• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я веру ў містыку літаратуры». Алена Германовіч прэзентавала ў Варшаве сваю кнігу «Страшна і смешна»

    Беларуская журналістка з Гомля Алена Германовіч прэзентавала 10 траўня ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі сваю дэбютную кнігу «Страшна і смешна». Калі пісьменніца чытала свае творы ўголас – дыктафоны бралі паўзу, а ў зале сама сабой уключалася музейная кававарка. «Белсат» пабываў на прэзентацыі.

    Алена Германовіч прэзентавала сваю кнігу «Страшна і смешна»

    Журналістка і пісьменніца Алена Германовіч падчас аўтарскай сустрэчы ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Кніга Алены Германовіч «Страшна і смешна» – гэта пяць раздзелаў, 35 кароткіх апавяданняў (ці эсэ, як пішуць рэцэнзенты) і адзін псалом (151‑ы). Апошні раздзел пачынаецца тэкстам «Паскудны секс у цягніку на ніжняй палічцы». Тут ад аднаго толькі загалоўку пачынаюць пабразгваць шклянкі на століку ў Музеі вольнай Беларусі. А калі аўтарка пачынае падчас прэзентацыі ўголас чытаць аповед «Як я была ў вар’ятні…», самавольна ўключаецца кава-машына (і не хоча выключацца), не вытрымліваючы напружання.

    Не ведаем пакуль, якім чынам і цудам, але вось так працуе проза Германовіч. І страшна, і смешна. Магія нейкая.

    «Я веру ў містыку літаратуры, у тое, што літаратура – гэта не проста там напісаў ці пачытаў. Гэта нешта большае. І ў гэтай кнізе вельмі шмат такіх знакаў. І гераіня бачыць у вельмі простых і звычайных рэчах сапраўды нейкія важныя сімвалы для сябе і для ўсяго свету», – заўважае Германовіч, адказваючы на пытанне пра магію літаратуры (кававарка змаўкае).

    «Кожны чалавек для мяне быў скарбам»

    Найбольш працяглую паўзу аўтарка зборніку бярэ пасля пытання пра Бога, якое задае мадэратар сустрэчы – пісьменнік і журналіст Аляксандр Чарнуха: «На Беларусі сапраўды Бог жыве?..»

    «…Не ведаю. Калі Бог ёсць, то ён жыве ўсюды. Ну, тэарэтычна, так?.. І мае асабістыя стасункі з ім часта былі вельмі вясёлымі. Шмат было гісторыяў. Хочаце, раскажу адну?..» – адказвае Алена Германовіч і распавядае, як аднойчы дзякуючы боскаму ўмяшанню атрымала 250 рублёў журналісцкага ганарару ў аддзяленні «Белпошты» («аддзяленні пекла на зямлі»).

    Сустрэча з журналісткай і пісьменніцай Аленай Германовіч у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Усе апавяданні, якія публікуюцца ў зборніку «Страшна і смешна», – беларускія і пра Беларусь. Ані каліва эміграцыі, ані трошку Польшчы. Бог, які на просьбу «вось бы мне грушу», працягвае гераіні памідор, – чыста беларускі (у тым выпадку – віцебскі). Аўтарка прызнаецца, што ў Польшчы ёй проста нудна і сумна. Таму і ўзялася пісаць беларускія апавяданні. Бо ў Беларусі – весела. А яшчэ весялей, калі працуеш там журналістам (не зараз, зразумела, не зараз).

    «Я трапляла ў розныя цяжкія, складаныя, смешныя сітуацыі. Я вельмі любіла падарожнічаць на цягніках, назіраць за людзьмі, размаўляць з імі. Кожны чалавек, якога я сустрэла, для мяне быў скарбам, таму што гэтыя людзі расказвалі мне неверагодныя гісторыі. Часам было і страшна, і смешна», – пасміхаецца Германовіч.

    «І пра багатае ўнутранае жыццё, і пра беднае – вонкавае»

    Гэтыя «неверагодныя гісторыі», як тлумачыць аўтарка, яна паспрабавала «скласці ў кучку», «каб было там і пра багатае ўнутранае жыццё, і пра беднае вонкавае жыццё». Атрымалася. Выйшла кніга.

    «Я не выбірала сваіх герояў. Гэта яны выбіралі мяне. Напрыклад, еду я ў цягніку, нікога не чапаю. На прыпынку Васілевічы заходзіць бабулька. Абсалютная цемра. Яна сядае насупраць мяне, дастае семкі і кажа: «Семкі буду есці». Я такая: «Ну…». Яна: «Еду на пахаванне, муж памёр». Я кажу: «Муж памёр? Які муж памёр?». Яна: «Ды гэта, трэці ўжо памёр». Праз паўзу: «Не, чацвёрты, гэты – чацвёрты. А той памёр ад ног…». І яна на працягу паездкі расказвае мне дзікія гісторыі пра сваіх мужоў. Кажа: «Адзін памёр ад алергіі». Я кажу: «Ад якой алергіі?» Яна: «Не ў яго была алергія, ён на будаўніцтве працаваў у Маскве. Адзін там упаў з люлькі і разбіўся. А кішкі на майго мужа паляцелі, і ў яго пачалася алергія…». Такія дзікія-дзікія гісторыі. Проста, напэўна, людзей ніхто не слухаў, апрача мяне, я так думаю», – распавядае Германовіч.

    Смешна. Але ў тэкстах Германовіч адчуваецца і прысмак настальгіі. Такія персанажы не сустракаюцца ў польскіх цягніках. Хоць вагонныя гісторыі з Польшчы таксама ўжо назапашваюцца і «збіраюцца ў кучку». Але ім пакуль што далёка да гомельскіх. У нейкі момант ловіш сябе на адчуванні, што сядзіш не на варшаўскай літаратурнай імпрэзе, а ў чакальні гомельскага чыгуначнага вакзалу (шклянкі зноў пабразгваюць), бо большасць прысутных на прэзентацыі, як аказваецца, – гамельчукі.

    Сустрэча з журналісткай і пісьменніцай Аленай Германовіч у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Я не адмаўляюся ад Гомля!»

    «Алена, слухай, ты ўвогуле гомельская пісьменніца ці беларуская? Ці Гомель быў важны для ўсіх гэтых гісторыяў і чаму?» – пытаюцца слухачы.

    «Калі ты жывеш у гэтым горадзе – важна ці не важна – даводзіцца сустракацца з людзьмі, якія там жывуць. Ты не выбіраеш. Я проста нарадзілася не ў Гомлі, але апошнія гады жыла там і вельмі шмат вандравала па ўсёй Беларусі. А найбольш мне падабалася мая радзіма – Валожыншчына, а потым – Глыбоччына з возерам Шо, і Палессе… Я часам маю пэўную настальгію… Гомельская ці беларуская я пісьменніца? Беларуская. Але я не адмаўляюся ад Гомля! Я не кажу, што я не гомельская, не» – запэўнівала сваіх землякоў Германовіч.

    Пісьменніца дзякавала ўсім, хто прычыніўся да выхаду яе кніжкі, паўдзельнічаўшы ў зборы грошай на выданне. У студзені 2026 года чытачы сабралі на выданне зборніку эсэ «Страшна і смешна» каля 1300 еўраў. Кніга пабачыла свет у кракаўскім выдавецтве «Guten­berg Pub­lish­er» – з гранёнай шклянкай у «чыгуначным» падшклянку на вокладцы (фотаздымак аўтаркі), які адным махам перакідвае цябе ў плацкартны вагон «Белчыгункі» «Гомель – Віцебск» (напрыклад).

    Кнігу плануюць выдаць іспанцы

    Германовіч паведаміла на сустрэчы, што зборнікам «Страшна і смешна» зацікавіліся іспанцы, якія згулялі важную ролю («адзін іспанскі сябар») у тым, што гэтая кніга пабачыла свет:

    «Я не хачу хваліцца, я і не хвалюся, але – хвалююся, бо кнігу плануецца выдаць на іспанскай мове, і адна фундацыя ўжо канкрэтна зацікаўленая тым, каб яе там выдаць».

    На пытанне пра творчыя планы пісьменніца адказвае лаканічнай фразай: «Буду пісаць далей».

    «Больш якасна буду пісаць. Абяцаю, што буду развівацца. Як кажуць у сваіх прамовах высокія начальнікі, будзе ўстойлівае развіццё. Глядзім наперад!» – дадае Германовіч.

    Журналістка і пісьменніца Алена Германовіч падпісвае кнігу падчас аўтарскай сустрэчы ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Кніга надзіва чалавечная, як усмешка стомленага – «заўсёды ў гэтым свеце ў кожнага ёсць больш важныя справы, чым ты». Чытала не адрываючыся», – цытуем водгук на кнігу пісьменніцы Святланы Курс, змешчаны на задняй вокладцы выдання.

    Творчая сустрэча з Германовіч скончылася аўтограф-сесіяй і сяброўскім чаяваннем пад адключанай кававаркай. Кнігі раскупляліся прыкладна так, як раскупляюцца білеты на цягнік, да адпраўлення якога засталося ўсяго некалькі хвілін. Хоць, калі ён насамрэч адправіцца, ведае толькі беларускі Бог…

    Алена Германовіч – беларуская журналістка і пісьменніца. Нарадзілася ў вёсцы Раднікі Валожынскага раёну ў 1978 годзе. Мае філалагічную адукацыю. «Страшна і смешна» – ейная дэбютная кніга.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.