«Ціснуць толькі на тое, што аказвае супраціў»: як выжываюць беларускія медыя за мяжой
Канферэнцыя «Новая Беларусь» стала пляцоўкай для аналізу стану незалежнага медыясектара, які ўжо некалькі гадоў працуе ва ўмовах поўнай крыміналізацыі журналісцкай дзейнасці ўнутры краіны. Панэльная дыскусія «Зрабіць немагчымае» паказала, што, нягледзячы на фізічную аддаленасць рэдакцый, сувязь з аўдыторыяй захоўваецца, аднак патрабуе новых падыходаў да бяспекі, фінансавання і палітычнага лобінгу.

Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча, 9 жніўня 2026 года. Фота: прэс-служба офіса Святланы Ціханоўскай
Андрэй Бастунец: Прыярытэты супраціву і рэальнасць рэпрэсій
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выступіў як галоўны голас прафесійнай супольнасці, акрэсліўшы маштаб выклікаў, з якімі сутыкаюцца медыя.
Для яго дзейнасць БАЖ і медыясупольнасці на міжнароднай арэне грунтуецца на трох «кітах»: Беларусь, беларускія медыя і палітвязні.
Бастунец падкрэсліў, што сітуацыя з правамі журналістаў у Беларусі застаецца крытычнай. У Беларусі за кратамі знаходзяцца больш за 20 прадстаўнікоў медыя. Нават пасля хваль вызваленняў рэжым працягвае выносіць беспрэцэдэнтна жорсткія прысуды. Ён нагадаў пра лёсы Андрэя Пакаленкі, Уладзіміра Янукевіча і Паўла Дабравольскага, якія на пачатку 2026 года атрымалі тэрміны ад 19 да 14 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым Бастунец скептычна паставіўся да ідэі стварэння асобнага «трэка» для вызвалення менавіта журналістаў, настойваючы на тым, што першачарговая задача — выратаванне ўсіх, хто знаходзіцца ў цяжкім фізічным стане, незалежна ад прафесіі.
Асобная частка яго выступу была прысвечаная транснацыянальным рэпрэсіям. Паводле яго звестак, каля 100 беларускіх журналістаў зараз знаходзяцца ў міжнародным розыску, што азначае пастаянную пагрозу нават па-за межамі Беларусі. Больш за тое, ціск перайшоў на сем’і тых, хто з’ехаў.
Бастунец агучыў лічбу: за апошнія тыдні зафіксавана як мінімум 15 выпадкаў, калі сілавікі прыходзілі да сваякоў журналістаў з ператрусамі ці патрабавальнымі здаць генетычны матэрыял. Многія такія выпадкі застаюцца ў цені, бо людзі баяцца публічнасці.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча, 9 жніўня 2026 года. Фота: LookByMedia
Гаворачы пра статус медыя, Бастунец адзначыў, што амаль усе значныя рэсурсы і сама арганізацыя БАЖ прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гэта стварае прававы вакуум, дзе экстрэмісцкім матэрыялам можа быць прызнаны нават такі рэсурс, як Euronews. Аднак яго выснова была цвёрдай: «Ціснуць можна толькі на тое, што аказвае супраціў». І маштаб рэпрэсій толькі пацвярджае ўстойлівасць і ўплывовасць беларускага медыясектара.
Паўлюк Быкоўскі: Матэматыка ахопаў і «дэцэнтралізацыя»
Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі прадстаўляе лічбавае пацвярджэнне таго, што незалежныя СМІ застаюцца медыямі для Беларусі, нават знаходзячыся звонку. Паводле даследаванняў, 31,9 % гарадскога насельніцтва Беларусі (ва ўзросце 18–65 гадоў) дэкларуюць кантакт з незалежнымі рэсурсамі.
Быкоўскі вылучыў некалькі важных трэндаў:
- Драйвер росту — кароткія відэа: Асноўны прырост аўдыторыі (плюс 168 мільёнаў праглядаў за год) адбыўся дзякуючы YouTube Shorts і TikTok. Алгарытмы гэтых платформ дазваляюць абыходзіць блакіроўкі і трапляць у прапановы карыстальнікам, якія нават не падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы.
- Дэцэнтралізацыя: Напрыклад, 13 буйных рэдакцый кіруюць больш чым 133 акаўнтамі на шасці розных платформах, выкарыстоўваючы небрэндаваныя і рэзервовыя каналы для бяспекі аўдыторыі.
- Уплыў на светапогляд: Даследаванні паказваюць выразную карэляцыю: сярод лаяльнай аўдыторыі незалежных медыя 92 % не падтрымліваюць вайну, у той час як сярод гледачоў дзяржаўных СМІ 67 % яе падтрымліваюць.
Таксама эксперт падкрэсліў практычную карысць журналістыкі: публікацыі дапамагаюць выратоўваць аўтобусныя маршруты, абараняць архітэктурную спадчыну ці, напрыклад, прыродаахоўную арганізацыю «Дом брэсцкага бусла» і нават фармаваць доказную базу для міжнародных санкцый.
Кацярына Андрэева: Маральная адказнасць і новыя пратаколы бяспекі
Для журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай, якая сама прайшла праз гады зняволення, пытанне працы медыя — гэта найперш пытанні этыкі і бяспекі тых, хто застаўся ўнутры краіны. Яна падкрэсліла, што пасля вызвалення адчула каласальную адказнасць перад людзьмі, якія глядзяць незалежныя СМІ з Беларусі (для «Белсата» гэта каля 80 % аўдыторыі).

Кацярына Андрэева і Сцяпан Пуціла на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча, 8 жніўня 2026 года. Фота: LookByMedia
Андрэева прапанавала ўкараніць новыя пратаколы бяспекі для працы ў выгнанні:
- Абавязковая змена голасу ўсіх спікераў з Беларусі, незалежна ад іх статусу.
- Блюрынг лакацый: нават калі кадры (напрыклад, падзення дрона) маюць вялікую грамадскую значнасць, рэдакцыя мусіць хаваць наваколле, каб не дапамагчы спецслужбам ідэнтыфікаваць чалавека, які здымаў відэа.
- Стварэнне «нестандартнага кодэкса этыкі», які быў бы адаптаваны менавіта да сучасных беларускіх рэалій, а не проста перапісаны з падручнікаў.
Яна таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці стварэння праектаў, якія дапамаглі б журналістам у эміграцыі фармаваць «новую школу журналістыкі», якая пазней вернецца ў краіну.
Сцяпан Пуціла: Эфектыўнасць супраць рэсурсаў
Заснавальнік праекта NEXTA Сцяпан Пуціла засяродзіўся на эканамічным і тэхнічным аспектах. Ён адзначыў, што ва ўмовах скарачэння фінансавання медыя павінны вымяраць сваю эфектыўнасць праз «кошт кожнага ўкладзенага еўра» і рэальныя ахопы.

Кацярына Андрэева і Сцяпан Пуціла на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча, 9 жніўня 2026 года. LookByMedia
Пуціла прывёў прыклад паспяховага росту: канал NEXTA Plus, які факусуецца выключна на беларускіх тэмах, за паўгода вырас з 50 да 100 тысяч падпісантаў. Ён заклікаў рэдакцыі выходзіць з «інфармацыйнай бурбалкі» і асвойваць новыя платформы, бо аўдыторыя масава перацякае ў сацсеткі. Паводле яго слоў, беларускія праекты могуць паспяхова канкураваць з буйнымі расійскімі рэсурсамі: напрыклад, NEXTA Live апярэджвае па праглядах такія каналы, як «Дождь» ці «Ходорковский Live».
Кадравы голад і фінансавы крызіс
Мадэратаркай медыйнай панэлі на канферэнцыі «Новая Беларусь» была галоўная рэдактарка Plan B і былая палітзняволеная Вольга Лойка. Падчас дыскусіі яна паднімала вострыя пытанні аб бяспецы і складанасці вяртання ў публічную прастору для журналістаў пасля турмы, адзначаючы, што гэта робіць чалавека аб’ектам новага ціску і крытыкі.

Вольга Лойка, галоўная рэдактарка Plan B і былая палітзняволеная, на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча, 9 жніўня 2026 года. Фота: LookByMedia
Важнай тэмай дыскусіі стаў «кадравы тупік». Удзельнікі адзначылі, што новыя людзі неахвотна ідуць у прафесію, якая з’яўляецца небяспечнай і пры гэтым не заўсёды высокааплатнай. Многія рэдакцыі вымушаныя скарачаць штат з прычыны прыпынення ці скарачэння замежнага (у прыватнасці, амерыканскага) фінансавання.
Андрэй Бастунец распавёў, што каб вырашыць праблему адукацыі, БАЖ і Прэс-клуб запусцілі «Журфак па суботах» у Вільні і Варшаве, які за 30 заняткаў рыхтуе новыя кадры.
Праект выклікаў значную цікавасць сярод моладзі. Паводле слоў Андрэя Бастунца, нягледзячы на небяспеку прафесіі і фінансавыя цяжкасці ў сектары, шмат маладых людзей паспяхова скончылі гэтае навучанне.
«Журфак па суботах»: Як беларуская журналістыка рыхтуе кадры ў часы крызісу
Аднак, як адзначыла былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна, застаецца вострай праблема працаўладкавання тых журналістаў, якія выходзяць з турмаў. Некаторыя з іх вымушаныя працаваць на будоўлі, бо ў незалежных медыя проста няма вольных вакансій і рэсурсаў.
Палітычны лобінг і расійскі ўплыў
Удзельнікі панэлі заклікалі дэмакратычныя сілы да больш актыўнага палітычнага лобінгу менавіта беларускіх медыя. Існуе праблема «перацягвання» рэсурсаў і ўвагі на бок ліберальных расійскіх СМІ, якія маюць большае фінансаванне (каля 40 млн долараў супраць 15–16 млн для ўсяго беларускага сектара).
Паўлюк Быкоўскі адзначыў, што спажыванне расійскага кантэнту вядзе да змены парадку дня: людзі пачынаюць больш ведаць пра выступ Юліі Навальнай, чым пра дзейнасць беларускіх лідараў ці праблемы ўнутры краіны. Сцяпан Пуціла дадаў, што расійская прапаганда працуе тонка — праз забаўляльныя шоу варажбітак і астралогаў, у якія потым інтэгруюцца патрэбныя палітычныя сэнсы.
Беларускі медыясектар знаходзіцца ў стане «гераічнага выжывання»
Падтрымка медыя сёння, паводле экспертаў, гэта не рамантычны жэст, а інвестыцыя ў інфармацыйную бяспеку ўсяго рэгіёна і адзіны спосаб захаваць ідэнтычнасць і свабоду беларусаў. І, як падсумаваў Андрэй Бастунец, галоўная сіла журналістаў — у іх кансалідацыі.
Рэзалюцыя № 9: Медыя як зброя супраць прапаганды
Падсумаваннем пазіцыі дэмакратычных сіл на канферэнцыі «Новая Беларусь» стала прэзентацыя пакета з дзевяці рэзалюцый. Дзевятая рэзалюцыя цалкам прысвечаная медыя.

Святлана Ціханоўская з партрэтам былой дырэктаркі TUT. BY Людмілы Чэкінай на Дні Годнасці у Варшаве, які ладзіўся ў гадавіну падзей 2020 года ў Беларусі. 9 жніўня 2026 года. LookByMedia
У ёй падкрэсліваецца, што незалежныя беларускія медыя (арганізацыі, праекты, блогеры, што ствараюць грамадска-палітычны кантэнт) з’яўляюцца неабходнай умовай доступу грамадства да праверанай інфармацыі, свабоднай публічнай дыскусіі і падсправаздачнасці ўлады і палітычных інстытутаў.
Рэзалюцыя замацоўвае наступныя пункты:
- Свабодная журналістыка — галоўная зброя супраць прапаганды.
- Заклік да міжнародных партнёраў інвеставаць у доўгатэрміновую ўстойлівасць медыяў і лічбавую бяспеку.
- Падтрымка журналісцкіх расследаванняў як сродку дастаўкі праўды да беларусаў.
@bajmedia