Кватэру завочна асуджанага журналіста Уладзіміра Хільмановіча будуць прадаваць з аўкцыёну. Каментар юрыста БАЖ
Кватэру завочна асуджанага журналіста Уладзіміра Хільмановіча беларускія ўлады будуць прадаваць з аўкцыёну 26 траўня. Гэта частка арыштаванай маёмасці Уладзіміра Хільмановіча, якую суд пастанавіў выставіць на продаж дзеля кампенсацыі прысуджанага штрафу. У жніўні 2024 года журналіста звінавацілі ў экстрэмізме і завочна прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу.

Аўкцыён арганізаваны на анлайн-пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне». Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі Беларусі і займаецца ў тым ліку продажам канфіскаванай і арыштаванай маёмасці.
Каментар юрыста БАЖ:
— Продаж на аўкцыёне маёмасці асуджанага чалавека, калі ў яго няма іншых сродкаў пагасіць спагнаную суму — непазбежнае наступства прысуду. Гэта не залежыць ад волі нейкіх службовых асоб: калі існуе запазычанасць, выканаўчая вытворчасць пачынаецца ў абавязковым парадку, і аўкцыён у гэтым выпадку — працэдура, прапісаная ў інструкцыі па выканаўчай вытворчасці.
Але трэба адзначыць, што сам крымінальны пераслед і прысуд, вынесены завочна ў дачыненні да журналіста, — гэта прыклад трансгранічных рэпрэсій, і продаж маёмасці ў межах выканаўчай вытворчасці выступае элементам гэтых рэпрэсій, — адзначае юрыст.
На сайце РУП «БелЮрЗабеспячэнне» выстаўлены фотаздымкі двухпакаёвай кватэры журналіста. З іх вынікае, што кватэра прадаецца з усёй унутранай абстаноўкай.

Але ў апісанні лота Уладзімір Хільмановіч заўважыў памылку:
«Там гаворыцца, што ў кватэры прапісаны адзін поўнагадовы грамадзянін. Але гэта не так: нас там зарэгістравана двое, я і мой поўнагадовы сын. Я яшчэ не вырашыў, але, магчыма, напішу на гэта скаргу, бо пакупнікоў уводзяць у зман. І калі прысуд тычыцца мяне, то куды з арыштаванай кватэры па законе мусіць выселіцца яшчэ адзін член маёй сям’і? Ніякіх афіцыйных папер пра прадастаўленне яму іншага жытла не было».
Каментар юрыста БАЖ:
— У выпадку продажу кватэры, у якой застаецца зарэгістраваны папярэдні ўласнік ці член яго сям’і, для новага ўласніка ўзнікаюць пэўныя цяжкасці. Калі ён захоча скасаваць гэтую рэгістрацыю («выпісаць» чалавека), то зрабіць гэта можна будзе толькі ў судовым парадку. Адметна тое, што цяпер такія позвы суды звычайна не задавальняюць; гэтая практыка, відаць па ўсім, скіраваная супраць тых, хто з’ехаў з Беларусі (каб стварыць дадатковыя цяжкасці ў распараджэнні маёмасцю).
Хацелася б таксама звярнуць увагу на тое, што ў беларускім Цывільным кодэксе прадугледжаны інстытут віндыкацыі — патрабавання маёмасці з чужога незаконнага валодання. У прыватнасці, калі маёмасць выбыла з валодання ўласніка супраць яго волі, ён мае права патрабаваць ад новага ўласніка вярнуць яе, нават калі той набыў маёмасць за плату і не ведаў, што яе продаж незаконны.
То бок можа надысці дзень, калі палітычна матываваныя прысуды і іх наступствы прызнаюць незаконнымі, і першапачатковыя ўласнікі атрымаюць права забраць назад свае кватэры, а тыя, хто куплялі іх на аўкцыёнах, будуць, напэўна, спаганяць выплачаныя грошы з дзяржавы, — падкрэслівае юрыст.
Сёлета ў канцы сакавіка аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёна Гродна даслаў Уладзіміру Хільмановічу афіцыйную паперу пра тое, што мясцовы філіял «БелЮрЗабеспячэнне» ацаніў яго двухпакаёвую кватэру ў 126 тысяч беларускіх рублёў. Аднак штраф, накладзены на журналіста, — усяго 40 тысяч рублёў.
У сакавіку гэтага года з аўкцыёну спрабавалі прадаць лецішча журналіста — дакладней, будынак у вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна, які ў дакументах фігуруе як «сельскі клуб». Уладзімір Хільмановіч марыў зрабіць там месца для сямейнага адпачынку, але гэта вымагала надта вялікіх фінансавых укладанняў. Драўляную пабудову, якая патрабуе вельмі грунтоўнага рамонту, ацанілі ў 5 040 беларускіх рублёў. Але на аўкцыёне, прызначаным на 19 сакавіка 2026 года, яе так ніхто і не набыў.
Каментар юрыста БАЖ:
— Прадаваць з аўкцыёна кватэру, калі яе кошт перавышае памер запазычанасці, закон не забараняе (калі ў даўжніка няма дастатковых грашовых сродкаў і ён не прапанаваў для продажу іншую маёмасць). У такім выпадку з сумы, атрыманай за кватэру, у бюджэт залічваецца сума спагнання (штрафу), утрымліваецца прымусовы збор (плата за выканаўчую вытворчасць — 10 % ад сумы спагнання) і сумы па іншых выканаўчых лістах, калі такія ёсць, — а рэшта мусіць быць пералічаная даўжніку.
У сённяшніх умовах гэта можа аказацца немагчымым. Інструкцыя па выканаўчай вытворчасці ўтрымлівае такую фармулёўку: «Калі ў судовага выканаўцы адсутнічае магчымасць пры належным апавяшчэнні даўжніка пералічыць яму грашовыя сродкі, яны знаходзяцца на рахунку органа прымусовага выканання на працягу трох гадоў з моманту апавяшчэння даўжніка аб неабходнасці перадачы рэквізітаў для пераліку грашовых сродкаў». Калі даўжнік не звернецца па грошы на працягу трох гадоў, яны будуць пералічаныя ў бюджэт, — тлумачыць юрыст.
Уладзімір Хільмановіч кажа, што даўно «паставіў крыж» на маёмасці, якую давялося пакінуць у Беларусі. З 2021 года ён вымушана жыве ў эміграцыі, пакінуўшы радзіму праз пагрозу крымінальнага пераследу за прафесійную і грамадскую дзейнасць.
Справа Уладзіміра Хільмановіча
19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Ігара Собалева прызнаў Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання. Крымінальную справу ў дачыненні да журналіста разглядалі завочна — у парадку так званай спецыяльнай вытворчасці.
У выніку суддзя Ігар Собалеў прыгаварыў Уладзіміра Хільмановіча да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і прызначыў штраф памерам 40 тысяч рублёў.
Спробы журналіста абскардзіць вырак абласнога суда поспеху не мелі.
Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 года. Тады сілавікі і апісалі маёмасць па месцы яго рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень быў праведзены ператрус у кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое журналісцкае пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама апісалі побытавую тэхніку.
Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў 13 сакавіка 2024 года.
13 верасня 2024 года прозвішча Уладзіміра Хільмановіча ўнеслі ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС Беларусі.
Што менавіта інкрымінавалі Хільмановічу — дагэтуль невядома. Спробы журналіста даведацца падрабязнасці справы плёну не далі. Але сярод рэчавых доказаў следства згадваліся «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы». Таму Уладзімір перакананы, што яго пакаралі менавіта за журналісцкую працу.
@bajmedia