• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як аб’яднаць грамадства: латвійскі досвед барацьбы з дэзінфармацыяй. Размова з медыяэксперткай Гунтай Слога

    Латвія знаходзіцца пад пастаянным уздзеяннем расійскай гібрыднай пагрозы, і моўнае пытанне ў гэтым кантэксце мае асаблівае значэнне.

    Як аб’яднаць грамадства: латвійскі досвед барацьбы з дэзінфармацыяй. Размова з медыяэксперткай Гунтай Слога

    Рыга, Латвія. Фота: Boris K. / pexels.com

    Значная частка насельніцтва краіны, асабліва ў Латгаліі і Даўгаўпілсе, карыстаецца рускай мовай у паўсядзённым жыцці і спажывае рускамоўны інфармацыйны кантэнт. Гэта стварае дадатковыя магчымасці для распаўсюджвання расійскай дэзінфармацыі і маніпуляцый.

    Разам з тым руская мова сама па сабе не азначае прарасійскіх палітычных поглядаў. Праблема ўзнікае тады, калі моўныя і культурныя адрозненні спалучаюцца з ізаляванасцю інфармацыйных асяроддзяў, недаверам да дзяржаўных інстытутаў і ўплывам расійскіх наратываў.

    Таму для Латвіі барацьба з гібрыднай пагрозай палягае не толькі ў супрацьдзеянні прапагандзе, але і ў фарміраванні агульнай інфармацыйнай прасторы, дзе латышская мова становіцца сродкам грамадскай інтэграцыі, а не інструментам супрацьпастаўлення адной часткі насельніцтва другой

    Менавіта пра гэта ў межах сумеснага праекта ўкраінскай і беларускай рэдакцый Польскага радыё — канала замежанага вяшчання — журналісты размаўлялі з Гунтай Слога, дырэктаркай Балтыйскага цэнтра медыядасканаласці ў Рызе.

    Ці можна сказаць, што рускамоўная меншасць — асноўная група, на якую скіраваныя расійскія інфармацыйныя кампаніі?

    — Я думаю, што гэта нашмат больш складанае пытанне, чым проста сказаць, што расійскія інфармацыйныя кампаніі ўплываюць толькі на рускамоўную меншасць. Трэба разумець: Расія спрабуе ўздзейнічаць на ўсё насельніцтва Латвіі ды іншых краін Балтыі.

    Яна распаўсюджвае розныя наратывы. Адзін з іх паказвае Латвію як нібыта няўдалую дзяржаву, якая адстае ад Еўропы і мае кепскае эканамічнае становішча. Часам такія наратывы пранікаюць нават у латышскамоўную інфармацыйную прастору.

    Мы таксама бачым спробы запалохаць людзей — пасеяць страх перад вайной і беспілотнікамі. Улетку людзі ахвотна ездзяць у Латгалію, бо там цудоўная прырода. Але пасля некалькіх інцыдэнтаў з беспілотнікамі ўзімку і ўвесну яны перасталі туды ездзіць. Гаворка ідзе найперш пра ўздзеянне на свядомасць людзей.

    Размова з медыяэксперткай Гунтай Слога

    Гнута Слога. Фота: The Baltic Cen­tre for Media

    Рускамоўную меншасць нельга лічыць аднароднай групай. Часам кажуць: «Яны ўсе пуціністы». Але мы бачым розныя пазіцыі і стаўленне да крыніц інфармацыі.

    Старэйшыя пакаленні больш схільныя спажываць расійскую дэзінфармацыю, бо часта не ведаюць іншай мовы. Яны шукаюць інфармацыю па-руску, а сустрэць у такой прасторы расійскую прапаганду вельмі лёгка.

    Калі пачалася вайна, урад Латвіі заблакаваў расійскія прапагандысцкія тэлеканалы і сайты. Я цалкам падтрымліваю гэтае рашэнне. Але сітуацыю можна параўнаць з казкай пра цмока: адсякаеш адну галаву — на яе месцы вырастаюць дзве.

    Сёння ёсць YouTube і Telegram, дзе можна знайсці колькі заўгодна расійскай прапаганды. Барацьба за свядомасць людзей працягваецца. Я б не сказала, што мы дасягнулі ў ёй поспеху, але, паўтаруся, не ўсе рускамоўныя людзі аднолькавыя.

    Гунта Слога заўважае: калі гаворка ідзе пра распаўсюджвальнікаў расійскай прапаганды, варта казаць не столькі пра канкрэтных дзеячаў у Латвіі, колькі пра пэўны палітычны спектр:

    — Я не магу назваць канкрэтных людзей. Тут хутчэй ідзе гаворка пра палітычны спектр.

    Мы бачым партыі, якія адкрыта займаюць прарасійскую пазіцыю або распаўсюджваюць наратыў пра Латвію як пра няўдалую дзяржаву. Напрыклад, гэта партыя Suverēnā vara, якая спрабуе трапіць у парламент і атрымаць больш галасоў на наступных выбарах.

    Калі казаць пра інфлюенсераў, то пераважна гэта людзі, якія ўжо выехалі з Латвіі. Пасля пачатку вайны нашы службы бяспекі сталі жорстка рэагаваць на дзеянні, што супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Калі чалавек падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну, ім могуць зацікавіцца службы бяспекі.

    Літва хоча экстрадаваць з Беларусі блогера Цэлафанаса, які дае інтэрв’ю прапагандзе

    Нядаўна чалавека прыцягнулі да адказнасці за перадачу грошай расійскай арміі. Таму я б не сказала, што ўнутры Латвіі шмат інфлюенсераў, якія распаўсюджваюць такія наратывы.

    Ёсць былыя грамадзяне Латвіі, якія з’ехалі з краіны. Сярод іх — былы журналіст Мамыкін, які цяпер жыве ў Расіі і працягвае распаўсюджваць розную хлусню і дэзінфармацыю.

    Якія захады прапанавала латвійская дзяржава, каб заахвоціць рускамоўнае насельніцтва вывучаць латышскую мову?

    — Што датычыць медыяпрасторы, было прынята рашэнне абмежаваць колькасць рускамоўнага кантэнту ў грамадскім вяшчанні. Дзяржава таксама не падтрымлівае рускамоўныя СМІ. Праводзіцца і рэформа школьнай адукацыі. Да вайны ў нас заставалася шмат рускамоўных школ, а цяпер латышская павінна стаць адзінай мовай навучання ва ўсіх іх.

    Шчыра кажучы, рэформа праходзіць не вельмі гладка. Але я ўсё адно лічу яе надзвычай важнай для стварэння цэласнага і аб’яднанага грамадства.

    Разам з тым цяпер я не бачу дастатковых крокаў урада ў дачыненні да рускамоўнай супольнасці. Апошнія ўрады ўзначальвалі пераважна цэнтрысцкія або правыя палітыкі. Яны часам выкарыстоўваюць ідэю, што мы змагаемся супраць усяго рускага. Гэта праблематычна. Я цалкам згодная з неабходнасцю абмежаваць гэтую інфармацыйную прастору, але часам такія дзеянні пераходзяць мяжу і распальваюць варожасць паміж грамадзянамі.

    А як у Эстоніі? «Калі мы не будзем размаўляць з гэтай аўдыторыяй, гэта зробіць нехта іншы»

    Гунта Слога мяркуе, што латвійскія ўлады засяродзіліся пераважна на патрабаваннях да рускамоўнага насельніцтва, аднак прапануюць яму недастаткова магчымасцяў — у прыватнасці, эканамічных перспектыў у Латгаліі.

    — Я б сказала, што тут больш «бізуна», чым «перніка». Мяне крытыкавалі за такую пазіцыю, бо я лічу, што рускамоўная супольнасць павінна мець шырэйшае прадстаўніцтва ў грамадскім вяшчанні.

    Але мы рухаемся ў супрацьлеглым кірунку. Асабліва для той часткі рускамоўнай супольнасці, якая застаецца ў інфармацыйнай сферы Крамля, цяпер няма іншых альтэрнатыў. Яны не бачаць іншых варыянтаў, таму што ім іх не прапануюць.

    Яшчэ адна праблема, асабліва ў Даўгаўпілсе, — эканамічнае становішча. Доля людзей, не вельмі лаяльных да нашай дзяржавы, там вышэйшая. Гэта звязана не толькі з мовай або адукацыяй, але і з магчымасцямі.

    Паводле статыстыкі, гэта адзін з найбольш эканамічна занядбаных рэгіёнаў краіны, якому палітыкі ў Рызе часам не надаюць дастатковай увагі.

    Беларуская прапаганда на FM-хвалях у Латвіі. Як гэта стала магчымым

    Праз інцыдэнты з беспілотнікамі і праблемы з міграцыяй туды прыязджае шмат палітыкаў. Яны гавораць пра ўмацаванне мяжы і барацьбу з людзьмі, якія капаюць тунэлі, каб трапіць у краіну.

    Але мясцовым жыхарам, на мой погляд, не прапанавалі дастаткова новых перспектыў. І я маю на ўвазе не толькі мову або медыя, а найперш эканамічныя магчымасці.

    Якія метады супрацьдзеяння дэзінфармацыі і спосабы медыяадукацыі бачаць мясцовыя журналісты ва ўмовах апошніх гадоў — пандэміі COVID-19, поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, гібрыднай вайны Расіі, Беларусі, а таксама імклівага развіцця сацыяльных сетак і штучнага інтэлекту?

    — Так, я думаю, што з усім, што вы назвалі, змагацца становіцца вельмі складана.

    Мы назіраем моцную палярызацыю. Возьмем міграцыю. Цяпер перадвыбарчы перыяд. Нават калі вы падтрымліваеце разумную міграцыю і хацелі б бачыць у краіне высокакваліфікаваных спецыялістаў, для нацыяналістаў вы становіцеся «дрэнным чалавекам», які нібыта падтрымлівае масавы наплыў мігрантаў. Хоць насамрэч гэта зусім не так. У такой сітуацыі вельмі цяжка абмяркоўваць нават цалкам разумныя пытанні. Таму ў нашым цэнтры мы зразумелі, што патрэбныя захады, непасрэдна скіраваныя на людзей. Гэта не новая ідэя — ёй тысячы гадоў.

    Яшчэ некалькі гадоў таму здавалася, што дастаткова стварыць у сацыяльных сетках відэа пра медыяграматнасць — і ўсе зразумеюць, як распаўсюджваюцца фэйкі. Але гэтага недастаткова. Таму мы працуем ва ўсходняй частцы Латвіі і часткова на ўсходзе Эстоніі, дзе сітуацыя падобная.

    Мы стварылі праграму медыяграматнасці Media Labs, або Media Clubs. Назвы адрозніваюцца, але сутнасць адна: у нязмушанай атмасферы мы збіраем пераважна людзей старэйшага ўзросту.

    Яны прыходзяць не дзеля абмеркавання расійскай прапаганды, а каб даведацца, як ствараюцца матэрыялы і правяраюцца факты. Тэмы могуць быць рознымі — культура, гісторыя або садоўніцтва. Галоўнае — стварыць мясцовую супольнасць і даць людзям магчымасць размаўляць. Мы бачым, што гэта працуе.

    Ад адукацыі да дакументавання злачынстваў: як беларуская супольнасць выбудоўвае абарону ад машыны хлусні

    Напрыклад, у Рэзэкнэ людзі, якія раней не адзначалі Дзень аднаўлення незалежнасці Латвіі, пачалі святкаваць яго разам з тымі, хто робіць гэта штогод.

    Звычайна ў такім клубе каля 20 чалавек, але клубы працуюць у розных месцах. Раз на год мы ладзім форум для людзей старэйшага ўзросту, на які прыходзяць сотні ўдзельнікаў.

    Мы бачым, што ў такіх рэгіёнах надзвычай важна збіраць людзей разам і ствараць адчуванне супольнасці. Гэта толькі першы крок, але гэтую працу трэба працягваць.

    Гунта Слога падкрэсліла значэнне сумесных мерапрыемстваў, якія дапамагаюць людзям паразумецца праз непасрэдны кантакт — гледзячы адно аднаму ў вочы, па-за алгарытмамі сацыяльных сетак, запраграмаванымі на палярызацыю грамадства.

    Цалкам размову слухайце на сайце Беларускай службы Польскага Радыё

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.