• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пяць гадоў чакання. Як Беласток сустракаў Анджэя Пачобута пасля вызвалення

    Каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку ў Беластоку сабраліся людзі, якія пяць гадоў змагаліся за свабоду Анджэя Пачобута. Журналісты, актывісты, беларусы і палякі прыйшлі сустрэць чалавека, імя якога стала адным з сімвалаў супраціву рэпрэсіям у Беларусі. Сам Пачобут падзякаваў усім, хто не дазволіў уладам ператварыць яго ў забытага вязня.

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут выступае ў Беластоку. Побач з ім з права вядомы польскі палітык і шматгадовы прыхільнік беларускай дэмакратычнай супольнасці Роберт Тышкевіч. 10 чэрвеня 2026 года. Фота: БАЖ

    На сустрэчу прыйшлі дзясяткі людзей, сярод іх — ягоныя калегі, журналісты і актывісты, якія на працягу пяці гадоў выходзілі на гэтую плошчу з партрэтамі Анджэя, бела-чырвона-белымі сцягамі і патрабаваннямі яго вызвалення.

    Вядомы беластоцкі журналіст, супрацоўнік «Радыё Рацыя» Мікола Ваўранюк распавёў, што ведае Анджэя Пачобута ўжо шмат гадоў у самых розных якасцях: як музыканта андэграўнднага панк-рок-гурта Devi­a­tion, як выдатнага гіда па Гародні і як прафесійнага журналіста.

    Адказваючы на пытанне, ці маюць значэнне акцыі салідарнасці ў іншых краінах, калі чалавек знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах, Мікола Ваўранюк прыгадаў словы беларускага пісьменніка Сакрата Яновіча, ураджэнца Падляшша.

    Мікола Ваўранюк

    Мікола Ваўранюк. Фота: БАЖ

    Адказваючы на пытанне, ці маюць значэнне акцыі салідарнасці ў іншых краінах, калі чалавек знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах, Мікола Ваўранюк прыгадаў словы беларускага пісьменніка Сакрата Яновіча, ураджэнца Падляшша:

    — Сакрат Яновіч казаў, што калі можаш адбівацца, адбівайся. Калі не можаш, крычы. Калі не даюць крычаць, хоць пішчы. Але выказвай сваю пазіцыю. Гэтыя акцыі маюць сэнс, бо паказваюць нашую грамадскую пазіцыю. Па-другое, як цвердзяць палітвязні, да іх даходзіць інфармацыя пра нашую падтрымку. Калі забудземся пра калег, невядома, ці згадае нехта пра нас. Невядома, які нам усім лёс напісаны.

    Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, публіцыст і гарадзенец Уладзімір Хільмановіч прыйшоў на сустрэчу са сваім паплечнікам у кашульцы з фотаздымкам Дзяніса Івашына — журналіста-расследавальніка і палітычнага зняволенага рэжымам Лукашэнкі.

    Уладзімір Хільмановіч

    Уладзімір Хільмановіч. Беласток, 10 чэрвеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Уладзімір Хільмановіч нагадаў, што, нягледзячы на вызваленне Анджэя Пачобута, у беларускіх турмах дагэтуль застаюцца нашы калегі-журналісты, якія былі асуджаныя за сваю прафесійную дзейнасць:

    — Колькасць палітвязняў значная дагэтуль, у тым ліку журналістаў. Дзяніс Івашын атрымаў вельмі жорсткі прысуд за сваю працу. Зараз у Гародні быў фальшывы фэстываль нацыянальных культур. З тых палітвязняў, якія сядзяць у турмах за свае погляды, можна было б вялікую калону сфармаваць. Мне асабіста не ўдалося прывітаць Анджэя, бо вельмі шмат людзей. Мы сюды выходзілі шмат месяцаў, каб выказаць салідарнасць.

    Анджэй Пачобут прыйшоў на сустрэчу ў суправаджэнні польскіх палітыкаў, у тым ліку Роберта Тышкевіча.

    Даведка: Роберт Тышкевіч — вядомы палітык і шматгадовы прыхільнік беларускай дэмакратычнай супольнасці. Яшчэ ў 1980‑я гады ён займаўся апазіцыйнай дзейнасцю ў камуністычнай Польшчы, быў адным з актывістаў падпольнай «Салідарнасці» ў Беластоку, выдаўцом і рэдактарам незалежнага выдання «Nasz Głos», за што падвяргаўся пераследу і быў арыштаваны ўладамі Польскай Народнай Рэспублікі.

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут выступае ў Беластоку. 10 чэрвеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Анджэй падзякаваў усім, хто на працягу гэтых пяці гадоў збіраўся на плошчы ў Беластоку на знак салідарнасці з ім. Пачобут адзначыў, што такая падтрымка была надзвычай важнай, і прызнаўся, што да яго даходзіла інфармацыя пра гэтыя акцыі, таму ён ведаў: пра яго не забыліся.

    Асобна Анджэй Пачобут звярнуўся да беларусаў, якія складалі большасць прысутных на сустрэчы. Ён выказаў ім словы падзякі па-беларуску.

     

    «Нагадаю, мяне абвінавачвалі ў распальванні міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасці. Але тое, што беларусы тут, — гэта прамы доказ, што ўсе гэтыя абвінавачанні хлусня і паклёп», — зазначыў былы палітвязень Анджэй Пачобут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.