Следчыя абяцаюць «узмацніць кантроль за супрацьпраўным кантэнтам» у Threads і TikTok
Следчы камітэт распаўсюдзіў паведамленне для грамадскасці аб тым, што «ва ўмовах росту колькасці выпадкаў распаўсюду дэструктыўнай інфармацыі следчыя ўзмацняюць маніторынг і аператыўнае рэагаванне на публікацыі і каментары, асабліва ў Threads і TikTok, з наступнай прававой ацэнкай дзеянняў аўтара».

Ілюстрацыя створана БАЖ з дапамогай Gemini
Паводле інфармацыі СК, асаблівая ўвага будзе надавацца матэрыялам, якія змяшчаюць «дэзінфармацыю насельніцтва; распальванне сацыяльнай варожасці; заведама ілжывыя паведамленні пра небяспеку; рэабілітацыю нацызму».
Як паведамляе СК, у следчых нібыта ўжо ёсць факты, калі «асобы з мэтай павелічэння ахопу сваіх публікацый і прыцягнення аўдыторыі да свайго акаўнта наўмысна распаўсюджваюць інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці, пра нібыта ўчыненае кімсьці злачынства, выдаюць сябе за ахвяру або сведку злачынства». Следчыя абяцаюць даваць «такім фактам прававую ацэнку».
«Падобны кантэнт наносіць сур’ёзную шкоду грамадству і дзяржаве. Дэзінфармацыя і ілжывыя паведамленні пра небяспеку правакуюць непакой сярод насельніцтва, адцягваюць сілы праваахоўных органаў і экстранных службаў ад выканання рэальных задач. У эпоху хуткага распаўсюду інфармацыі ў інтэрнэце адзін правакацыйны допіс або каментар можа за лічаныя гадзіны ахапіць дзясяткі тысяч карыстальнікаў, наносячы шкоду стабільнасці і бяспецы краіны. Многія аўтары і распаўсюднікі такога кантэнту мяркуюць, што ананімнасць у сетцы гарантуе беспакаранасць, аднак гэтае меркаванне памылковае», — папярэджвае СК.
У паведамленні СК абяцае «сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі актыўна выяўляць асоб, датычных да падобных дзеянняў, выкарыстоўваючы ўвесь спектр следчых дзеянняў і міжнароднае супрацоўніцтва». «Вінаватым пагражае крымінальная адказнасць», — зазначаюць у СК.
Нагадаем, апошнім часам улады актыўна пачалі вывучаць Threads на «экстрэмізм». Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Мінінфарма толькі ў траўні дапоўніўся дзясяткамі акаўнтаў у Threads і TikTok.
@bajmedia