Кіберзлачынцы ўзламалі праваабарончы сайт «Палеская вясна»
На галоўнай старонцы сайта «Палеская вясна» з’явілася паведамленне пра тое, што ён узламаны хакерскай групоўкай ZeroXboberS, на «расследаванні» якой часам спасылаюцца беларускія сілавікі.

Апрача слядоў дзейнасці на стартавай старонцы сайта, які, дарэчы, не абнаўляўся з кастрычніка 2024 года, паведамленні пра ўзлом «Палескай вясны» з’явіліся 17 жніўня каля 21‑й гадзіны ў Threads, Instagram і TikTok хакерскай групоўкі. Гэтыя рэсурсы маюць адзінкі падпісчыкаў, але на іх часам спасылаюцца беларускія сілавікі, паведамляючы «смажаную» інфармацыю пра апанентаў беларускіх уладаў.
Гэтым разам ад імя ZeroXboberS было заяўлена, што невядомыя хакеры завалодалі звесткамі пра адміністратараў сайта і пра тых, хто звяртаўся па дапамогу праваабаронцаў. Таксама прыводзяцца прыклады скрыншотаў, якія нібыта сведчаць пра атрыманне мільярдных сум у доларах.
Пры гэтым хакеры называюць праваабарончы сайт і саміх праваабаронцаў «иноагентами», што сведчыць пра іх арыентацыю на расійскую палітычную павестку, паколькі сам тэрмін і адпаведнае заканадаўства з’яўляюцца інструментамі расійскага ўладнага рэжыму, якія яны аўтаматычна пераносяць на беларускія і рэгіянальныя рэаліі.
«Сайт «Палескай вясны» і згаданы паштовы сэрвіс, пра які ідзе гаворка, не былі звязаныя з цэнтральным сайтам арганізацыі spring96.org і іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі «Вясны». Гэтыя рэсурсы, а таксама афіцыйныя электронныя скрыні і, адпаведна, звароты, якія накіроўваюцца праз іх, знаходзяцца ў бяспецы.
Таксама падкрэсліваем, што інфармацыя пра нібыта «ўцечку» даных пра фінансы арганізацыі не адпавядае рэчаіснасці.
Такія заявы не маюць пад сабой падстаў і з’яўляюцца часткай спробаў сілавых структур у чарговы раз дыскрэдытаваць дзейнасць арганізацыі», — напісалі праваабаронцы ПЦ «Вясна» ў адмысловым каментары пра сітуацыю з рэгіянальным рэсурсам.
Што да іншых інтэрнэт-рэсурсаў, звязаных з «Палескай вясной», то акаўнт у Facebook і Telegram-канал не маюць прыкмет узлому і выглядаюць гэтаксама, як падчас апошніх абнаўленняў 8 красавіка 2025 года.
@bajmedia