«Будаваць разам нешта зразумелае». Цімафей Акудовіч – пра Адукацыйны магістрат і пра тое, як нам навучыцца глядзець у будучыню
Днямі быў вызначаны пераможца першага конкурсу праектаў Адукацыйнага магістрату. За які адукацыйны праект прагаласавалі ўдзельнікі магістрату і чаму людзі не вераць у тое, што з адукацыі можна зрабіць бізнес? Пра гэта Белсат размаўляе з заснавальнікам і кіраўніком супольнасці народных спонсараў «Беларускія магістраты» гісторыкам Цімафеем Акудовічам.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Белсат»: Цімафей, у 2023 годзе ў інтэрв’ю «Белсату», распавядаючы пра магістрат культуры, ты сказаў літаральна так: «Я паверыў у гэтую ідэю». Пытанне: ці гэтая вера і твае чаканні спраўджваюцца?
Цімафей Акудовіч: На самай справе звышчаканняў не было. Было жаданне, каб усё гэта адбывалася хутчэй. Бо магістрат развіваецца вельмі павольна, бо гэта гісторыя не толькі пра збор грошай, але і пра навучанне ўсіх нас нейкім досыць зразумелым, але не дужа простым грамадскім звычкам. А менавіта – як сабрацца разам, паверыць адно аднаму, скласціся грашыма і прагаласаваць.
Я тады яшчэ разумеў, што гэта гульня ў доўгую, шлях спробаў і памылак. Таму шчыра кажу: суперчаканняў не было. Але і расчараванняў няма. Мы пакрысе, маленькімі крокамі, ідзём наперад. На сёння маем два дзейныя магістраты, у якіх агулам задзейнічаныя каля 80 чалавек, прычым кніжны магістрат існуе ўжо паўтара года.
«Мы можам дазволіць сабе эксперыментаваць»
– Кніжны пачынаўся з магістрату «Кнігаўка», накіраванага на аднаўленне і развіццё выдавецтва «Янушкевіч» у выгнанні, падчас якога было сабрана 23 тыс. еўраў? Ці гэта асобны праект?
– Гэта асобны праект. Калі вярнуцца да вытокаў, то мы ўвогуле пачыналі са стварэння міні-магістратаў, якія былі абмежаваныя па часе. Выбіралі праект, у які хочам укласціся, і тэрмін – паўгода, 9 месяцаў, год. І ўкладваліся. А цяпер магістрат стаў доўгатэрміновым. Мы збіраем грошы і ўнутры вырашаем, куды будзем іх ахвяраваць. Падтрыманне «Кнігаўкі» было, хутчэй, тэстам для нас. А кніжны магістрат дзейнічае са снежня 2024 года. Мы збіраемся, праводзім галасаванні, дапілоўваем унутраную механіку. А «мы» – гэта каля 60 чалавек. Так што я гляджу з пазітывам у будучыню.
– Нагадай, якія кніжныя праекты былі рэалізаваныя праз гэты магістрат.
– Мы падтрымалі выданне дзвюх кніг выдавецтва «Гутэнберг»: містычнага дэтэктыву «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха і перакладу падлеткавай кнігі «Дом, у якім» Марыям Петрасян. Мы таксама падтрымалі выдавецтва «Янушкевіч» у рэкламным праекце. І яшчэ падтрымалі два праекты, пра якія пакуль не магу расказваць – некаторыя праекты ў нас закрытыя.
Але, зноў жа, важна не толькі тое, што мы ў нейкую канкрэтную кнігу ўклаліся, а тое, што мы шукаем сістэмныя падыходы да гэтай працы. Кнігі, напрыклад, мы падтрымалі праз інвестыцыі. То бок грошы, якія мы ўклалі, вяртаюцца, калі наклад кнігі распрадаецца. Важная таксама для нас гісторыя ў тым, што мы гатовыя – ужо беззваротна – выдаваць грошы на рэкламу выдавецтваў. Таму што праблема відавочная: кнігаў выдаецца па-беларуску, можа, і нямала, але яны не даходзяць да чытача. Процьма беларусаў замежжа проста не ведае пра іх. Адна з вялікіх праблем – гэта рэклама.
Яшчэ ёсць ідэя паспрыяць перакладу хітовага замежнага нон-фікшна на беларускую мову. Мы ўжо сабралі немалую, як для нас, суму грошай на тое, каб перакласці такую кнігу. Былі цяжкасці з атрыманнем аўтарскіх правоў, але нібыта праблема развязаная, і я спадзяюся, што хутка з’явяцца добрыя навіны на гэты конт.
– Што гэта за кніга? Не раскрыеш таямніцы?
– Пакуль што не. Магу толькі сказаць, што гэта адна з вельмі вядомых кнігаў. І гэта – эксперымент. Можа быць, мы памыляемся, і насамрэч гэты нон-фікшн не патрэбны беларусам. Але ў гэтым і сэнс магістрата, што мы можам дазволіць сабе эксперыментаваць. Мы сабралі грошы, усе гатовыя, і разумеюць, на што яны пойдуць. Мы гатовыя на эксперымент і на тое, што гэта можа не спрацаваць на ўсе 100 %.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Мы не гатовыя рабіць з адукацыі бізнес»
– Але добрая навіна зʼявілася і раніцай 23 чэрвеня. «Вызначаны пераможца першага конкурсу праектаў Адукацыйнага магістрату!» – чытаем, але застаемся ў няведанні, хто ўдзельнічаў у конкурсе і хто канкрэтна перамог і атрымае фінансавае падтрыманне. Дык хто?
– Адукацыйны магістрат быў распачаты ў красавіку 2026 года. І вось прайшоў першы конкурс. На жаль, пакуль што не магу назваць пераможцу – маем такую дамоўленасць.
Было ажно дзевяць праектаў ад чатырох розных ініцыятываў. Гэта былі і чыста адукацыйныя праекты, і падлеткавыя клубы. Былі праекты выдання настольных гульняў, развіцця дзіцячых YouTube-праектаў, падрыхтоўкі кадраў, арыентаваных на пошук настаўнікаў.
Гэта, дарэчы, адна з ключавых праблемаў: у замежжы шмат беларусаў з кампетэнцыямі добрых педагогаў і настаўнікаў вымушаныя займацца іншымі справамі – проста таму, што няма пляцоўкі, куды ён можа прыйсці і набраць сабе дастатковую колькасць групаў, каб з гэтага зарабляць і жыць. І вельмі важна, на мой погляд, падтрымліваць тыя ініцыятывы, якія спрыяюць з’яўленню такіх пляцовак.
Я ўпэўнены, што беларусам гэта трэба. Прынамсі я, як бацька 10-гадовага дзіцяці, разумею, што мне вельмі не хапае прапановаў, дзе маё дзіцё можа вучыцца па-беларуску. Прычым не толькі мове ці літаратуры, а ўсяму: фізіка, soft skills, спорт і так далей.
– Чаму, як мяркуеш, малавата такіх прапановаў?
– Мне падаецца, тактычная праблема ў тым, што мы не гатовыя рабіць з адукацыі бізнес. Мы настолькі не верым, што яна патрэбная будзе ў будучыні людзям, што не гатовыя рабіць з гэтага грошы. І не гатовыя думаць, што трэба самім беларусам у замежжы. Мы думаем, што ім трэба мова і літаратура і падсвядома разумеем, што наўрад ці яны будуць за такое плаціць. І гэта звужае магчымасці. Хаця я, як бацька, адчуваю вялікі недахоп сучасных прапановаў.
Мне здаецца, што мы з нашай адукацыяй глядзім у мінулае, а не ў будучыню. Спрабуем выхаваць такіх ідэальных беларусаў, якіх нам бракавала ў мінулым, якія прайшлі праз усе беларускія школы, дакладна ведалі, калі адбылася Грунвальдская бітва, гаварылі па-беларуску і г.д. А будучыня патрабуе іншых кампетэнцыяў, і бацькі гэта разумеюць. Бракуе рэфлексій – чаго канкрэтна.
Пры гэтым на месцах канкрэтныя выкладчыкі і настаўнікі ўжо робяць нейкія добрыя рэчы. Існуе шмат выдатных праектаў, але ім не хапае магчымасці разгарнуцца, бо грамадства яшчэ не да канца разумее свае патрэбы, яшчэ не.
– Назавеш для прыкладу такія праекты?
– Баюся, што на хаду не ўзгадаю ўсё добрыя праекты. Але некалькі – так. Гэта і Беларуская школа мастацтваў імя М. Равенскага пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай, і Беларуская школа ў Варшаве, з якой мы супрацоўнічалі і з якой нарадзіўся вельмі цікавы асобны онлайн-праект «Буслянка». Гэта і розныя тэатральныя і спартовыя праекты. Добры беларускі спартовы клуб у замежжы – гэта тое, што вельмі спрыяе ідэнтычнасці беларускіх дзяцей. У свой час мы падтрымлівалі клуб «Волат» у Варшаве. У Вроцлаве нядаўна Сцяпан Папоў, чэмпіён па самба, адкрыў новы спартовы праект.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Важна, што людзі стараюцца быць сучаснымі з дзецьмі – яны паказваюць перспектыву, шукаюць новыя методыкі. У Вільні развіваецца адукацыйны праект Stembridge, у Батумі Аксана Акуневіч заснавала беларускамоўную школу, якая дзейнічае ўнутры грузінскай сістэмы адукацыі. Гэта канкрэтныя лакальныя прыклады, і іх нямала. Але не хапае нейкага штуршка, нейкай дынамікі, каб людзі ўбачылі, што гэта ёсць, а самі актары зразумелі, што можна маштабіравацца, што можна ўкладваць рэсурсы ў стварэнне паўнавартасных камерцыйных праектаў, не баяцца іх ствараць. Гэта мусіць нарасці, і я спадзяюся, магістрат у гэтым крыху дапаможа.
«Надаць новыя сэнсы беларускаму праекту»
– Шмат хто бачыць, што ёсць прапановы, але мяркуе, што беларуская адукацыя на эміграцыі не дасць ім ніякай карысці, акрамя сімвалічнай…
– Дык вось нашая задача, каб беларушчына прыносіла карысць і была практычнай. То бок, каб беларуская адукацыя зрабілася б настолькі якаснай і актуальнай, што беларусы выбіралі б яе ў замежжы не толькі таму, што яна беларускамоўная, а таму, што яна лепшая за іншыя праекты. Гэта суперскладаная задача! Але гэта яшчэ адна магчымасць захаваць беларушчыну ў замежжы. І не проста захаваць, а – развіць і надаць новыя сэнсы беларускаму праекту. Нават так скажу.
– І магістрат да гэтага прычыняецца…
– Мы спрабуем. Мы пакуль маленькія, пакуль трэнуемся і вучымся. Але калі гэты праект разаўецца і калі ў яго будзе ўваходзіць не 50 чалавек, а 150 чалавек, гэта ўжо будзе зусім іншая размова. Тады ён сапраўды стане месцам сілы і сур’ёзных рашэнняў.
– Як стаць часткай гэтай сілы? Колькі маем часу, каб далучыцца да адукацыйнага магістрату ў якасці народнага спонсара?
– Як я ўжо казаў, гэты праект доўгатэрміновы – ён на гады. А ўвайсці ў яго можна ў любы момант. Мінімальная сума ўваходу – 10 еўраў. Адзінае, пакуль што мы развіваемся праз сарафаннае радыё – з прычын бяспекі ў тым ліку (праект прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім» – рэд. ). Гэта значыць мы запрашаем персанальна – мы не маем прамой спасылкі для ўваходу.
Але любы ахвотны можна напісаць нам у нашых сацсетках – у «Інстаграме» ці «Фэйсбуку». Мы разгледзім і запросім. І як толькі чалавек запрашаецца, ён падпісваецца на штомесячны данат і становіцца ўдзельнікам магістрату на перыяд, які сам выбірае, – на месяц, тры месяцы, на год, тры гады, а хоць да бясконцасці. Калі з нейкіх прычын захоча выйсці – ніякіх праблем.
Унутры магістрату, як, дарэчы, і вонкі, захоўваецца ананімнасць, але ўсе ведаюць, што запрошаныя – гэта людзі пэўнага кола. І гэта стварае атмасферу даверу.
– «Пэўнага кола», кажаш. З якога кола ўдзельнікі магістрату?
– Ёсць шмат айцішнікаў, шмат актывістаў з гэтай сферы ці, адпаведна, адукацыйнай і кніжнай. Ёсць проста людзі, якія хочуць нешта будаваць разам. І для мяне гэта – важная матывацыя, як і для многіх удзельнікаў: будаваць разам нешта зразумелае і доўгатэрміновае.
@bajmedia