Журналіст Ігар Карней распавёў пра новую працу на будоўлі
Былы палітзняволены, журналіст Радыё Свабода Ігар Карней, якога ў чэрвені 2025 года прымусова вывезлі з Беларусі пасля вызвалення, распавёў у Facebook пра новую працу. Ужо амаль месяц ён «спасцігае азы» прафесіі будаўніка на Азорскіх выспах у Партугаліі.

Фота: старонка Ігара Карнея ў Facebook
Ігар Карней адзначае, што пакуль у яго няма «уцямнага разуменьня, адкруціцца штосьці назад, або каска і малаток выкрасьляць з памяці асадку і дыктафон). Бо нават ратавальныя творчыя стыпендыі маюць уласьцівасьць заканчвацца, а патрэба ў існаваньні, як ні круці, застаецца)».
Пра першы месяц працы ён распавядае так:
«Замяшаў і перацягаў тоны цэменту, дэмантаваў кіламетры пліткі і гіпсакартону, разьдзяўбаў перфаратарам акамянеласьці утрамбаваных падлогаў, нарэшце, асвоіў інструмент, пра існаваньне якога меў самыя аддаленыя ўяўленьні. Прынамсі тое, што давядзецца займацца сваркай, – дакладна ў планах ня значылася. Як кажуць, захочаш жыць – ня так раскарачышся).
Канешне, не без наступстваў. Усё ж не самы лепшы ўзрост для радыкальных нагрузак. Ну і пару гадоў вымушанага прастою без вітамінаў/бялкоў і ва ўмовах стрэсавых адзіночак калі да чаго і прывялі, дык гэта да атрафіраваньня мышцаў. Таму ўжо пасьля першага тыдня падсела сьпіна, якая не адпускае дагэтуль.
Зрэшты, разьлік на тое, што ўрэшце замазоліцца). Ну і вонкавы антураж мусіць спрыяць хуткаму аднаўленьню: практычна кожная будоўля – з пяцізоркавым відам на смагардавы акіян і адвесныя скалы)».

Фота: старонка Ігара Карнея ў Facebook
Журналіст адзначае, што аб’екты, на якіх даводзіцца працаваць — гэта ў асноўным старыя дамы, на якіх праводзіцца рэнавацыя:
«Якраз наткнуўся на статыстыку, што на тэрыторыі Партугаліі блізу трохсот тысяч занядбаных “руінаў”, якія перайшлі ў спадчыну і з розных прычынаў працягваюць разбурацца. Як правіла, або спадчынныя спрэчкі, або агульная абыякавасьць абарыгенаў. Лепш задаволіцца мінімалісцкім спакоем, чым упрагацца ў непазьбежныя немалыя траты. А прага да гігантызму відавочная: калі ўжо і замахваюцца, то дом на 300 метраў – гэта мінімальны стандарт. <…>
Хтосьці будуе з нуля, каб пераехаць дажываць з відамі на акіянічныя заходы, а нехта скупляе развалюхі, каб аднавіць ужо паводле ўласных праектаў. На двух з трох аб’ектаў, якія давялося вахтавым метадам абскакаць за гэты час, замоўнікі якраз дыстанцыйныя – брытанка, якая будуе “базу” для збору раскіданых па ўсім сьвеце сваякоў, і немка, тая ўжо з іншай крайнасьцю – стварыць парадайз для катоў). І яшчэ маладая сям’я, якраз якасна абнаўляе дзедаўскія апартаменты».

Фота: старонка Ігара Карнея ў Facebook
Сваю брыгаду журналіст апісвае як «узор таго, як можна і трэба суіснаваць у ідэальным грамадзтве:
«Украінец, малдаванін, беларус, рускі. Балазе, усе з адэкватным успрыяцьцем рэальнасьці. Толькі адзін шмат маладзейшы, астатнія – старой закваскі. Ніхто не марыў пра будаўнічыя перспектывы, так склаўся лёс, хрусь – і папалам)».
@bajmedia