• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларуская фотажурналістыка пасля 2020-га: паміж рэпрэсіямі, эміграцыяй і глабальным кантэкстам

    У якім стане зараз беларуская фотажурналістыка? Незалежныя медыя былі знішчаныя або вымушаныя з’ехаць, здымкі ў Беларусі сталі небяспечнымі, а многія фатографы сышлі з прафесіі. Тыя ж, хто працягвае працаваць у эміграцыі, мусяць адначасова шукаць грошы, міжнародныя кантакты і новыя спосабы распавядаць свету пра Беларусь.

    фатограф

    Фатограф падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Мінску. Фота: Lookby.media

    БАЖ паразмаўляў з заснавальнікам Look­By­Media Сяргеем Балаем і фотажурналістам Пашам Крычко — пра крызіс беларускай фотажурналістыкі, працу з замежнымі медыямі і спробы захаваць беларускі візуальны архіў.

    Look­By­Media — незалежнае беларускае фотаагенцтва і візуальны архіў у эміграцыі. Заснаваны ў маі 2025 года былой камандай фотасэрвісу TUT. BY, праект быў створаны для вырашэння праблемы крытычнага дэфіцыту якаснага, актуальнага візуальнага кантэнту пра Беларусь для незалежных СМІ.

    «Выкашанае поле»

    Заснавальнік і шэф-рэдактар Сяргей Балай у размове з БАЖ адзначае, што не столькі эміграцыя «выкасіла» беларускую фотажурналістыку, колькі абставіны, якія склаліся пасля 2020 года, калі ў нас незалежная прэса стала сама па сабе падставай для крымінальных спраў.

    Суразмоўца падкрэслівае, што займацца зараз фотажурналістыкай у Беларусі ў прынцыпе немагчыма, бо тыя людзі, што засталіся ў краіне, у лепшым выпадку працуюць у стол:

    «Яны штосьці здымаюць, робяць нейкія свае праекты, яны, канешне, вялікія малайцы, бо фіксуюць, дакументуюць сённяшнюю рэальнасць у Беларусі. Але калі мы кажам пра нейкі медыйны кантэкст, то яны абсалютна з яго выключаныя, бо публікаваць любыя здымкі з Беларусі, якія так ці інакш могуць быць успрынятыя як аб’ектыўныя ў святле тых працэсаў, што адбываюцца на радзіме, небяспечна. Улада з фотадакументаваннем змагаецца тымі ж метадамі, якімі змагаецца ў прынцыпе ўсе гэтыя гады з незалежнай журналістыкай».

    Сяргей Балай. Фота: асабісты архіў

    Заснавальнік Look­By­Media канстатуе, што і ў камерцыйных фатографаў таксама ёсць вялікі недахоп замоў.

    «Многа людзей паз’язджала, бо шмат хто прымаў удзел у пратэстах 2020 года, атрымаў адміністратыўкі ці патрапіў у фокус сілавікоў. Прычым гэта датычыць не толькі тых фатографаў, якія працавалі на недзяржаўныя медыя. Я нават ведаю некалькі дзяржаўных фатографаў, якія з’ехалі, бо проста ўжо не маглі ў краіне працаваць.  

    Будзем казаць шчыра, тое, што здымаюць БелТА, цэнтральныя газеты і «раёнкі», гэта не фотажурналістыка, а звычайная прапаганда. Альбо нейкае ўсхваленне кожнага руху ўлады, альбо абсалютна траваядныя, бяззубыя кадры, якія ніякім чынам рэчаіснасць нам не паказваюць, — лічыць Сяргей Балай.

    — Я не люблю крытыкаваць калег. Але калі мы паглядзім фотастужкі дзяржаўных СМІ, то гэта абсалютны афіцыёз, нейкія імпрэзы на любым узроўні, ці прырода ды пасяўная з уборачнай. Безумоўна, мы афіцыйныя мерапрыемствы ў свой час таксама здымалі, але жыццё значна шырэйшае, значна большае.

    Мы, мяркую, зараз не маем у візуальным плане і 10 % таго, што адбываецца ў Беларусі. Нават калі казаць пра жанр стрыт-фота — зараз гэта проста небяспечна, бо можа быць расцэненае пільнымі хлопцамі з органаў як нешта нелегальнае, небяспечнае для дзяржавы і гэтак далей».

    «Фота, спорт, культура — гэтыя напрамкі ў крызіс скарачаюць першымі»

    Сяргей Балай зазначае, што «эміграцыя таксама моцна паўплывала ў кепскі бок, бо, будзем казаць як ёсць, тыя медыя, каторыя здолелі аднавіць працу за мяжой, пазбавіліся самастойных крыніц даходу».

    «І ў Беларусі існаваць на сваіх прыбытках маглі не ўсе, а ў выгнанні тым больш — практычна ўсе медыя гэтага пазбаўленыя. Крута, калі ў кагосьці атрымліваецца гэта рабіць — зарабляць на рэкламе, ладзіць нейкія супольныя праекты з бізнесам. Але такіх СМІ рэальна адзінкі, на маю думку, менш за пяць рэдакцый. Усе астатнія, зразумела, сядзяць на грантавых крыніцах», — мяркуе фотажурналіст.

    Пасля пачатку вайны ва Украіне, цікавасць еўрапейскіх і ўвогуле сусветных фінансавых структур да беларускіх незалежных медыя знізілася вельмі сур’ёзна:

    «Колькасць медыя не памяншаецца, але ўсім ім трэба грошы, якіх відавочна стала менш. Каго рэдакцыі скарачаюць у першую чаргу? Гэта спорт, культура і фота. Зразумела, СМІ не адмаўляюцца ад ілюстрацый, але дзеля эканоміі рэдакцыі выбіраюць стокі, карыстаюцца старымі архіўнымі фотаздымкамі ці ўвогуле, па сутнасці, часам крадуць здымкі, не падпісваюць і г. д. 

    Але, на маю думку, яшчэ горш, калі рэдакцыі пачынаюць выкарыстоўваць выявы, якія робіць той жа самы ШІ. Між тым, ёсць ужо пацверджаныя даследаваннямі высновы, што чытач больш давярае тым публікацыям, дзе карцінка жывая, сапраўдная, якая адлюстроўвае рэчаіснасць, а не створаная па тэхзаданні ШІ, — разважае Сяргей Балай. — Магчыма, тут было б добра звяртацца да людзей, якія займаюцца калажамі.

    Калаж — гэта папулярная тэма, выглядае вельмі прыгожа і шмат сэнсаў можна ў гэта ўкладаць. Калі бачыш, што чалавек уклаў у гэта час і працу, то, канешне, гэта выглядае вельмі класна. Калаж абсалютна да месца да нейкіх лонгрыдаў, такога фармату артыкулаў часопісаў. Але зноў жа, паўстае грашовае пытанне. Калі ў рэдакцыі не хапае сродкаў, натуральна, яна будзе эканоміць на штучным прадукце».

    Як паўстала новае фотамедыя ў выгнанні

    Не сакрэт, што айчынныя фатографы мала зарабляюць. Яны ж адрэзаныя ад Беларусі.

    «Асвятляць жыццё ў эміграцыі, гэта добра калі 20–30 % кантэнту медыя. Асноўны кантэнт усё ж такі робіцца пра Беларусь і для Беларусі. Таму натуральна, што людзі, якія прафесійна займаліся фотажурналістыкай у краіне, або выкінутыя з прафесіі і перайшлі ў нейкія паралельныя сферы (відэаздымкі, мантаж відэа ці аўдыя і іншае), або пачалі займацца чымсьці прынцыпова іншым. Тым, што дае ім магчымасць зарабляць, каб не жыць на вуліцы», — канстатуе Сяргей Балай.

    Паводле Балая, праз пэўны час у выгнанні ў яго і аднадумцаў паўстала пытанне пра стварэнне медыя, якое будзе пастаўляць візуальны кантэнт пра беларускую тэму ў свеце, пра ўласна Беларусь, архіўныя здымкі і актуальныя.

    Look­By­Media пачало працу праз некалькі гадоў пітчынгу ідэі, у траўні 2025-га: «За год моцна развіліся: спачатку гэта быў Telegram-канал, дзе мы публікавалі фотаздымкі, з кастрычніка мы запусцілі сайт».

    Скрыншот галоўнай старонкі Look­By­Media

    Сяргей Балай звяртае ўвагу на высокую ступень эмпатыі ў беларускай супольнасці:

    «На самым пачатку нашай працы нам вельмі моцна дапамаглі справай і словам, парадамі прыватныя спонсары, беларусы, адмыслоўцы ў сваёй справе. Дзякуючы гэтаму, па-першае, мы знайшлі класныя пляцоўкі для сайта, па-другое, атрымалася ўсё вельмі крута і танна зрабіць».

    Паводле фотажурналіста, цікавасць да праекта ёсць:

    «У нас два дзясяткі падпісчыкаў, у асноўным гэта беларускія незалежныя медыя, у тым ліку самыя буйныя актары медыйнага рынку. Мы пастаўляем ім фотаілюстрацыі па ўсіх сферах беларускага жыцця — ад навінавых здымкаў да серый пра эканоміку, сацыяльныя тэмы і гэтак далей».

    Манетызацыя

    Look­By­Media прадастаўляе кантэнт бясплатна пры заключэнні дамовы:

    «Гэта — частка нашай канцэпцыі. Мы адразу ўсё зразумелі пра манетызацыю. Па-першае, мы запусціліся ў траўні 2025-га, што супала якраз са спыненнем працы амерыканскіх фондаў. І мы выдатна зразумелі, што на той момант адразу прапаноўваць падпісную мадэль нават за невялікія грошы будзе вельмі складана.

    Да канца 2026-га падпіска для беларускіх медыя застанецца бясплатнай пры заключенні дамовы. Дамова прынцыпова важная, бо мы працуем у прававым полі Еўропы, вельмі пільна ставімся да пытання аўтарскіх правоў».

    Асноўная частка каманды Look­By­Media — гэта былая фотаслужба партала TUT.by, прафесіяналы вельмі вялікага гатунку. «Можна сказаць, што найлепшая фотаслужба Беларусі захавалася і працуе ў новым фармаце», — кажа Сяргей Балай.

    «Мы таксама ставім сабе за мэту падтрымліваць аўтараў, фатографаў — каб людзі не выляталі з прафесіі. У нас няма пакуль што магчымасці наймаць у штат людзей, але тыя замовы, якія мы робім, мы аплочваем, хай гэта і невялікія грошы.

    Важна захавацца ў прафесіі. Я лічу беларускіх фотажурналістаў вельмі моцнымі і класнымі, гэта сусветны ўзровень. Можам прыгадаць хаця б двух прызёраў World Press Pho­to, — падкрэслівае суразмоўца. — І гэта не толькі пра прэс-фатаграфію. Праектнае ці творчае фота — абсалютна тое самае. Беларускія фатографы вельмі моцныя ў сусветным кантэксце, так гістарычна склалася».

    Што далей?

    З 2027 года Look­By­Media будзе ўводзіць пэўную абаненцкую плату, якая «не будзе касмічнага ўзроўню», бо агенцтва хоча, каб падпісчыкі маглі сабе гэта дазволіць.

    «Нам не хацелася б, каб і рэдакцыі адмаўляліся ад нашых фотаздымкаў і каб ад гэтага не пацярпеў медыярынак. Бо, на маю думку, праз такую супрацу ў візуальным плане ён толькі выйграе, чытачы — таксама. Акрамя таго, падвышаецца ўзровень даверу аўдыторыі.

    Людзі бачаць, што медыя жыве ў эміграцыі, але публікуе кантэнт пра Беларусь і ілюструе гэта нейкімі свежымі фота з Беларусі. Безумоўна, узровень даверу да такой інфармацыі расце, — кажа Балай. — Вядома, мы шукаем дапамогу. У нас жа працуе не адзін чалавек у штаце, нам трэба плаціць ганарары фатографам.

    Канешне, мы хацелі б хутка перайсці на манетызацыю, але мы хоць і аптымісты, але прагматычныя. Бізнес-мадэлі ў медыя працуюць своеасабліва, тым больш, калі гаворка ідзе пра эміграцыю. Ды і донарская падтрымка — гэта не сорамна, абсалютна нармальная тэма, тысячы НДА-структур у свеце жывуць паводле гэтых канонаў. Калі, напрыклад, казаць пра Нямеччыну, то тут у прынцыпе вельмі мала медыя, якія жывуць за кошт самаакупляльнасці. Кожны чалавек у Нямеччыне, уласнік жытла, плаціць штомесяц пэўны адсотак на медыясектар».  

    «Беларусь трэба ўпісваць у глабальны кантэкст, працаваць толькі з беларускай тэмай ужо недастаткова»

    Беларускі фотажурналіст Паша Крычко ў апошнія гады супрацоўнічаў з французскім Le Monde і амерыканскім The New York Times, здымаў беларускія і міграцыйныя гісторыі ў Літве, Польшчы і Нямеччыне, удзельнічаў у міжнародных фестывалях і рэзідэнцыях.

    Паша Крычко. Фота з асабістага архіва

    Да 2020 года Паша Крычко быў вясельным фатографам. З вясны таго года — у фотадакументалістыцы. Лаўрэат шматлікіх конкурсаў, адна з першых прэмій — за праект Belaru­sian Con­nec­tions ад EU Neigh­bours East.

    На думку Крычко, галоўная праблема беларускай журналістыкі і дакументальнай фатаграфіі ў эміграцыі — абмежаваная цікавасць міжнародных медыя да Беларусі як да асобнай тэмы.

    «Мая праца на беларускай тэме — гэта больш такія self-assign­ment, самапраца. Ты нешта сабе прыдумляеш і робіш. Бо цікавасці вялікай ад медыя няма — і трэба шукаць, як гэта падаць аўдыторыі», — зазначае ён.

    Паводле Крычко, незалежных беларускіх дакументальных фатографаў сёння засталося вельмі мала. Частка людзей пайшла ў адукацыю, камерцыйную фатаграфію або іншыя прафесіі. Частка працуе ў рэдакцыях ці агенцыях, але рынак стаў значна меншым. 

    Аднак і міжнародным рэдакцыям, на думку суразмоўцы, ужо недастаткова проста гісторыі «пра Беларусь»:

    «Тут нельга казаць пра Беларусь проста: «Вось, гэта — Беларусь». Трэба разумець глабальны кантэкст». Менавіта таму ён спрабуе звязваць беларускія сюжэты з больш шырокімі працэсамі — міграцыяй, правамі чалавека, аўтарытарызмам, ціскам на медыя.

    «Аднойчы ў мяне было адчуванне, што The New York Times чакае з матэрыялам (я прапаноўваў ім сюжэты), хутчэй, зручнага моманту.  У выніку яны распавялі пра Беларусь, адначасова праводзячы паралелі са Штатамі — нападкі Трампа на прэсу, абмежаванні нейкія і ўсё такое. То-бок сам матэрыял пра Беларусі быў пазначаны як папярэджанне для ЗША.

    Такім медыя важна, каб цікава было для ўсіх. Мне падаецца, можна інфармаваць праз агульныя сюжэты і пра тое, што адбываецца з намі. Вось у гэтым матэрыяле было пра тое, што Беларусь — гэта магчымая будучыня для некаторых краін ці палігон для нейкіх палітыкаў. Пасыл амерыканскага артыкула быў такі, што калі грамадства не будзе абараняць свае правы, то вы можаце атрымаць вось такое, як у беларусаў», — распавёў Крычко.  

    Як зацікавіць замежныя медыя

    Паша Крычко кажа, што самастойна шукаў, якім выданням можа быць цікавая беларуская тэма. Так ён выйшаў на The New York Times.  Пасля таго як адзін матэрыял пра апошнія беларускія «выбары» не выйшаў у іншым выданні, ён проста напісаў дырэктарцы фотаслужбы NYT:

    «Я правёў такое даследаванне, дзе можна апублікаваць гісторыі, каму гэта можа быць цікава. І проста напісаў імэйл. Станоўчы адказ прыйшоў ужо праз гадзіну. Мне адказалі: “Усё класна, нам падабаецца”».

    «Трэба, каб цябе бачылі і чулі, — зазначае фотадакументаліст. — Калі фотарэдактары не бачаць і не чуюць нічога ад беларусаў пра Беларусь, то ў іх ёсць разуменне, што нічога не адбываецца».

    Таму ён раіць не баяцца пісаць рэдактарам, нават калі адказаў амаль няма: «Можна даслаць сто імэйлаў — і не атрымаць адказу. Але дзесьці гэта адкладаецца. І потым яны могуць вярнуцца да цябе праз год ці два».

    Для заходняй аўдыторыі патрэбны іншы спосаб расповеду

    Асобна Крычко гаворыць пра тое, што беларускія журналісты часта мысляць «унутраным кантэкстам», які не працуе для замежнай аўдыторыі: «Мы распавядаем нашы гісторыі для людзей, якія нічога не ведаюць».

    Ён прыгадвае, як падчас навучання назіраў, як замежныя студэнты ўспрымаюць ягоныя фатаграфіі: «Ёсць здымкі, якія я вельмі люблю, але людзі без дадатковага тэксту іх не разумеюць».

    Таму, паводле Крычко, важна, каб гісторыя працавала нават для чалавека, які нічога не ведае пра Беларусь: «Суперважна, каб здымак сам па сабе працаваў візуальна».

    Журналісты ў чаканні вызваленых палітзняволеных

    Журналісты ў чаканні вызваленых палітвязняў. 9 сакавіка 2026 года, Вільня, Літва. Фота: lookby.media

    Беларусь трэба выводзіць за межы беларускай «бурбалкі»

    Крычко мяркуе, што беларускім журналістам і фатографам важна выходзіць у міжнародны прафесійны асяродак: «Чым больш беларусы будуць выбірацца з беларускага асяродку і ісці далей у свет — тым лепш».

    Ён раіць ездзіць на міжнародныя фестывалі, рабіць port­fo­lio review, знаёміцца з фотарэдактарамі і куратарамі.

    У якасці прыкладу ён згадвае фестываль Visa pour l’Image у Перпіньяне — найбуйнейшы фестываль фотажурналістыкі: «Я паехаў туды амаль без падрыхтоўкі. Размаўляў з фотарэдактарамі CNN, Le Figaro… Для мяне гэта быў проста новы свет».

    На наступны год ён ужо прыехаў падрыхтаваны — з партфоліа і разуменнем, як сябе прэзентаваць.

    Не замыкацца толькі на Беларусі

    Важным для сябе Крычко называе і параду ад рэдактаркі знакамітай агенцыі Mag­num Pho­tos Джуліі Палумба.

    «Калі ты не хочаш, каб цябе асацыявалі толькі з Беларуссю ці дыктатурай, трэба працаваць з сумежнымі тэмамі і краінамі».

    Ён кажа, што цяпер спрабуе працаваць з больш шырокімі тэмамі — міграцыяй, правамі чалавека, аўтарытарызмам у розных краінах. Напрыклад, гісторыя пра кубінскіх мігрантаў у Літве для Le Monde шмат у чым аказалася падобнай да беларускіх сюжэтаў: «Гэта амаль тое самае, што я рабіў з беларусамі».

    Пра грошы

    Пры гэтым Паша Крычко падкрэслівае, што жыць выключна з дакументальнай фатаграфіі вельмі складана.

    «Можна апублікаваць гісторыю ў New York Times — і гэта прыкладна тое самае па грашах, што камерцыйная здымка якога-небудзь вяселля ці яшчэ чагосьці на замову, — кажа ён. — Таму працягваю здымаць вяселлі і камерцыйныя праекты. Для мяне вяселлі — гэта нават адпачынак. Пераключэнне на іншы свет».

    Ён таксама лічыць небяспечнай поўную залежнасць ад грантавых праграм, бо, «як бачым, сёння дапамога ёсць, заўтра — няма».

    Таму важна мець іншыя крыніцы даходу і ўключацца ў міжнародную інфраструктуру — конкурсы, рэзідэнцыі, фестывалі.

    У парадаксальным стане

    Беларуская фотажурналістыка ўнутры краіны практычна выціснутая з публічнай прасторы, а ў эміграцыі вымушаная нанова шукаць сваю аўдыторыю, мову і мадэль выжывання.

    Мемарыял загінулым беларускім добраахвотнікам палка Каліноўскага на плошчы Незалежнасці ў Кіеве

    Мемарыял загінулым беларускім добраахвотнікам палка Каліноўскага на плошчы Незалежнасці ў Кіеве. Фота: lookby.media

    Пры гэтым сам крызіс прымушае беларускіх фатографаў хутчэй уключацца ў міжнародны кантэкст, вучыцца працаваць не толькі «пра Беларусь для беларусаў», але і тлумачыць беларускі досвед свету — праз універсальныя тэмы правоў чалавека, міграцыі, аўтарытарызму і гвалту.

    Праекты накшталт Look­By­Media і досвед такіх аўтараў, як Паша Крычко, паказваюць: гаворка ўжо ідзе не проста пра захаванне прафесіі, а пра спробу захаваць сам беларускі візуальны архіў эпохі — каб Беларусь не знікла ні з міжнароднага інфармацыйнага поля, ні з уласнай будучай памяці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.