• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Кожны беларус у зоне рызыкі». Каго ў Беларусі могуць асудзіць за «здраду дзяржаве»?

    У Беларусі за апошнія два тыдні асудзілі за «здраду дзяржаве» на вялізныя тэрміны трох працаўнікоў медыя. Колішняму галоўнаму рэдактару баранавіцкай газеты Intex-Press далі 14 гадоў калоніі, ягонаму намесніку Андрэю Пакаленку – 12, журналісту Паўлу Дабравольскаму – 9.

    За што сёння ў нашай краіне могуць асудзіць па гэтым артыкуле і хто ў зоне рызыкі? Тлумачаць намеснік старшыні БАЖ, юрыст Алег Агееў і юрыст «Вясны» Павел Сапелка.

    Каго ў Беларусі могуць асудзіць за «здраду дзяржаве»?

    СІЗА № 7 у Берасці, Беларусь. 14 лютага 2021 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

    «Сімвал таго, што рэпрэсіі працягваюцца»

    Працэсы над трыма медыйнікамі праходзілі ў закрытым рэжыме. Са словаў Алега Агеева, здабыць хоць нейкую інфармацыю пра сутнасць абвінавачвання не ўдалося, бо ўсе ўдзельнікі гэтых справаў далі падпіскі аб неразгалошванні.

    Аднак ва ўмовах сённяшняй Беларусі асаблівых прычынаў для прысуду за «здраду дзяржаве» і не трэба – яго можна атрымаць «за ўсё, што заўгодна, што не спадабаецца некаму ў пагонах».

    «Гэтыя прысуды – сімвал таго, што рэпрэсіі працягваюцца і не спыняліся. Праз памілаванні палітвязняў магло скласціся ўражанне лібералізацыі, але гэта ілюзія. Мы бачым і ў дачыненні да журналістаў, і да больш шырокай колькасці людзей, што палітычны пераслед не спыняецца, і гэтая машына працуе, перамолваючы вялізную колькасць невінаватых людзей за дзеянні, якія не падабаюцца дзейнай уладзе Беларусі», – кажа юрыст.

    Сёння ў Беларусі нішто не перашкаджае дзейнай уладзе прызнаваць людзей вінаватымі ў чым заўгодна, бо судовая сістэма не працуе, няма незалежнага следства. Абараніцца ўнутры краіны ніякіх магчымасцяў няма, падкрэслівае Агееў.

    Вялізныя тэрміны, прысуджаныя Янукевіч, Пакаленку і Дабравольскаму, – сведчанне таго, што ў Беларусі нічога не змянілася, зазначае юрыст:

    «Гэта не здарылася раптам, гэтыя справы цягнуліся ўжо даўно. Гэта не першыя журналісты, якія атрымліваюць такія тэрміны. Калі зусім няма да чаго прычапіцца, даюць тры-чатыры гады, калі журналіст сапраўды працаваў і гэта моцна некаму не спадабалася, тады буйны тэрмін. Гэтая практыка ўстойліва працуе з 2020 – 2021 гадоў».

    «Абароны ўнутры краіны няма ніякай»

    Алег Агееў нагадвае, што цяпер за кратамі ў Беларусі 28 журналістаў, нават улічваючы, што з восені больш за 10 былі памілаваныя. Агулам некалькі сотняў палітвязняў былі вызваленыя па памілаванні, але вялізная колькасць выходзіць па сканчэнні тэрміну адбыцця пакарання («а мы ўсе памятаем, як у 2020–21 гадах у адказ на вялізныя тэрміны казалі, што яны столькі не перасадзяць», – зазначае юрыст). Пры гэтым агульная колькасць палітвязняў не змяншаецца, што сведчыць пра тое, што інтэнсіўнасць рэпрэсіяў па-ранейшаму высокая.

    Былыя кіраўнікі баранавіцкага навінавага парталу BAR24, а раней – незалежнай газеты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч. Калаж: БАЖ

    Праваабаронцы патрабуюць ад беларускай улады, каб былі вызваленыя ўсе, і просяць партнёраў, якія маюць магчымасць весці перамовы з афіцыйным Менскам, даносіць да іх гэтую пазіцыю.

    «Не павінны невінаватыя людзі, асуджаныя выключна па палітычным складніку, адбываць хоць нейкія тэрміны – хоць месяц, хоць дзень. Ніхто не павінен сядзець за свае тэрміны ў турме. Адпаведна, я спадзяюся, што ўсе будуць вызваленыя як мага хутчэй», – кажа намеснік старшыні БАЖ.

    Журналіст Павел Дабравольскі быў затрыманы, калі вярнуўся ў Беларусь. У сувязі з гэтым Агееў заклікае ўлічваць пры прыняцці рашэння аб вяртанні тое, што сёння ў нашай краіне любы чалавек можа быць прыцягнуты да палітычна матываванай адказнасці, і няма ніякай магчымасці абараніцца.

    «Органы і структуры, якія ў нармальнай краіне павінны бараніць ад адвольных прысудаў, у Беларусі – частка гэтай сістэмы, і не існуе магчымасці некуды паскардзіцца. І гэта трэба разумець, што, калі цябе затрымаюць, абароны ўнутры краіны ніякай няма», – рэзюмуе юрыст.

    «Вяртаемся ў 1937 год»

    Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка тлумачыць, што сёння артыкул «Здрада дзяржаве» (арт. 356 КК РБ) можа быць ужыты да пераследу літаральна кожнага грамадзяніна. Пры гэтым вайсковая ці дзяржаўная служба, нейкая звязаная з гэтымі сферамі пасада абцяжарвае віну.

    «Здрада дзяржаве – гэта выдача замежнай дзяржаве, або міжнароднай ці замежнай арганізацыі, або іх прадстаўнікам не толькі дзяржаўных сакрэтаў, але і іншых звестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Таксама па гэтым артыкуле караецца іншая дапамога замежнай дзяржаве ці замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

    Тут застаецца толькі адна праблема – падвесці тыя ці іншыя дзеянні любога чалавека пад прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. І гэта зрабіць нескладана, бо нацыянальная бяспека – гэта вельмі размыты панятак», – кажа праваабаронца.

    Пры гэтым у палітычных справах гаворка ідзе не пра абарону інтарэсаў дзяржавы як народу, а дзяржавы як рэжыму, зазначае Сапелка. У выніку ўсё, што перашкаджае рэжыму ўтрымліваць сваю ўладу, трактуецца як перашкода нацыянальнай бяспецы. Адпаведна, за практычна любыя дзеянні, кантакты з замежнымі СМІ, арганізацыямі, нават беларускімі арганізацыямі за межамі Беларусі можа наступіць адказнасць паводле 356-га артыкула.

    Суды за «здраду дзяржаве» заўсёды праходзяць у закрытым рэжыме, таму «застаецца толькі гадаць, што там ставіцца ў віну кожнаму канкрэтнаму чалавеку».

    «Улічваючы, што тэрміны прызначаюцца вялізныя, мы не хутка пра гэта даведаемся, – зазначае юрыст. – Зразумела, што з гэтай праблемай штосьці не тое, бо калі гадоў дзесяць таму выпадкаў асуджэння па гэтым артыкуле былі адзінкі, і яны пераважна тычыліся дзейнасці, звязанай з выведкай і да т. п., замежнымі спецслужбамі, то цяпер гэта можа быць штосьці, што зусім не адносіцца да дзяржаўных інстытутаў іншых краінаў.

    Мы вяртаемся ў 1937 год, калі не шукалі ўжо нейкіх абыходных шляхоў, а проста агулам навешвалі ярлыкі здрады дзяржаве і адпраўлялі тысячы людзей на рэпрэсіі.

    Калі абагульняць, то цяпер кожны, хто мае кантакты з замежнымі арганізацыямі ці з беларусамі з замежжа, знаходзіцца ў зоне рызыкі».

    Журналіст Павел Дабравольскі. Фота: Pavel Dabravol­s­ki / Face­book

    Ці адседзяць асуджаныя свае тэрміны?

    Павел Сапелка, як і Алег Агееў, не лічыць апошнія вялізныя прысуды медыйнікам нечым нечаканым, што б супярэчыла агульнай тэндэнцыі.

    «Насуперак надзеям на лібералізацыю і спробы рэжыму хаваць рэпрэсіі, сітуацыя з правамі чалавека і з рэпрэсіямі істотна не змянілася. Па некаторых артыкулах з аб’ектыўных прычынаў зменшыўся тэмп. Так, па арт. 342 скончыліся тэрміны прыцягнення да адказнасці, па іншых няма масавага характару, бо людзі запужаныя. Гэта датычыць, напрыклад, абразы службовай асобы, Лукашэнкі. Але адначасова ёсць сотні справаў па «Беларускім Гаюне», цяжкія прысуды па іншых працэсах», – кажа праваабаронца.

    Сапелка звяртае ўвагу, што за апошнія два гады істотна вырасла колькасць інфармацыйных матэрыялаў, якія прызнаюцца «экстрэмісцкімі», што значыць, што «дзяржава далей на пастаяннай аснове будзе кантраляваць грамадства і пры выпадку рэпрэсаваць».

    Змяняецца характар забароненых адзінак інфармацыі, што таксама дае падставы меркаваць, што будзе пашырацца сфера прымянення рэпрэсіўных практык. Яшчэ некалькі гадоў таму беларускія спецслужбы палявалі на іншадумства ў нашым грамадстве, абмяжоўвалі распаўсюд матэрыялаў, вырабленых беларусамі. Цяпер улады выйшлі на іншы ўзровень і прызнаюць «экстрэмісцкімі» украінскія СМІ, крыніцы інфармацыі, і гэта пашырае сферу забаронаў.

    Як хутка выйдуць асуджаныя, будзе залежаць ад узроўню ціску на беларускі рэжым, салідарнасці і падтрымкі, а таксама ад шырокага і паўсюднага пашырэння інфармацыі пра гэтыя выпадкі, перакананы юрыст «Вясны». Спадар Павел цвёрда ўпэўнены, што без шырокай агалоскі «мы рызыкуем захоўваць цяперашнюю сітуацыю з палітвязнямі».

    «Калі звярнуць увагу на склад групаў, якія былі вызваленыя апошнім часам, то там шмат публічных людзей, і гэта абвяргае ідэю аб тым, што публічнасць перашкаджае вызваленню. Калі мы зможам убачыць асуджаных нядаўна медыйнікаў, як і ўсіх астатніх? Тады, калі рэжым будзе вымушаны іх вызваліць», – рэзюмуе праваабаронца.

    133 прысуды за «здраду дзяржаве»

    Менскі гарадскі суд на закрытым працэсе 9 сакавіка асудзіў на 9 гадоў калоніі строгага рэжыму журналіста Паўла Дабравольскага. Журналіста вінавацілі ў «здрадзе дзяржаве», але з наяўнай інфармацыі выданне «Позірк» робіць выснову аб пераследзе за прафесійную дзейнасць: працу на незалежныя беларускія і ўкраінскія медыі.

    У 2021 годзе Дабравольскі пакінуў Беларусь. Ён пісаў, што аб’ехаў паўсотні краінаў, ад Шры-Ланкі да Аргентыны. «З верасня не працую, з кастрычніка – у Менску (сам здзіўлены)», – напісаў Дабравольскі ў студзені 2025 года. З таго студзеня ён знаходзіўся пад вартай у следчым ізалятары.

    За апошнія паўмесяца гэта трэці буйны прысуд журналісту за «здраду дзяржаве». 26 лютага двух былых кіраўнікоў баранавіцкай газеты Intex-Press Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку асудзілі за гэта адпаведна на 14 і 12 гадоў пазбаўлення волі. Сутнасць абвінавачанняў, як і ў выпадку з Дабравольскім, невядомая, але падобна, што звязаная з прафесійнай дзейнасцю.

    Праваабаронцам вядома пра 133 прысуды за «здраду дзяржаве» за апошнія 5 гадоў. Не ўсе гэтыя людзі цяпер за кратамі, бо некаторых судзілі завочна. Па гэтым артыкуле былі асуджаныя журналісты Кацярына Андрэева (Бахвалава), Андрэй Аляксандраў, актывіст Павел Белавус, святар Генрых Акалатовіч, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і іншыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.