• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма чацвёрты раз уключылі сайт выдання «Першы Рэгіён»

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 28 траўня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    «Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: брэсцкі рэгіянальны сайт «Першы»,

    Гэтым разам у спіс забароненых да распаўсюду інтэрнэт-рэсурсаў унеслі сайт незалежнага анлайн-выдання «Першы Рэгіён» (ідэнтыфікатар https://1reg.pro). Рашэнне прызнаць яго «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 26 траўня 2026 года суд Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

    На сёння выданне прэзентуе сябе як «інфармацыйны сайт пра грамадска-палітычныя, сацыяльна-эканамічныя падзеі ў Беларусі і ў Еўропе». Упершыню яго змест быў прызнаны «экстрэмісцкім» яшчэ 27 снежня 2021 года. У 2024‑м годзе сайт «Першы Рэгіён» прызнавалі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» двойчы — у лютым і ў снежні.

    У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў таксама ўключаны YouTube-канал «Першы Рэгіён», прычым двойчы — у 2024 годзе і ў красавіку сёлета. «Экстрэмісцкім» прызнаны змест Telegram-канала выдання (у верасні 2022 года) і яго старонкі ў Face­book (у лютым 2026 года).

    «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны Threads-акаўнт baj.media.by (ідэнтыфікатар https://www.threads.com/baj.media.by). Адпаведнае рашэнне прыняў 27 траўня 2026 года суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы.

    лагатып БАЖ

    Гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). У лютым 2023 года рашэннем КДБ праваабарончая арганізацыя была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем», кантэнт шэрагу яе сацсетак прызнаны «экстрэмісцкімі» інфармацыйнымі матэрыяламі.

    У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўнеслі і суполку «Зеленый портал» у сацсетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар https://vk.ru/green_belarus). Рашэнне прызнаць яе «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 26 траўня 2026 года суд Ленінскага раёна Брэста. У суполцы больш за 3 тысячы падпісчыкаў, але абнаўленняў там няма з сакавіка 2023 года.

    «Зеленый портал» — гэта спецыялізаванае беларускае медыя, якое піша пра экалогію і ахову прыроды. Рэдакцыяная каманда выдання вымушага працуе ў эміграцыі. Insta­gram i Telegram-канал выдання таксама прызнаныя «экстрэміскімі» інфармацыйнымі матэрыяламі.

    «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны Tik­Tok-акаўнт Radix Belarus (ідэнтыфікатар @radix.belarus). Так вырашыў 27 траўня 2026 года суд Маладзечанскага раёна. Гэта інтэрнэт-рэсурс блогера і журналіста, былога палітвязня Мікалая Дзядка.

    Леанід Судаленка

    Леанід Судаленка на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Той самы суд 27 траўня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт Tik­Tok-акаўнта з назвай «прыгону.net» (ідэнтыфікатар @forced_labor), які вядзе праваабаронца Алег Мацкевіч, і Tik­Tok-акаўнта з назвай l.sudalenka (ідэнтыфікатар @l.sudalenka), яго вядзе праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка. Назвы абедзьвюх старонак на сайце Мінінфармацыі пададзеныя з памылкамі.

    Унеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і старонку ў Face­book з назвай «Свабодка» (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/swabodka?locale=ru_RU). Гэты рэсурс апісаны ў сацсетцы як «Неафіцыйныя навіны афіцыйнага радыё», на ім размяшчаліся навіны «Радыё Свабода», але апошнія публікацыі былі зробленыя яшчэ ў 2020 годзе. Старонку прызнаў «экстрэмісцкай» суд горада Наваполацка рашэннем ад 26 траўня 2026 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.