Улады прадалі з аўкцыёну кватэру завочна асуджанага журналіста Уладзіміра Хільмановіча
У жніўні 2024 года Гродзенскі абласны суд прызнаў журналіста вінаватым у экстрэмізме і асудзіў да 5 гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу. Каб яго кампенсаваць, суд пастанавіў выставіць на продаж арыштаваную маёмасць журналіста — яго кватэру і лецішча. Лецішча прадалі тыдзень таму, кватэру — 30 чэрвеня.

Кватэра Уладзіміра Хільмановіча
Кватэру выставілі на таргі паўторна: сёлета ў траўні аўкцыён, арганізаваны на анлайн-пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне», не адбыўся праз адсутнасць пакупнікоў. Пазней кошт двухпакаёўкі на вуліцы Церашковай у Гродне знізілі з 126 000 рублёў да 100 800 рублёў, і падчас другога аўкцыёну 30 чэрвеня за яе гандляваліся ажно дзевяць патэнцыйных пакупнікоў.
У выніку ўчора ўвечары кватэру прадалі нават даражэй, чым яна была ацэненая перад першым аўкцыёнам — за 136 584 рублёў. Паводле ўмоў аўкцыёну, маёмасць журналіста мае перайсці да новага ўладальніка разам з мэбляй і побытавой тэхнікай.
Таксама пакупнікоў папярэджвалі, што ў кватэры зарэгістраваны адзін поўнагадовы жыхар. Аднак Уладзімір Хільмановіч звяртае ўвагу, што гэта непраўдзівая інфармацыя: там зарэгістраваныя ён сам і ягоны поўнагадовы сын. Выпісаць іх новы гаспадар зможа толькі праз суд.
23 ліпеня з пятай спробы з аўкцыёну было прададзена арыштаванае лецішча журналіста — будынак былога сельскага клуба ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна, які Уладзімір Хільмановіч калісьці набыў з разлікам абсталяваць там месца для сямейнага адпачынку. Але зрабіць гэтага ён не паспеў: спачатку бракавала грошай, а потым журналіст быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пад пагрозай крымінальнага пераследу за прафесійную і грамадскую дзейнасць.
Справа Уладзіміра Хільмановіча
Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся ўжо ў эміграцыі напрыканцы лістапада 2023 года. Тады сілавікі апісалі маёмасць па месцы яго рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень быў праведзены ператрус у кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое журналісцкае пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама апісалі побытавую тэхніку.

Уладзімір Хільмановіч. Беласток, 10 чэрвеня 2026 года. Фота: БАЖ
Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да журналіста Следчы камітэт паведаміў 13 сакавіка 2024 года.
19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Ігара Собалева прызнаў Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання. Журналіста асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 40 тысяч рублёў. Спробы абскардзіць гэты вырак поспеху не мелі.
13 верасня 2024 года прозвішча Уладзіміра Хільмановіча ўнеслі ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС Беларусі.
За што канкрэтна асудзілі журналіста, дагэтуль невядома. Спробы даведацца падрабязнасці справы плёну не далі. Але сярод рэчавых доказаў яго «вінаватасці» ў матэрыялах следства былі згаданыя «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы». Таму Уладзімір перакананы, што яго пакаралі менавіта за журналісцкую працу.
@bajmedia