займала першае месца ў незалежных журналісцкіх конкурсах у намінацыях «Найлепшая рэгіянальная газэта», «Найлепшы сайт», была ўзнагароджаная шматлікімі прэміямі.
«Я халерык па натуры, са мной складана працаваць»
Галоўны рэдактар Уладзімер Янукевіч паводле першай спэцыяльнасьці інжынэр, да прыходу ў мэдыясфэру працаваў на Баранавіцкім баваўняным аб’яднаньні. У 1996 годзе ачоліў Intex-Press. Для кіраваньня газэтай спатрэбілася яшчэ і эканамічная адукацыя — скончыў «наргас» (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. — РС).

Уладзімер Янукевіч, архіўнае фота: БАЖ
Андрэй Пакаленка напачатку працаваў сыстэмным адміністратарам, доўгі час займаўся сеткамі, разьвіцьцём сайту.
У 2018 годзе ў «Прэс-клюбе» Уладзімер Янукевіч дзяліўся з маладымі калегамі прынцыпамі сваёй працы ў журналістыцы:
«Трэба, каб кадры былі зацікаўленыя ў разьвіцьці посьпеху вытворчасьці. Уцягнутасьць — апошняя тэндэнцыя, якая стала для мяне важнай. Я — тэхнар, я ўсё выбудоўваю ў схемах. Для мяне зразумела зь фізыкі, што ўсякая праца робіцца энэргіяй. Якая энэргія рухае працай чалавека? Сэнсы. Для аднаго чалавека ключавое слова — грошы. У другога чалавека сэнс — кар’ера, і ключавое слова для яго — разьвіцьцё. Я яму павінен у сваёй кампаніі надаць умовы для разьвіцьця. І, нарэшце, трэці сэнс для мяне важны — гэта кайф ад працы. Кайф ад новых праектаў… Я халерык па натуры, са мной складана працаваць. Але я люблю разумных людзей, зь якімі таксама цяжка працаваць, аднак зь імі лёгка вучыцца і разьвівацца. Таму калі я бачу разумнага чалавека, то стараюся яго ўзяць на працу. Працу мы яму знойдзем, прыдумаем — чым ён павінен займацца».
«Ён быў першым, хто кінуўся на дапамогу»
Аляксандар (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) — адзін з тых калегаў, хто знаёмы з Уладзімерам Янукевічам зь сярэдзіны 1990‑х. Ён кажа, што Ўладзімер быў адным з самых чалавечных і спагадлівых людзей ў журналісцкім асяродзьдзі.
«Вынікі прысуду шакуюць. Ніякім „здраднікам Беларусі“ ён ня быў і ня можа быць. Ён чысты і сумленны, пайсьці насуперак свайму сумленьню ня можа. Калі мяне таксама напаткаў падобны лёс, Уладзімер быў першым, хто кінуўся на дапамогу мне, маім блізкім. І было адчуваньне таго, што ён клапоціцца, увогуле тое, што пра мяне іншыя ведаюць і клапоцяцца, перажываюць, — надавала сіл у зьняволеньні.
Уладзімер з сваімі паплечнікамі стварыў адну з самых устойлівых мэдыяструктураў у Беларусі, на якую не магла паўплываць дзяржава. А цяпер знайшлі вось такі інструмэнт уплыву… Ведаю таксама, што яму трэба мэдычная дапамога. Дый чалавек ужо ва ўзросьце. Не забываймася пра тое, што ягоны лёс падзяляе і Андрэй Пакаленка. Таксама мужны і прынцыповы чалавек», — апавядае Аляксандар.
У калегі спадзяваньні толькі на салідарнасьць журналісцкай супольнасьці і грамадзкасьці ў шырокім сэнсе, беларускіх і эўрапейскіх палітыкаў.
Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў
«Генэратар, лякаматыў»
Былая калега Ўладзімера Янукевіча Ганна падкрэсльвае, што ўсё разьвіцьцё Intex-Press пачалося менавіта пад кіраўніцтвам Янукевіча: ён стварыў вялікую справу, якая ахоплівала шмат рэгіёнаў.
«Ведаеце, бываюць рэдактары, якія сядзяць, кураць і пішуць нікому не цікавыя слупкі. А ён быў вельмі сучасны, наймацнейшы, найвыбітнейшы сярод рэдактараў. У яго была місія — казаць людзям праўду. І гэта спалучалася зь бізнэсам, які быў у Баранавічах адным з найбольшых: рэклямадаўцы да нас ішлі цугам. Калі ў Баранавічах яму стала цесна — ён стварыў аб’яднаньне рэгіянальных выдаўцоў, цэлы выдавецкі дом. Ён быў генэратарам, лякаматывам гэтага руху», — кажа Ганна.
Суразмоўца дадае, што на нарадах, калі журналісты часам былі ў роспачы, што ж новага прыдумаць, Янукевіч заўсёды меў ідэі, якія прапаноўваў. Ён увесь час рухаўся, патрабаваў шукаць тэмы, падказваў, дзе іх знаходзіць.
