• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ад адукацыі да дакументавання злачынстваў: як беларуская супольнасць выбудоўвае абарону ад машыны хлусні

    Журналіст, былы выкладчык журфака БДУ Дзмітрый Нікановіч запусціў відэакурс «Фабрыка рэальнасці. Як распазнаваць прапаганду і не трапляць пад яе ўплыў», каб даць беларусам інструменты супраціву агрэсіўнай дэзінфармацыі. У той жа час БАЖ працягвае фіксаваць «crime speech» — выказванні, якія выходзяць за межы слова і становяцца крымінальнымі злачынствамі.

    прапаганда, экраны, прапагандысты

    Ілюстрацыя створана БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    У сучаснай Беларусі грань паміж інфармаваннем і маніпуляцыяй не проста размытая — яна мэтанакіравана знішчаецца. Калі дзяржаўныя прапагандысты з гонарам прысвойваюць сабе гэтае званне, а ўніверсітэцкія кафедры аддаюцца пад «лекцыі» прапагандыстаў, пытанне медыяпісьменнасці становіцца пытаннем бяспекі.

    Відэакурс «Фабрыка рэальнасці. Як распазнаваць прапаганду і не трапляць пад яе ўплыў» створаны экс-дацэнтам факультэта журналістыкі БДУ Дзмітрыем Нікановічам, які з 2022 года жыве ў Польшчы. У жніўні 2022-га ён быў вымушаны звольніцца з БДУ, а ўвосень таго ж году — разам з сям’ёй пакінуць Беларусь.

    «Курс па прапагандзе вымагаў вельмі шмат часу, каб ім проста займацца. Зрабіць такую фундаментальную насамрэч працу: распрацаваць курс, напісаць усе скрыпты, сесці перад камерай, запісаць відэа, а пасля гэта аформіць, няхай і з дапамогай штучнага інтэлекту стварыць пэўныя малюнкі, карцінкі, слайды, пасля гэта самому ўсё зманціраваць. Я скарыстаўся толькі паслугамі графічнай дызайнеркі, якая мне распрацавала лагатып гэтага курса.

    Таму, канешне, каб гэтым займацца, трэба было шукаць нейкія магчымасці, — распавёў БАЖ Дзмітрый Нікановіч. — Але Еўрапейскі саюз стварыў такую магчымасць — была аб’яўленая праграма EdTech4BY, якая падтрымлівае развіццё, павышэнне пазнавальнасці і ўстойлівасці беларускай анлайн-адукацыі».

    Праграма аб’ядноўвае выкладчыкаў, стартапы, анлайн-школы і навучэнцаў праз спалучэнне супольнаснага менеджменту, канкурэнтнай інкубацыі і агульнай тэхналагічнай платформы.

    Дзмітрый Нікановіч прайшоў конкурс, атрымаў «сціплую суму на стварэнне курсу — таму не наймаў відэаператараў і сцэнарыстаў, то-бок увесь курс — гэта цалкам мой прадукт, які зараз размешчаны на платформе EdTech4BY».

    Аўтар песень, даследчык беларускай прапаганды. Гісторыя былога дацэнта журфака Дзмітрыя Нікановіча

    «Фактычна зараз гэты курс знаходзіцца ў стадыі тэставання. Можна сказаць, што гэта прататып, нягледзячы на тое, што ён цалкам закончаны, там 12 акадэмічных гадзін відэа, ёсць некалькі заданняў, ёсць чэк-лісты для таго, каб можна было кожны раз не пераглядаць лекцыі, прачытаць штосьці, што даведаліся, паслухалі.

    Зараз я запрасіў сваіх сяброў, знаёмых, падпісчыкаў, каб яны прыйшлі на гэты курс, паглядзелі, ацанілі, выказалі свае меркаванні, добрай ён якасці, ці варта штосьці палепшыць. Ужо атрымаў першыя водгукі, якія цешаць — што курс чаканы, насамрэч карысны, што добра зроблены. Мне прыемна гэта чуць пра свой прадукт», — кажа суразмоўца.

    «Не можа быць прапаганды ў добрым сэнсе»

    Дзмітрый Нікановіч зазначае, што ў стварэнні курсу спатрэбіўся досвед выкладчыка факультэту журналістыкі БДУ:

    «Думаю, гэта такая пераўпакоўка маёй экспертызы, майго мінулага досведу. І чыста прафесійныя назіранні з досведу працы ў палітычнай арганізацыі. Я зразумеў, што нават нашыя дэмакратычныя палітыкі і актывісты, цудоўныя людзі, якіх я вельмі паважаю, выкарыстоўваюць, напрыклад, такія словы: «нам трэба займацца контрпрапагандай супраць рэжыму Лукашэнкі».

    З чаго я заключаю, што, на жаль, яны зусім не ведаюць, чым ёсць контрпрапаганда, што яна — гэта тая ж прапаганда. А яна не можа быць станоўчай і не можа быць «у добрым сэнсе», ведаеце, часта ж кажуць: «нам трэба займацца прапагандай, але ў добрым сэнсе».

    Мне здаецца, мушу проста ўзяць на сябе гэтую місію і патлумачыць вельмі простую рэч: калі людзі кажуць, што яны будуць займацца прапагандай альбо контрпрапагандай, гучыць гэта прыблізна так: вось мы прыйдзем да ўлады ў Беларусі і разам з люстрацыямі зладзім не суд, а інквізіцыю. То-бок, адрозненне прапаганды ад журналістыкі гэта як паміж інквізіцыяй і судом. І гэта вельмі істотна».

    Нікановіч

    Дзмітрый Нікановіч. Фота з асабістага архіву

    Дзмітрый Нікановіч заўважае, што вывучае каментары пад рознымі допісамі ў сацыяльных сетках: «Бачу, што часам людзі ў катэгорыю прапаганды ўносяць вельмі рознае. Пішуць пра тое, што прапаганда — гэта чайлд-фры, талеранцыя, ліберальныя каштоўнасці і г.д.

    Людзі абсалютна не разумеюць розніцы паміж прапагандай у аўтарытарызме ці таталітарызме, не бачаць мяжы паміж прапагандай умоўна Гітлера і Сталіна і тым палітычным інфармацыйным дзеянням, якое абсалютна натуральна існуе ў кожнай дэмакратычнай краіне.

    Тут жа ёсць партыйная барацьба, ёсць палітычная агітацыя, ёсць рознага кшталту трансляцыі каштоўнасцяў, лабіяванне, адвакатаванне, стратэгічная камунікацыя — і ўсё гэта вельмі далёка насамрэч ад паняцця прапаганды ў яе вузкім, напэўна, самым чыстым значэнні, такім значэнні, якое я прапаную ў гэтым курсе. Думаю, што вельмі важна пра гэта гаварыць, важна і маладым журналістам пра гэта ведаць».

    Дзмітрый Нікановіч лічыць, што пра пагрозы прапаганды «трэба гаварыць як мага больш і падвышаць нашу медыйную, агульную пісьменнасць, інфармацыйную культуру ўсяго грамадства»:

    «Гэта надзвычай важна,бо з’яўляецца адным з інструментаў фармавання інфармацыйнай ўстойлівасці і супрацьдзеяння прапагандзе. Тады кожны з нас будзе разумець, што гэта за крыніца, адкуль яна вяшчае, ці з’яўляецца яна працягам рукі ўлады, якая пры гэтым падаўляе альтэрнатыву, якая знішчае журналістыку, незалежнасць краіны, якая закрывае медыя, крыміналізуе журналісцкую дзейнасць, называе журналістаў экстрэмістамі, тэрарыстамі. Гэта крок для таго, каб зразумець насамрэч, што мы ўсе не можам застрахавацца да канца ад гэтага ўплыву і дзеяння з таго боку».

    «У Беларусі абсалютна дэвальваваныя адукацыйныя і прафесійныя нормы»

    Дзмітрый Нікановіч быў студэнтам журфаку БДУ ў 2010–2015 гадах: 

    «Была ідэалогія, была прапаганда. Але, тым не менш, нейкае зерне здаровага сэнсу захоўвалася, на журфаку былі выкладчыкі абсалютна адэкватныя паралельна з тымі, якія займаліся нейкімі архаічнымі дысцыплінамі. Нам усё ж тлумачылі і розніцу паміж прапагандай і журналістыкай, і паміж піарам і прапагандай, і паміж піарам і журналістыкай. Пра стратэгічную камунікацыю тады яшчэ не гаварылася, але ўжо гаварылася пра дзяржаўныя камунікацыі, чым яны карысныя, чым яны адрозніваюцца і г.д.

    Цяпер, канешне, можна ўжо канстатаваць, што мяжа паміж журналістыкай і прапагандай цалкам размытая — калі прапагандысты са старонак прэсы з гонарам кажуць, што «мы — прапагандысты, і гэтае званне ганаровае і пачэснае (гэта я амаль літаральна цытую Мукавозчыка)». Прапагандысты прыходзяць у студэнцкія аўдыторыі і чытаюць лекцыі — тут ужо можна казаць пра абсалютную дэвальвацыю адукацыйных, прафесійных норм і стандартаў. Сістэма адукацыі зліваецца з сістэмай прапагандысцкай».

    Дзмітрый Нікановіч лічыць беларускую прапагандыцскую сістэму пабудаванай па класічных лекалах СССР:

    «Яна цяпер з’яўляецца працягам дзяржаўнай сістэмы, ёсць ідэалагічны апарат, ёсць адзіныя дні інфармавання, ёсць прызначаныя галоўныя рэдактары, якіх узгадняе прэзідэнцкая вертыкаль і гэтак далей, і гэтак далей.

    Ідэолагі і старшыні райвыканкамаў сустракаюцца з галоўнымі рэдактарамі раённых газет, рассылаюцца рэкамендацыі пра тое, як трэба пісаць, што трэба асвятляць. Фактычна спускаюцца нават цэлыя рубрыкі інфармацыйнай кампаніі, што павінна з’явіцца на газетнай паласе у той ці іншы тыдзень.

    Ты заходзіш на БелТА, чытаеш асноўныя наратывы і гэтага дастаткова, каб зразумець, што пакажа АНТ, што напіша СБ, што напіша «Рэспубліка», то-бок няма сэнсу нават асабліва параўноўваць змест. Маем сітуацыю з класічнай прапагандысцкай сістэмай, вельмі набліжанай да таго, што было ў Савецкім Саюзе».

    Ад агітацыі да дэгуманізацыі: чаму сучасная прапаганда смяротна небяспечная

    Незалежнай журналістыкі, якая займаецца палітычнымі тэмамі, у Беларусі зараз няма, «адпаведна, вельмі цяжка зараз увогуле ў маладога пакалення захаваць уяўленне пра тое, а якім павінен сапраўды быць гэты прафесійны свет, якой сапраўды ёсць журналістыка, якім сапраўды ёсць піяр-спецыяліст, чым займаецца прэс-служба».

    «Гэта — глабальная праблема. Мы ўжо бачым пэўны разрыў, мы тут у сваёй бурбалцы, а там студэнтаў размяркоўваюць выключна ў дзяржаўныя СМІ. Сітуацыя змянілася кардынальна, інфармацыйнае поле цалкам перабудавана пад патрэбу ўлады.

    Яшчэ ёсць расійскі фактар, беларускія прапагандысцкія наратывы фактычна сінхранізаваныя зараз з расійскімі, за рэдкім выключэннем. Дзесьці там для манеўру ёсць яшчэ невялікае поле, але ж крыніцай гэтага манеўру з’яўляецца звычайна Лукашэнка, які штосьці скажа неўзгодненае і прапаганда гэта падхоплівае, — падкрэслівае Дзмітрый Нікановіч. — Усё ж у беларускай прапаганды быў зусім іншы твар да з’яўлення расійскага дэсанту пасля 2020-га. Яна ўсё ж такі не была такой агрэсіўнай, падкрэслена амаральнай, падкрэслена крымінальнай, я б сказаў.

    Прапаганда ў Беларусі заўсёды была, але не ў тым сэнсе, у якім яна ёсць зараз. Гэта вельмі сімптаматычна, і я бачу ў гэтым вялікія выклікі і рызыкі, гуманітарныя рызыкі ў тым ліку. Бо калі накачваць людзей бясконца гэтымі наратывамі і ствараць фактычна замкнёную прастору без альтэрнатыўных галасоў, то, хоць і страшна гэта гаварыць, але людзі могуць быць «падрыхтаваныя» да агрэсіі, напрыклад, супраць той жа Польшчы, якая зараз фактычна з’яўляецца ворагам нумар адзін у беларускай прапагандзе, ці Літвы. Проста праца па дэгуманізацыі каго заўгодна, на каго пакажа беларускі рэжым».

    Нікановіч

    Дзмітрый Нікановіч. Фота з асабістага архіву

    На думку стваральніка відэакурсу, у Беларусі дастаткова шмат людзей, «якія падпадаюць пад гэты ўплыў, якія ў гэта вераць, у якіх не хапае крытычнага мыслення, у якіх не хапае проста нават банальнай інфармацыйнай гігіены, нейкіх пытанняў для самаправеркі».

    «Таму мой відэакурс не толькі для маладых журналістаў і журналістак, ці даследчыкаў і даследчыц гуманітарных дысцыплінаў, ці палітолагаў і паліталагінь. Думаю, гэты курс прыдасца грамадзянскім актывістам, прадстаўнікам беларускай дыяспары.

    Я не заклікаю людзей з Беларусі яго глядзець, але такая магчымасць ёсць. Усе адукацыйныя матэрыялы, якія я выкарыстоўваю ў курсе, наўмысна ўзятыя з прапагандысцкіх крыніц, то-бок легальных у Беларусі. Лічу, курс будзе карысны ўсім, хто цікавіцца гэтай тэмай, бо ён уключае ў тым ліку такія тэмы: як пераадольваць сямейныя канфлікты, калі прапаганда заходзіць у сям’ю; як пераадольваць разрыў праз межы, калі вы ў Польшчы умоўна, а вашыя бацькі ці дзядулі з бабулямі ў Беларусі і не хочуць з вамі размаўляць, а вы не ведаеце, як з імі пачаць гаварыць — у вас розныя каштоўнасці і погляды, сфармаваныя рознымі інфармацыйнымі прасторамі.

    Ёсць тэма пра штучны інтэлект, пра верыфікацыю данных. Гэта, можа быць, для журналістаў дасведчаных рэчы — звычайныя і зразумелыя, а для людзей, якія ніколі з гэтым прафесійна не сутыкаліся, гэта можа быць нейкім нават адкрыццём, нейкай нават сістэматызацыяй сваіх уласных уяўленняў», — падсумоўвае Дзмітрый Нікановіч.

    «Прапаганда — гэта зло»

    Намеснік старшыні БАЖ, юрыст Алег Агееў катэгарычны: «Прапаганда — гэта зло. Яе быць увогуле не павінна, рэжымы скарыстоўваюць прапаганду дзеля таго, каб сказіць уяўленне грамадства пра рэчаіснасць, а гэта вядзе да вельмі дрэнных наступстваў.

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Адпаведна, усё, што накіравана на супрацьдзеянне прапагандзе, спрыяе грамадскай дыскусіі, дапамагае грамадству бачыць сапраўдную, праўдзівую інфармацыю пра рэчаіснасць. Любыя фарматы супрацьдзеянне прапагандзе — грамадска карысныя. У тым ліку і адукацыйныя, калі размова ідзе пра тое, каб даць веды пра метады прапаганды, яе формы і навыкі распазнавання прапаганды і г.д. Гэта ўсё ідзе на карысць грамадству, бо небяспека прапаганды сёння ёсць надзвычай высокай».

    Нагадаем, напрыканцы мінулага года ў БАЖ з’явіўся праект «Злачынствы беларускай прапаганды», які аналізуе працу дзяржаўных прапагандыстаў на прадмет крымінальных злачынстваў.

    «Захоўваюцца доказы дзеянняў, якія трапляюць у зону крымінальных злачынстваў, разбор і апісанні кейсаў. Усё гэта ў пэўны час трапіць да органаў, якія будуць мець паўнамоцтвы на разгляд такіх спраў», — казаў тады Алег Агееў.

    Што да надзённага, то «мы пакуль вырашылі не выкладаць умоўна па аднаму-двум кейсам раз на месяц, а даваць блокамі інфармацыю». «Цягам чэрвеня-ліпеня плануем дадаць чарговую партыю кейсаў да базы злачынстваў прапаганды. У нашага ж праекту мэта не раскрываць метады прапагандыстаў, а прыцягнуць іх да адказнасці ў свой час за здзяйсненне крымінальнага злачынства. Мы фіксуем найбольш выбітныя іх «дасягненні», — сказаў намеснік старшыні БАЖ.

    Паводле Алега Агеева, каманда праект збірае менавіта тое, што ў ангельскай называецца crime speech (крымінальная прамова, крымінальныя выказванні).

    Злачынствы беларускай прапаганды не застануцца незаўважанымі і беспакаранымі

    Гэта юрыдычны тэрмін, які абазначае выказванні і маўленчыя акты, што выходзяць за межы свабоды слова і прызнаюцца крымінальным злачынствам. У адрозненне ад звычайных абразаў, такія словы нясуць прамую пагрозу бяспецы або жыццю людзей. У свеце да crime speech звычайна адносяць:

    • падбухторванне або заклік да здзяйснення злачынства — прапанова, схіленне або ўгаворванне здзейсніць гвалтоўныя ці незаконныя дзеянні;
    • прамыя пагрозы гвалту — наўмысныя заявы, якія выклікаюць у чалавека абгрунтаваны страх за сваё жыццё або здароўе;
    • садзейнічанне здзяйсненню злачынства — напрыклад, вусныя ўказанні, загады або патрабаванні зламысніка падчас рабавання, шантажу або захопу закладнікаў;
    • распальванне нянавісці і заклікі да генацыду — агрэсіўныя выказванні, якія распальваюць варожасць і правакуюць фізічны гвалт або дыскрымінацыю ў дачыненні да ўразлівых груп.

    «У беларускай дзяржаве зараз сапраўдных злачынцаў узнагароджваюць, і даюць самую шырокую трыбуну — прапагандысты сустракаюцца са студэнтамі, працоўнымі калектывамі і г.д., — зазначае Алег Агееў. — Таму збіраем доказы, фіксуем і апісваем канкрэтныя злачынствы, якія распаўсюджвае прапаганда. Дэканструкцыю, злом іх наратываў — гэтую працу, безумоўна, трэба весці.

    То-бок, наша праца — гэта дакументаванне злачынстваў прапаганды, гэта прававыя дзеянні, накіраваныя на фіксацыю злачынства, каб прыцягнуць зламыснікаў раней ці пазней да адказнасці. А павінна яшчэ быць і інфармацыйная праца, гэта бясспрэчна».

    Небяспечная эвалюцыя

    Як бачым, сучасная беларуская прапаганда прайшла небяспечную эвалюцыю: з інструмента ідэалагічнага кантролю яна ператварылася ў паўнавартасную сістэму «крымінальнай прамовы», якая мэтанакіравана рыхтуе грамадства да агрэсіі.

    Праз поўную сінхранізацыю з расійскімі наратывамі і выкарыстанне метадаў адкрытай дэгуманізацыі «ворагаў», яна больш не проста скажае рэчаіснасць, а стварае ізаляваную інфармацыйную прастору, дзе гвалт і падбухторванне да злачынстваў становяцца нормай. Гэта трансфармацыя нясе ў сабе сур’ёзныя гуманітарныя рызыкі.

    Асаблівую пагрозу ўяўляе сістэмная дэвальвацыя адукацыйных стандартаў, калі мяжа паміж журналістыкай і прапагандай сціраецца непасрэдна ў навучальных аўдыторыях. Уключэнне агрэсіўных прапагандыстаў у выкладчыцкі склад ВНУ сведчыць пра спробу дзяржавы не проста кантраляваць бягучы парадак дня, але і замацаваць мадэль на пакаленні наперад.

    Супрацьдзеянне патрабуе як адукацыйных мераў, так і прававой фіксацыі. Інфармацыйная ўстойлівасць грамадства сёння залежыць ад здольнасці кожнага індывіда распазнаваць маніпуляцыі і разумець працу сістэмы, якая працуе на знішчэнне журналістыкі як такой.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.