«Калі табе было зусім цяжка, ты ведаў, каму патэлефанаваць». Якім быў Павел Шарамет і чаму нам яго не хапае праз 10 гадоў
20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева выбухнуў аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся беларускі журналіст Павел Шарамет. Яму было 44 гады.

Павел Шарамет. Фота: «Открытая библиотека»
Прайшло дзесяць гадоў. За гэты час змянілася Беларусь. Расія пачала поўнамаштабную вайну. Сотні беларускіх незалежных журналістаў былі вымушаныя пакінуць краіну, а рэдакцыі вучыліся працаваць у выгнанні.
Магчыма, Павел Шарамет добра зразумеў бы гэты свет. Ён і сам умеў пачынаць спачатку. Беларусь, Расія, Украіна — у кожнай з гэтых краін яму даводзілася наноў будаваць прафесійнае жыццё. І амаль паўсюль ён вельмі хутка пераставаў быць чужым.
«Я дакладна ведаю, што ён зрабіў бы, — кажа заснавальніца і дырэктарка Meduza Галіна Цімчанка, калі пытаемся, што рабіў бы Шарамет сёння. — Ён абсалютна спакойна пачаў бы яшчэ адну гісторыю».
А потым дадае:
«Мне здаецца, яго YouTube-канал быў бы ў топе».
БАЖ пагаварыў з людзьмі, якія ведалі Паўла Шарамета ў розныя перыяды яго жыцця: з медыяменеджаркай Галінай Цімчанка, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом, журналістам і яго даўнім калегам Андрэем Махоўскім. І з дачкой Паўла — Лізай Шарамет.
Пра тое, якім ён быў і чаму праз дзесяць гадоў яго ўсё яшчэ так моцна не хапае.
«Для яго не існавала паняцця: гэта немагчыма»
Андрэй Махоўскі пазнаёміўся з Паўлам Шараметам у 1995 годзе. Ён убачыў аб’яву, якую Шарамет развесіў на гістарычным факультэце БДУ, і прыйшоў уладкоўвацца на працу ў праграму «Праспект». Махоўскі да гэтага часу называе тую праграму «космасам»:
— Па тых часах, па беларускіх мерках, гэта быў проста абсалютны космас у параўнанні з усім астатнім беларускім тэлебачаннем.

Андрэй Махоўскі. Фота: Еўрарадыё
Практычна адразу пасля прыходу на працу маладому журналісту давялося прайсці своеасаблівае баявое хрышчэнне. 12 красавіка 1995 года ў будынку беларускага парламента збілі дэпутатаў апазіцыі БНФ, якія абвясцілі галадоўку супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму. Будынак быў зачынены, журналістаў унутр не пускалі.
Махоўскі працаваў у Шарамета ўсяго другі дзень.
— Мы з Паўлам размаўляем, і ён кажа: «Добра было б неяк туды прайсці. Трэба». І ў мяне, чалавека, які працаваў два дні, нават не ўзнікла думкі: гэта ж урадавы будынак, як ты туды пройдзеш? Я такі: «Ну, трэба прайсці — дык трэба прайсці».
Андрэй Махоўскі зрабіў выгляд, што ідзе ў бібліятэку, абышоў будынак, знайшоў тэхнічны ўваход, спусціўся ў падвал, крыху заблукаў і ўрэшце трапіў на закрытае пасяджэнне парламента:
— Гэта быў амаль мой першы журналісцкі досвед. І я зразумеў, што журналістыка — гэта цікава.
Як жыў і як загінуў асабісты вораг Лукашэнкі: гісторыя Паўла Шарамета. ВІДЭА
Праз трыццаць гадоў Махоўскі бачыць у гэтай гісторыі не толькі ўласную журналісцкую авантуру. Для яго яна вельмі дакладна апісвае самога Шарамета:
— Я запомніў Паўла як чалавека, для якога не было паняцця «гэта немагчыма». Трэба зрабіць — і ты шукаеш шляхі, як гэта зрабіць, а не апраўданні, чаму ты не можаш. І такіх сітуацый было шмат. Сам Павел таксама так працаваў.
Была яшчэ адна рэч, якую Андрэй Махоўскі запомніў на ўсё жыццё. Калі «Праспект» неўзабаве закрылі, каманда фактычна засталася без свайго праекта. Праз некаторы час Шарамета запрасілі ў «Белорусскую деловую газету».
Ён пагадзіўся, але паставіў умову:
— Ён сказаў Пятру Марцаву: «Я забяру з сабой усіх. Я пайду працаваць толькі тады, калі ты пагодзішся, каб усе людзі, якія працавалі са мной і захочуць перайсці, перайшлі разам са мной, і ты іх таксама прыняў на працу».
Андрэй Махоўскі быў адным з тых, хто пайшоў за Паўлам:
— Мне здаецца, гэта вельмі добра характарызуе чалавека. Ён жа не быў нам нічога вінен. Ён быў такім жа наёмным супрацоўнікам, як і ўсе астатнія.

Рэдакцыя Беларускай дзелавой газеты, 1997 год
І яшчэ адна важная рэч: Павел Шарамет не ставіўся да маладых журналістаў як да вучняў, якім спачатку трэба доўга тлумачыць, што і як рабіць.
— Павел ставіўся да калег як да роўных. Калі я прыйшоў, я працаваў усяго два дні, а ён ужо быў вядомым журналістам, вядоўцам адной з самых папулярных праграм на беларускім тэлебачанні. Але ў яго не было такога: ты чагосьці не ўмееш, таму я буду ставіцца да цябе як да чалавека, якога трэба вадзіць за руку. З аднаго боку, патрабаванні да цябе былі як да роўнага. А з другога — і адносіны былі як да роўнага. Табе проста казалі: ідзі і працуй. Рабі тое, што можаш зрабіць.
На думку Махоўскага, Шарамет быў адным з людзей, якія фактычна стваралі новую беларускую журналістыку:
— «Праспект» быў цалкам яго аўтарскай праграмай, нічога блізкага на беларускім тэлебачанні не было. Павел быў адным з людзей, якія стваралі журналістыку з нармальнымі, ужо не савецкімі падыходамі.
«Я чакала Паўла Шарамета. А прыйшоў Паша»
Галіна Цімчанка добра памятае сваю першую сустрэчу з Паўлам Шараметам. Яна ўжо была дасведчанай рэдактаркай і ўсё адно хвалявалася:
— Я памятаю: сяджу ў сваім кабінеце і думаю — да мяне зараз сам Павел Шарамет прыйдзе. Я тады яшчэ памятала яго па Першым канале. І вось я сяджу ў сваім жа кабінеце, але адчуваю сябе нікім.
Шарамет прыйшоў, яны пачалі размаўляць. Прайшло тры гадзіны:
— Я ўвогуле не заўважыла, як праляцеў час. Праз пяць хвілін я ўжо смяялася, жартавала, расслабілася. Ніякай «зорнасці» не было наогул. Я чакала Паўла Шарамета. А прыйшоў Паша.

Галіна Цімчанка. Фота: AP/Scanpix
Галіна Цімчанка кажа, што ў ім дзіўным чынам спалучаліся рэчы, якія рэдка сустракаюцца ў адным чалавеку: неверагодная мяккасць у адносінах з людзьмі і вельмі жорсткі прафесіяналізм.
— Такое рэдкае спалучэнне я, бадай, сустракала толькі аднойчы — у Пашы. З аднаго боку, неверагодная добразычлівасць і талерантнасць у самым добрым сэнсе гэтага слова. Ён з вялікім разуменнем ставіўся да асаблівасцяў іншых людзей і ўмеў у асабістым жыцці размаўляць абсалютна з усімі на роўных. Гэта быў вельмі мяккі, добры чалавек, які абавязкова хацеў усіх смачна накарміць, ніколі не забываў пра падарункі. У ім была неверагодная цікавасць да людзей. І адначасова — вельмі жорсткі прафесіяналізм. Неверагодны ўзровень.
Аднойчы Павел Шарамет запрасіў яе ў Кыргызстан на школу журналістыкі. Па дарозе яны жартавалі, размаўлялі, адпачывалі на Ісык-Кулі. А потым Павел выйшаў да студэнтаў.
— І калі ён пачаў весці майстар-клас, я, шчыра кажучы, адчула сябе першакурсніцай. Я рэдактар з дваццацігадовым стажам, здавалася б, чаго я магу не ведаць? Адказ быў такі: я нічога не ведала з таго, што расказваў Паша. Я сядзела з адкрытым ротам, калі ён даваў майстар-клас па інтэрв’ю.
Для Галіны Цімчанка ў гэтым і быў адзін з сакрэтаў Шарамета:
— Журналісты ўвогуле часта людзі не самыя прыемныя. А тут было дзіўнае адчуванне: у звычайным жыцці Паша настолькі зачароўваў цябе як чалавек, што, калі пачыналася сур’ёзная праца і ён раптам паказваў сябе зусім з іншага, прафесійнага боку, ты сам міжволі падцягваўся да яго ўзроўню. Вось гэта была зусім неверагодная якасць.

Павел Шарамет, на той момант кіраўнік бюро ОРТ, глядзіць на манітор, на якім транслююць кадры з Аляксандрам Лукашэнка, 24 лістапада 1998 года. Архіўнае фота: Reuters
«Ты не мікрафон на ножцы»
Яны не заўсёды ва ўсім пагаджаліся. Адна з самых сур’ёзных спрэчак паміж Цімчанка і Шараметам адбылася пасля 2014 года. Галіна Цімчанка тады, як сама кажа, заставалася «адэптам інфармацыйнай журналістыкі»: адзін бок сказаў гэта, другі — тое. Журналіст мусіць даць слова ўсім і застацца максімальна нейтральным. Павел Шарамет думаў інакш.
— Ён мне казаў: «Не. Так ужо нельга. Гэты час прайшоў. Не трэба станавіцца прапагандыстамі, але не трэба забараняць сабе эмоцыі, забараняць выказваць сваё меркаванне. Ты не мікрафон на ножцы. Ты не маеш права хаваць інфармацыю, але мусіш ясна паказваць сваё стаўленне да таго, што адбываецца. І тады твая аўдыторыя адгукнецца».
Яны, па словах Цімчанка, тады «страшэнна зарубіліся». Яна была перакананая: калі расійская прапаганда крычыць, незалежныя журналісты, наадварот, павінны гаварыць ціха. Шарамет ніколі не быў «ціхім».
— І трэба сказаць: ён меў рацыю.

Пратэст Паўла Шарамета супраць забойства Барыса Нямцова. У расійскага пасольства ў Кіеве, 2015
Магчыма, менавіта таму Галіна Цімчанка амаль не сумняваецца, што Шарамет знайшоў бы сябе і ў сённяшнім медыйным свеце. Ён ужо некалькі разоў умеў пачынаць жыццё наноў. Пачаў бы і яшчэ раз:
— У яго была велізарная аўдыторыя. І да Пашы было вельмі рэдкае адчуванне даверу. Ты глядзіш на чалавека і думаеш: «Добра, вось гэты не схлусіць. Як ведае — так і скажа».
«Ён быў адным з тых, хто ствараў сучасную беларускую журналістыку»
Для старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца гісторыя Шарамета — перадусім частка гісторыі беларускай журналістыкі. Ён нагадвае: у прафесію Павел прыйшоў без спецыяльнай журналісцкай адукацыі. Пачынаў на дзяржаўным тэлебачанні ў зусім іншай Беларусі пачатку 1990‑х.
У 1995 годзе атрымаў прэмію Беларускага ПЭН-цэнтра як найлепшы тэлежурналіст. У тым жа годзе сышоў з БТ. Часы мяняліся занадта хутка.
— Потым была «Белорусская деловая газета», куды ён прыцягнуў шмат каго з будучых зорак беларускай журналістыкі. Потым ён кіраваў беларускім бюро ОРТ. На гэты час прыпала крымінальная справа супраць Паўла і яго сябра, тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага. Для іх вызвалення з‑за кратаў спатрэбілася ўмяшанне Барыса Ельцына.

Андрэй Бастунец. Фота: БАЖ
Былі пераслед, збіццё, вымушаны ад’езд з Беларусі. У 2000 годзе знік Дзмітрый Завадскі.
Потым была праца Шарамета ў Расіі, пазней — ва Украіне.
— І пры гэтым ён заставаўся з Беларуссю, — кажа Бастунец. — Заснаваў «Беларускі партызан», які меў вялікі ўплыў і працягваў працаваць пасля забойства Паўла. Пісаў кнігі, здымаў фільмы пра трагічныя палітычныя падзеі ў Беларусі.
«Выбітная асоба, якой нам усім не хапае», — коратка падсумоўвае Андрэй Бастунец.
“Людзі звязвалі з ім вельмі шмат спадзяванняў”
Для Лізы Шарамет Павел заўсёды быў перадусім татам.
— Калі кажуць пра Паўла Шарамета як пра адзін з сімвалаў беларускай журналістыкі, мне бывае складана адразу ўключыцца ў гэтую размову. Для мяне ён найперш быў татам. Таму ў дзяцінстве я ўспрымала зусім іншае. Я ведала, што яму нельга ездзіць у Беларусь, што ў яго забралі пашпарт, што вакол яго працы ўвесь час адбываецца нешта сур’ёзнае і драматычнае. Але зразумець маштаб ягонай асобы тады, вядома, не магла, — кажа дачка Паўла.

Ліза Шарамет. Фота: hromadske.ua
Па-сапраўднаму яна ўсвядоміла яго значэнне ўжо праз шмат гадоў:
— Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны я паўтара гады пражыла ў Варшаве, і тамака пазнаёмілася з беларусамі — з Гродна, Мінска, іншых гарадоў. І кожны раз, калі людзі пазнавалі маё прозвішча і разумелі, чыя я дачка, адбывалася нешта дзіўнае. Хтосьці літаральна не мог падабраць слоў. Хтосьці расказваў, што жыў у Гродне, калі тата сядзеў у турме, што ўвесь горад тады казаў пра гэта, што паўсюль былі надпісы «Свабоду Шарамету». Некаторыя казалі мне: «Праз шмат гадоў імем твайго бацькі будуць названыя вуліцы».
Менавіта тады я ўпершыню адчула яго маштаб не як майго бацьку, а як чалавека, які сапраўды стаў важнай фігурай у гісторыі і жыцці Беларусі. У Расіі я бачыла зусім іншы бок яго жыцця — журналісцкі, прафесійны. Для мяне яго значнасць хутчэй вызначалася тым, з якімі людзьмі ён меў зносіны, каго прыводзіў дадому, з кім мяне знаёміў. Але толькі маючы зносіны з беларусамі, якія былі дарослымі людзьмі, калі тата працаваў, я зразумела, колькі надзей многія звязвалі менавіта з ім.
Мне падаецца, людзі ўспрымалі яго як аднаго з тых, хто ўвасабляў ідэю свабоднай, адкрытай Беларусі. Нават пасля таго, як яму прыйшлося з’ехаць з краіны, Беларусь ніколі не пераставала быць цэнтрам яго жыцця. І «Беларускі партызан», і многія іншыя рэчы, якімі ён займаўся ўжо за межамі Беларусі, былі працягам гэтага сталага клопату аб сваёй краіне. Ён увесь час думаў аб тым, што яшчэ можна зрабіць для Беларусі.
«Калі табе вельмі цяжка, ты ведаў: трэба патэлефанаваць Пашу»
Калі Галіна Цімчанка ўзгадвае Шарамета, ёсць адзін успамін, ад якога яна хацела б пазбавіцца. 20 ліпеня 2016 года яна, як чалавек, які ўсё жыццё працаваў з навінамі, адкрыла відэа з месца выбуху. І ўбачыла Паўла:
— Я да гэтага часу сябе за гэта лаю. Я не магу забыць яго белы твар, адкінутую галаву. Гэта тое, што ўрэзалася ў памяць. Кожны раз, калі я пачынаю гаварыць пра Пашу, яно паўстае перад вачыма.

Партрэт Паўла Шарамета акружаны кветкамі на месцы яго смерці ў Кіеве. Фота: Сяргей Чузаўкоў / AP
Але ёсць і іншы Павел. Той, які прыязджае да яе ў Рыгу і замест прывітання абураецца:
«Гала, ну ты ж тут нічога не ведаеш! Вось што ты тут жывеш? Ты ж нават не ведаеш, дзе тут смачна кормяць. Пайшлі, я цябе накармлю».
І, магчыма, менавіта гэты ўспамін гаворыць пра яго больш за ўсе прафесійныя рэгаліі:
— Ёсць такія людзі: калі табе дрэнна, ты дакладна ведаеш, каму патэлефанаваць. Паша быў адным з нямногіх такіх людзей. Калі табе ўжо зусім край — ты ведаеш, што трэба патэлефанаваць яму. Ён усё гэта ўжо бачыў, праз усё праходзіў. І ён не скажа табе тупое «трымайся». Ён нармальна з табой пагаворыць і прапануе што можна зрабіць.
Галіна Цімчанка на імгненне замаўкае:
— Вось гэтага адчування, што калі цяжка, можна яму патэлефанаваць, мне жудасна не хапае.

Павел Шарамет. Фота: Валерий Левитин / Коммерсантъ
Справа, у якой праз дзесяць гадоў няма адказу
20 ліпеня 2016 года Андрэю Бастунцу патэлефанавалі і сказалі, што Павел забіты.
— У гэта было цяжка паверыць. Апошнія гады ён працаваў ва Украіне, дэмакратычнай краіне, дзе, здавалася б, нішто яму ўжо не мусіла пагражаць, — узгадвае ён.
Прайшло дзесяць гадоў. Расследаванне забойства Паўла Шарамета так і не дало канчатковага адказу на галоўныя пытанні.
— Версій шмат. Адказу няма, — кажа Бастунец. — Шарамет меў ворагаў і ва Украіне, і ў Расіі, і, безумоўна, на самым высокім узроўні ў Беларусі. Бо быў вельмі значнай і яркай асобай ва ўсіх трох краінах. Я спадзяюся, што забойствы і Паўла Шарамета, і Дзмітрыя Завадскага ўсё ж будуць расследаваныя.
Галіна Цімчанка гаворыць пра гэта інакш.
— Я хіба скажу непапулярную рэч, але я ўжо змірылася. Назад Паўла не вернеш. Я разумею людзей, якія патрабуюць справядлівасці, сапраўднага расследавання, сапраўднай працэдуры. І вельмі горка, што людзі не панеслі пакарання.
Але асабіста для сябе я сказала: што б мы цяпер ні даведаліся — Пашу гэта не верне. Я зафіксавала паразу і здалася. Магчыма, гэта няправільна. Але я так адчуваю.
Ліза Шарамет доўгі час таксама думала, што вынік расследавання — гэта ў тым ліку пытанне павагі да яе бацькі. Цяпер глядзіць на гэта па-іншаму:
— Я бачыла так шмат павагі да яго. Я бачыла яго калег, сяброў, людзей, якія прыходзілі з ім развітацца. Проста людзей, якія прыходзілі. І мне гэтага дастаткова як доказу таго, што яго ведалі, цанілі і паважалі. Вынік расследавання ўжо не мае да гэтага вялікага дачынення.

Павел Шарамет і Зміцер Завадскі (злева) падчас судовага працэсу па абвінавачанні ў незаконным групавым перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі. Ашмяны, Гродзенская вобласць, 1997 год. Фота: Віктар Талочка / ТАСС
Падчас нашай размовы Ліза раптам успамінае яшчэ адну гісторыю — гісторыю Дзмітрыя Завадскага. Яго смерць Павел так і не змог адпусціць:
— У майго таты быў сябар, чыё знікненне таксама не было расследавана да канца. Я маю на ўвазе Дзіму Завадскага. І тата, наколькі я разумею, не адпускаў гэтае пытанне да канца жыцця. Для яго было вельмі важна зразумець, даведацца, растлумачыць: чаму гэта адбылося, як і хто да гэтага датычны.
Таму, напэўна, я ўсё ж дадам: расследаваць забойства таты важна не толькі для Украіны. Для самога таты гэта таксама было б важна. Калі меркаваць па тым, як ён ставіўся да справы Дзімы Завадскага.
Каб памяталі не толькі, як ён памёр
Лізе важна, каб пра бацьку памяталі. Не толькі таму, што гэта важна для сям’і. Ёй здаецца, гэта было б важна і самому Паўлу:
— Ён хацеў, каб ягонае жыццё мела сэнс не толькі для нашай сям’і, але і ў нейкім большым сэнсе. Я думаю, яму было б вельмі прыемна ведаць, што людзі яго памятаюць. Памятаюць, што ён зрабіў і да чаго імкнуўся.

Павел Шарамет. Фота: Дзмітрый Ларын / AFP / Getty Images
За гэтыя дзесяць гадоў я шмат разоў заўважала, як лёгка гісторыя татавай гібелі засланяе сабой гісторыю яго жыцця. Людзі даведаюцца, як ён загінуў, пачынаюць абмяркоўваць версіі, расследаванне, шукаць вінаватых. Але мне заўсёды крыху крыўдна, што менавіта да гэтага перш за ўсё чапляецца погляд.
Мне хацелася б, каб спачатку гаварылі аб ягоным жыцці. Я вельмі ўдзячная ўсім, хто працягвае захоўваць памяць аб ім — журналістам, калегам, сябрам, людзям, якія прыходзяць да помніка ў Кіеве. Пакуль аб таце памятаюць, ён працягвае заставацца з намі.
@bajmedia