Па-за фарматамі і грантамі. Як беларускія блогеры і падкастары ствараюць сэнсы ў часы крызісу
Сённяшні беларускі медыяландшафт — гэта не толькі вялікія парталы, але і нішавыя праекты, якія нараджаюцца з асабістых боляў і патрэб. Мы пагаварылі з аўтаркамі двух розных, але аднолькава шчырых праектаў: Сеняй Крапівой, якая праз TikTok прасоўвае «інтэрсэкцыянальную экалогію» ў праекце «Кажа крапіва», і Мары, стваральніцай падкасту I hate dates, якая разам з аўдыторыяй даследуе тэму стасункаў.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gemini
«Кажа крапіва» — гэта адзіны беларускамоўны Instagram і TikTok-праект пра экалогію, урбаністыку і свядомае спажыванне. Гаворым пра складаныя тэмы зразумелай шырокай аўдыторыі мовай», — кажа ў гутарцы з БАЖ аўтарка праекта Сеня Крапіва, якая раней ужо мела досвед прасоўвання экатэматыкі ў беларускамоўным сегменце гэтых сацсетак.
Паводле Сені, за праектам не стаіць вялікая медыястратэгія:
«Разынка, напэўна, у прыколе. Таму што людзі даюць мне фідбэк, нават незнаёмыя людзі: «Класны праект! Прыкольна, што так зразумела і нянудна пра такое складанае. Але, ведаеце, я ў цэнтры гэтага, я ствараю гэты кантэнт, таму сама ўбачыць гэтую прыкольнасць не магу звонку.
Можа быць, у гэтым і ёсць мая стратэгія — проста цікава распавядаць пра тое, што можа зацікавіць у такіх складаных тэмах. Можа, атрымліваецца цікава, бо экалогія — гэта ж не толькі пра смецце. Для мяне гэта інтэрсэкцыянальная рэч, якую немагчыма аддзяліць ад глабальнага кантэксту».
«Я не магу проста распавядаць пра глабальнае пацяпленне без таго, каб распавядаць пра штучны інтэлект ці пра карпарацыі, ці пра капіталізм, ці пра дыктатуры, таму што гэта ўсё такія звязаныя штукі. Хоць час ад часу прылятае мне ў каментарах, што я нібыта нацягваю саву на глобус. Але ж я — зумерка, і зумерка левая, таму я свае левыя зумерскія погляды ў праекце не хаваю», — кажа Сеня.

Аўтарка і вядоўца «Кажа крапіва» Сеня Крапіва. Фота: Instagram
«Адукоўваемся разам»
Сеня Крапіва пазіцыянуе сябе не як «настаўніцу», а як чалавека, які разам з гледачамі шукае адказы:
«Гэта, напэўна, нават такі адукацыйны праект. Сама я без экалагічнай адукацыі, мая адукацыя — медыя, і ў мяне ёсць іншыя, не звязаныя з экалогіяй праекты. Да экаактывізму маё лявацтва прывяло, куды ж без яго, — распавядае Сеня. — Але гэта проста немагчыма — у 2026 годзе жыць і не думаць пра экалогію і не распавядаць пра яе. Таму я пра сябе больш думаю як пра чалавека заклапочанага.
Але ж у «Крапіве» я і пра фемінізм распавядаю, пра экафемінізм, пра грошы, пра тэхналогіі, трошкі пра палітычныя штукі. Увогуле з экалогіяй звязана наша жыццё.
Я — чалавек, які сам не ведае заўжды, як правільна і што рабіць, але я спрабую вызначыцца, спрабую зразумець, што мы можам рабіць. І вось па дарозе распавядаю астатнім. Я не ведаю, як дакладна працуе сартыроўка ў кожнай краіне, ў кожным горадзе, што дакладна можна, што дакладна нельга. Але ж мы можам даведацца і расказаць пра гэта. Сапраўды, адукацыйны праект».
Размова пра тое, што баліць
Падкаст I hate dates існуе ўжо тры гады і трымаецца пераважна на данатах слухачоў і валанцёрстве. Гэта праект пра стасункі, спатканні і псіхалогію, які пачынаўся як хобі, а стаў спосабам размовы на табуяваныя тэмы.
«Спачатку гэта была такая валанцёрская праца. Адзін раз у мяне быў маленькі грант. А так — толькі данаты слухачоў, — кажа аўтарка праекта Мары. — Я з яго нічога не зарабляю, данатаў хапае хаця б у нуль яго выводзіць. Я шмат чаго раблю сама, шмат чаго ўмею — рэжысёрка па адукацыі, расход ёсць на працу мантажора, але, на шчасце, данаты гэта акупляюць. І яшчэ хапае часам на рэкламную частку».

Аўтарка і вядоўца падкасту I hate dates Мары. Фота з асабістага архіва
Першапачаткова праект быў спробай разабрацца ва ўласным досведзе:
«Я абрала тэму спатканняў, бо гэта мая балючая тэма, мне было вельмі цяжка ўвогуле шукаць стасункі, хадзіць на спатканні. І я доўгі час спрабавала зразумець, ці мая гэта праблема, ці соцыуму. Мне стала цікава размаўляць пра гэта ў пабліку — і з гэтага пачаўся падкаст.
Спачатку я клікала сваіх сяброў як гасцей альбо кагосьці, каго зафаловіла ў сацсетках. Потым была калабарацыя з адной псіхалагіняй, мы паспрабавалі разбіраць любоў у кіно. І гэта людзям аказалася цікава!
Першы год у нас не было ўвогуле фармату як такога — мы проста размаўлялі на нядужа зручныя тэмы. А за год у нас ужо сфармавалася аўдыторыя, я стала заўважаць, як расце яе запыт і як мой запыт расце. І мы пачалі ўжо больш рабіць псіхалагічны ўхіл, разбіраць праблемы стасункаў шырэй. Вось гэта асноўны запыт зараз у нашай аўдыторыі».
Для нішавага беларускага падкасту лічбы ў 3–5 тысяч праслухоўванняў на эпізод — гэта вельмі някепска, лічыць Мары.
Але мала хто гатовы публічна абмяркоўваць гэтыя тэмы, зазначае аўтарка: «Шмат людзей проста піша ў асабістыя ў Telegram, ім сорамна напісаць дзесьці ў паблік, аказваецца, табуяванасць тэм пра стасункі застаецца ў нашым грамадстве».
Новае бачанне і крызісы
Абедзве гераіні сутыкаюцца з выклікамі, характэрнымі для сучасных беларускіх медыя. Сеня Крапіва адзначае, што падрабязнасці працы і пераездаў, складу каманды — гэта не тое, што варта ведаць «цікаўным структурам».
Абодва праекты працуюць з мінімальнымі бюджэтамі. Калі ў «Кажа крапіва» ёсць каманда, то праект Мары I hate dates трымаецца на сумеснай працы аўтаркі і мантажора.
Мары прызнаецца ў крызісе:
«Тэма спатканняў і стасункаў для мяне ўжо ўвогуле не актуальная, таму што я ў працяглых стасунках сама… Я зараз знаходжуся ў такім экзістэнцыяльным крызісе трохі, таму што думаю, што рабіць з праектам далей.
Зараз я таксама адчуваю, што мая аўдыторыя вырасла за гэтыя тры гады, я і сама ж вырасла. Напрыклад, многім ужо больш цікава паслухаць пра нешта карыснае, на новы сезон у іх такія запыты, ведаеце, пра мацярынства, бацькоўства. І я адчуваю, што яны ўсе ўжо дарослыя, але і зумеры таксама слухаюць.
Наконт фінансавання — гэта складана альбо нерэалістычна. Галоўнае, каб была мэта. Вось і шукаю. Летась у мяне была мара зрабіць нейкае феміністычнае анлайн-медыя, трансфармаваць падкаст у гэта. Але з грантамі не выйшла, таму — іншым разам. Зараз проста неяк перастройваемся ў існым фармаце і думаем, што рабіць далей. Таму план штосьці рабіць у нас ёсць, але што менавіта пакуль цяжка сказаць».
Высокая матывацыя vs недахоп сродкаў
Гэтыя праекты паказваюць, што новыя медыя — гэта не абавязкова пра бляск і вялікія студыі. Хутчэй, казыры тут — гатовасць быць шчырым, размаўляць на зразумелай мове і не баяцца выглядаць неідэальным.
Гісторыі Сені і Мары — гэта не толькі праца ў эфіры, але і адлюстраванне складанай сітуацыі ў сектары незалежных беларускіх медыя. Абодва праекты падаваліся на конкурс БАЖ «Публікуй, камунікуй», дзе сутыкнуліся з велізарнай канкурэнцыяй: на 8–10 грантавых месцаў прэтэндавалі амаль 80 заявак.
«Публікуй! Камунікуй!»: Попыт на падтрымку медыястартапаў перавысіў чаканні ў два разы
Існуе незадаволены попыт на падтрымку якасных нішавых праектаў, якія ўжо маюць сталую аўдыторыю і ўнікальны голас, як, напрыклад, адзіны беларускамоўны TikTok пра экалогію.
Сітуацыя, калі прафесійная супольнасць заўважае вартасць праекта, але не можа забяспечыць яго рэсурсамі, стварае эфект «шкляной столі». Напрыклад, мара стваральніцы падкасту I hate dates пра трансфармацыю ў феміністычнае анлайн-медыя пакуль застаецца нерэалізаванай менавіта праз адсутнасць знешняга фінансавання.
Тым не менш, жыццяздольнасць такіх медыя, якія гадамі трымаюцца на валанцёрстве і данатах, сведчыць пра высокую матывацыю стваральнікаў і рэальную патрэбу грамадства ў шчырай размове на беларускай мове. Ідэя і каштоўнасці аказваюцца (пакуль што) мацнейшымі за бюджэты.
@bajmedia