• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Улады забіраюць і прадаюць кватэру журналіста Уладзіміра Хільмановіча, завочна асуджанага за «экстрэмізм»

    Гэта частка арыштаванай маёмасці гродзенскага журналіста Уладзіміра Хільмановіча, якую паводле рашэння суда плануюць прадаць праз аўкцыён дзеля кампенсацыі накладзенага на яго вялізнага штрафу.

    Уладзімір Хільмановіч

    Уладзімір Хільмановіч. Фота: з архіва суразмоўцы

    Аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёна Гродна даслаў Уладзіміру Хільмановічу афіцыйную паперу пра тое, што яго кватэру ацанілі ў 126 тысяч беларускіх рублёў.

    У дакуменце паведамляецца, што ацэнку прыватнай кватэры журналіста праводзіў 25 лютага 2026 года мясцовы філіял РУП «БелЮрЗабеспячэнне». Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі Беларусі, займаецца ў тым ліку продажам праз аўкцыён канфіскаванай і арыштаванай маёмасці.

    Дата таргоў яшчэ не прызначаная, і пра тое, як усё будзе адбывацца, Уладзімір можа хіба толькі здагадвацца. Зазначае, што штраф складае 40 тысяч беларускіх рублёў, а кватэра каштуе ў тры разы даражэй.

    «Я чуў, што рэшту грошай, якая мусіць застацца пасля кампенсацыі прысуджанага штрафу, павінны перавесці мне на банкаўскі рахунак.   Рахункаў у Беларусі ў мяне няма — хіба толькі мне адмыслова яго завядуць. І яшчэ: калі гэтыя грошы я не забяру, то яны праз нейкі час будуць забраныя на карысць дзяржавы», — кажа журналіст.

    У двухпакаёўцы плошчай 50 кв. м. па вуліцы Церашковай у Гродне, апрача журналіста, зарэгістраваны ягоны старэйшы сын. Такім чынам, кватэру будуць прадаваць разам з прапісанымі там насельнікамі.

    Сёлета на пачатку сакавіка стала вядома, што з аўкцыёну спрабавалі прадаць лецішча журналіста — дакладней, будынак у вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна, які ў дакументах фігуруе як «сельскі клуб». Уладзімір Хільмановіч марыў зрабіць там месца для сямейнага адпачынку, але гэта вымагала надта вялікіх фінансавых укладанняў. Драўляную пабудову, якая вымагае вельмі грунтоўнага рамонту, ацанілі ў 5 040 беларускіх рублёў. Але на аўкцыёне, прызначаным на 19 сакавіка 2026 года, яе так ніхто і не набыў.

    Журналіст кажа, што даўно «паставіў крыж» на маёмасці, якую давялося пакінуць у Беларусі. З 2021 года ён вымушана жыве ў эміграцыі, пакінуўшы радзіму праз пагрозу крымінальнага пераследу за прафесійную і грамадскую дзейнасць.

    Справа Уладзіміра Хільмановіча

    19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Ігара Собалева прызнаў Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання. Крымінальную справу ў дачыненні да журналіста разглядалі завочна — у парадку так званай спецыяльнай вытворчасці.  

    У выніку суддзя Ігар Собалеў прыгаварыў Уладзіміра Хільмановіча да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і прызначыў штраф памерам 40 тысяч рублёў.

    Спробы журналіста абскардзіць вырак абласнога суда поспеху не мелі.

    Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 года. Тады сілавікі і апісалі маёмасць па месцы яго рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень быў праведзены ператрус у кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое журналісцкае пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама апісалі побытавую тэхніку.

    Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў 13 сакавіка 2024 года.

    13 верасня 2024 года прозвішча Уладзіміра Хільмановіча ўнеслі ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС Беларусі.

    Што менавіта інкрымінавалі Хільмановічу — дагэтуль невядома. Спробы журналіста даведацца падрабязнасці справы плёну не далі. Але сярод рэчавых доказаў следства згадваліся «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы». Таму Уладзімір перакананы, што яго пакаралі менавіта за журналісцкую працу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.