• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларуская прапаганда на FM-хвалях у Латвіі. Як гэта стала магчымым

    Латвійскі радыёаматар Роландс Страўтмаліс каля 30 гадоў захапляецца дыэксінгам — хобі, якое палягае ў «лоўлі» далёкіх радыёстанцыяў. За гэтыя гады яму ўдалося злавіць сігналы з больш як 70 краінаў толькі ў FM-дыяпазоне. Самы далёкі ягоны «радыёўлоў» — Саудаўская Арабія.

    Нядаўна Страўтмаліс выявіў, што ў Латвіі каля мяжы з Беларуссю можна слухаць на частаце 107,7 прапагандысцкае «Радыё Беларусь», якое вяшчае на латыскай мове, піша «Настоящее время».

    Беларуская прапаганда на FM-хвалях у Латвіі

    Архіўнае фота: ТАСС

    Яшчэ нядаўна на гэтай частаце гучала «Латвійскае радыё — 4», расейскамоўны грамадзкі радыёканал. Але з 1 студзеня яно спыніла вяшчаньне, бо ўлады Латвіі вырашылі выдзяляць сродкі зь бюджэту толькі на падтрымку этэру на латыскай мове. У выніку частату заняла дзяржаўная радыёстанцыя зь Беларусі, якая зьвяртаецца да латвійскага слухача так:

    «Надакучыла нястрымная эўрапейская прапаганда? Стаміліся ад хлусьні праплачаных СМІ? Абураныя пасьпешлівымі рашэньнямі ўладаў? Праўда тут, зусім побач».

    «Сыгнал ёсьць у раёне Дзьвінску (Dau­gaupils), Краславы, — кажа Роландс Страўтмаліс. — Гэта праз тое, што перадатчык месьціцца ў Браславе (15 км ад мяжы з Латвіяй і Літвой), ён працуе з 2005 году. У Рызе ж на гэтай самай частаце, 107,7, працуе, дакладней працаваў, іншы перадатчык. Чым далей вы ад беларускай мяжы — тым менш у вас магчымасьці чуць беларускі сыгнал».

    Жыхары латвійскага памежжа і раней маглі слухаць беларускае радыё, кажа Роландс. Але сёлета прапагандысцкае вяшчаньне на суседзяў прабілася на вызваленую частату.

    «На гэтай частаце — 107,7, да 5 лютага гэтага году не вяшчала прапагандысцкая беларуская радыёстанцыя, — падкрэсьлівае Роландс Страўтмаліс. — З 2005 году там гучаў радыёканал „Культура“. Але тое, што „Латвійскае радыё — 4“ сышло з этэру, сапраўды стала прычынай пераносу беларусамі на гэтую частату „Радыё Беларусь“».

    «Радыё Беларусь», якое вяшчае на Латвію, — гэта беларускае дзяржаўнае замежнае вяшчаньне на дзевяці мовах, у тым ліку на расейскай і польскай. У джынгле на латыскай мове, які ўдалося злавіць Роландсу, гучыць заклік слухаць радыё «Беларусь» у Латвіі і ў суседняй Літве.

    Прапаганда зрабіла клон «Зеркала» ў тыктоку і распавядала фэйкі пра Польшчу. Тыкток адрэагаваў

    «Дзяржаўнае вяшчаньне на замежжа ў Беларусі пачалося яшчэ ў савецкія часы, у 1962 годзе. „Радыё Беларусь“ і тады, і цяпер застаецца часткай дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі, — апавядае журналіст „Радыё Свабода“ Аляксей Знаткевіч. — Спачатку вяшчаньне было выключна па-беларуску: беларусам за мяжой хацелі паказаць, як клясна жывецца ў савецкай Беларусі. Але ў 1985‑м дадалі нямецкую мову, а ўжо ў незалежнай Беларусі, у 1998‑м, ангельскую і расейскую. Потым дадавалі польскую, францускую, гішпанскую, кітайскую і арабскую мовы».

    «Да 2016 году вяшчаньне было на кароткіх і сярэдніх хвалях. Цяпер радыёстанцыю можна слухаць або праз спадарожнік, а на FM — па-польску ў памежных раёнах Польшчы, або праз інтэрнэт», — дадае Знаткевіч.

    Паводле Роландса Страўтмаліса, на польскай мове Radio Belarus трансьлюе праграму на трох частотах і вяшчае менавіта на Польшчу.

    Журналісты «Настоящего Времени» зьезьдзілі ў Краславу, невялікае мястэчка за 10 км ад мяжы зь Беларусьсю, каб праверыць, ці сапраўды яго жыхары могуць лёгка злавіць радыёканал суседняй дзяржавы. Людзі пацьвердзілі, што беларуская станцыя сапраўды лёгка ловіцца ў іх раёне.

    Беларускае радыё на FM-хвалях у Латвіі

    Беларуская прапаганда ў латвійскім эфіры: жыхары памежжа могуць слухаць «Радыё Беларусь»

    Экспэрты лічаць памылковым рашэньне латвійскіх уладаў спыніць вяшчаньне расейскамоўнага «Латвійскага радыё — 4». Кіроўная кааліцыя і кіраўніцтва грамадзкіх СМІ Латвіі тлумачылі гэтае рашэньне ўмацаваньнем нацыянальнай бясьпекі і неабходнасьцю згуртаваньня грамадзтва на аснове латыскай мовы.

    Былыя супрацоўнікі «Латвійскага радыё — 4» называюць парадаксальнай сытуацыю, калі пасьля закрыцьця іхнага каналу, які хоць і вяшчаў па-расейску, але адлюстроўваў афіцыйную палітыку Латвіі, для жыхароў памежжа пачала вяшчаць беларуская прапаганда.

    «Мне цікава: ці ведалі тыя, хто радыё закрываў, што частата не бывае пустой?» — задаецца пытаньнем журналістка Вольга Князева.

    На вольную частату 107,7 FM у Латвіі цяпер абвешчаны конкурс. Рашэньне абяцаюць прыняць да ліпеня 2026 году. Аднак Нацыянальная рада па электронных СМІ, якая яго праводзіць, у якасьці галоўнага патрабаваньня да прэтэндэнтаў вылучыла здольнасьць забясьпечыць бесьперапыннае кругласутачнае вяшчаньне менавіта на латыскай мове.

    «Так, могуць быць вельмі розныя меркаваньні. Зьмест на расейскай мове, мове нацменшасьцяў, у Латвіі можа быць, — абараняе гэтае рашэньне Саніта Уплея-Егерманэ, кіраўніца Рады па грамадзкіх электронных СМІ Латвіі. — Могуць быць культурныя мерапрыемствы. Так ёсьць і так будзе. Але гэта не азначае, што так павінна быць у грамадзкіх СМІ».

    Цяпер у Латвіі праз прапаганду і дэзынфармацыю заблякаваныя дзясяткі расейскіх і беларускіх СМІ, у асноўным дзяржаўных: тэлеканалы, радыё і інтэрнэт-старонкі. Але заблякаваць радыёканалы адным клікам не дазваляюць законы фізыкі: для гэтага патрэбныя «глушылкі» сыгналу, як у часы Халоднай вайны.

    Беларускамоўная версія сайта LSM дажывае апошнія месяцы? Што вядома

    Роландс Страўтмаліс, які шмат гадоў дасьледуе радыёсыгналы, ня думае, што такі падыход будзе эфэктыўным.

    «Я не падтрымліваю „глушэньне“ і думаю, што гэта немагчыма. Чаму не падтрымліваю? Па-першае, гэта ў пэўнай ступені цэнзура, — тлумачыць ён. — У нас у Латвіі такога досьведу няма. І, у рэшце рэшт, магутнасьць гэтай частаты там, у Беларусі, у іхнага перадатчыка, узгодненая. Гэта міжнародная каардынацыя».

    У Латвійскім дзяржцэнтры радыё і тэлебачаньня кажуць, што Латгалія, усходні рэгіён Латвіі, забясьпечаная бесьперапынным вяшчаньнем грамадзкіх латвійскіх СМІ. А на ўпадабаньні асобных жыхароў, якія хочуць слухаць «галасы» з Расеі і Беларусі, яны паўплываць ня могуць.

    «Нашая задача — забясьпечваць вяшчаньне на 99% тэрыторыі краіны. І мы гэта выконваем, — падкрэсьлівае Вінета Спругайне, прадстаўніца Дзяржцэнтру радыё і тэлебачаньня Латвіі. — Але мы езьдзім па рэгіёне і добра бачым, у які бок павернутыя антэны. Гэта выбар кожнага чалавека».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.