«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: Facebook-акаўнты «Белсата» і БелаПАН, Instagram-акаўнт «Студэнцкай думкі»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 18 сакавіка чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У адпаведнасці з рашэннем суда Глускага раёна Магілёўскай вобласці ад 17 сакавіка 2026 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаныя адразу чатыры інфармацыйныя рэсурсы. Тры з іх афіляваныя з незалежным тэлеканалам «Белсат»:
- Facebook-акаўнт з назвай «Белсат» українською» (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/belsat.ua);
- Facebook-акаўнт з назвай Belsat Life (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/tv.belsat);
- Facebook-акаўнт з назвай «Белсат doc» (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/belsatdoc).
Таксама «экстрэмісцкай» прызнаная старонка ў Facebook з назвай «БелаПАН» (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/belapancompany). Апошні раз яна абнаўлялася 16 жніўня 2020 года.
Незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН была створаная ў 1991 годзе і неаднаразова патрапляла пад прэсінг праз прынцыповую прафесійную пазіцыю. 1 лістапада 2021 года КДБ Беларусі прызнаў БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваннем». Рэдакцыя перажыла ператрусы і палітычна матываваны ціск, трое яе супрацоўнікаў былі асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення, Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў дагэтуль знаходзяцца за кратамі.
17 лістапада 2026 года суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Instagram-акаўнт dumka.me (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/dumka.me). Гэта інтэрнэт-рэсурс незалежнага моладзевага медыя «Студэнцкая думка». «Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып старонкі. Паводле апісання на сайце Мінінфарма, гэта «выява трохкутніка з чырвоным контурам і літарамі «СД» унутры трохкутніка на белым фоне».
У адпаведнасці з рашэннем суда Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ад 13 сакавіка 2026 года «экстрэмісцкім» прызнаны кантэнт акаўнтаў humanrightshousе ў Instagram (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/humanrightshouse) і Human Rights House Foundation у сацсетцы Threads (ідэнтыфікатар https://www.threads.net/@humanrightshouse).
Human Rights House Foundation (HRHF) — гэта міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая падтрымлівае сетку «Дамоў правоў чалавека», спрыяе развіццю грамадскіх ініцыятыў і працы праваабаронцаў, абараняе дэмакратычныя свабоды, у тым ліку свабоду слова.
@bajmedia