• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяніса Івашына вярнулі з турмы ў магілёўскую калонію № 15

    Да гэтага журналіста, асуджанага да 13-гадовага зняволення, тры гады трымалі ва ўмовах строгага рэжыму ў турме ў Жодзіне. Па вяртанні ў ПК-15 сваякам Дзяніса Івашына даслалі афіцыйнае паведамленне пра яго магчымае ўмоўна-датэрміновае вызваленне — пасля 13 лютага 2030 года.

    Больш за 200 дзён без лістоў, схудненне і інфармацыйны вакуум. Што чуваць пра справу журналіста Дзяніса Івашына
    Сваякі ўжо атрымалі першыя лісты з калоніі. З ліста да маці ад 18 чэрвеня вынікае, што на той момант Дзяніс знаходзіўся ў каранціне, паведаміла ў Face­book жонка журналіста Вольга Івашына. Яшчэ праз некалькі дзён паштоўка ад мужа дайшла і да яе.

    Вольга адзначае, што яе непакоіць фраза пра тое, што ён пакуль не займаецца фізкультурай і «захоўвае сябе ў ашчадным рэжыме».

    Паводле яе, перавод назад у магілёўскую калонію, куды Дзяніса першапачаткова накіравалі адбываць прысуд, наўрад ці можна расцэнваць як палёгку ў параўнанні з турмой, дзе журналіст адбыў мінулыя тры гады.

    «Магілёўская “пятнашка” для Дзяніса насамрэч горшая за турму ў Жодзіне. Паводле загадаў кіраўніцтва ПК-15 яго там збівалі, а потым ізалявалі ад іншых вязняў у ШІЗА, каб ніхто не бачыў ягоныя сінякі. Бліжэй да пераводу ў турму яго кідалі ў ШІЗА (штрафны ізалятар. — Рэд.) і ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — Рэд.) практычна бесперапынна. Здзекваліся з яго за тое, што размаўляў і пісаў лісты па-беларуску, лісты знішчалі, забаранялі тэлефонныя званкі, прадуктовыя пасылкі, спатканні з бацькамі. І ўсё гэта за некалькі месяцаў у калоніі — ён і паўгода, здаецца, там не паспеў прабыць», — распавяла Вольга Івашына.

    Са слоў Вольгі, маці журналіста днямі атрымала ад адміністрацыі калоніі афіцыйны ліст пра тое, што зняволены Дзяніс Івашын прыбыў туды 18 чэрвеня 2026 года, і што пасля 13 лютага 2030 года ён будзе мець права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Але для гэтага ён мусіць сваімі паводзінамі «даказаць уласнае выпраўленне».

    Апроч гэтага ў лісце за подпісам начальніка спецаддзела калоніі з прозвішчам Масцепаненка паведамляецца, што пасля 9 студзеня 2029 года Дзяніс Івашын можа прэтэндаваць на  замену пакарання на больш мяккае. Для гэтага таксама неабходна давесці адміністрацыі калоніі, што ён «цвёрда стаў на шлях выпраўлення». Абавязковым таксама з’яўляецца пісьмовае абяцанне «правапаслухмяных паводзін», адсутнасць спагнанняў, сумленнае стаўленне да працы і максімальнае кампенсацыя «шкоды, нанесенай злачынствам».

    У сувязі з апошнім сваякам прапанавана дапамагчы кампенсаваць гэтую шкоду і «аказаць станоўчы ўплыў» на зняволенага. Паводле слоў жонкі журналіста, матэрыяльная шкода, вызначаная судом, даўно пагашаная.

    «Мы спадзяваліся, што Дзяніса могуць абмяняць на нейкіх ваеннапалонных ці шпіёнаў, таму вырашылі аплаціць усё, каб гэта было ў парадку. І каб адміністрацыя калоніі не мела дадатковых рычагоў ціску на Дзяніса. Што да паведамлення з калоніі, то гэта стандартная пісулька, такую рассылаюць усім. Там, да прыкладу, указаныя нормы для вязняў па колькасці пасылак, перадач, спатканняў і гэтак далей. Але, напрыклад, у першае перабыванне Дзяніса ў ПК-15 яму адразу скарацілі атаварку да адной базавай велічыні, хаця ўзмоцнены рэжым дазваляе дзве базавыя велічыні. Насамрэч ўсё вырашаецца адміністрацыяй», — кажа Вольга Івашына.

    Справа Дзяніса Івашына

    Дзяніс Івашын — карэспандэнт беларускай незалежнай газеты «Новы Час», рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай расследавальніцкай супольнасці Inform­Na­palm. Журналіст вядомы сваімі расследаваннямі пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў мемарыяльным урочышчы Курапаты пад Мінскам.

    Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве».

    Верагодна, «апошняй кропляй» для беларускіх уладаў стала яго расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

    Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прызнаў журналіста вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК РБ (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК РБ (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці). Ён прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафу памерам 4800 рублёў і кампенсацыі маральнай шкоды дзевяці сілавікам, ацэненай агулам у 22 800 беларускіх рублёў.

    Аспрэчыць гэты вырак у Вярхоўным судзе не ўдалося. Напрыканцы студзеня 2023 года Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы № 1 Гродна ў папраўчую калонію № 15 Магілёва, дзе для яго быў прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання.

    Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на строгі турэмны рэжым у турму № 8 у Жодзіне. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Працэс праходзіў ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва.

    Агулам Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за 5 гадоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.