• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ЕС асудзіў наданне ў Беларусі «экстрэмісцкага» статусу праектам, якія падтрымлівае

    Еўрапейскі саюз «застаецца салідарны з народам Беларусі і будзе падтрымліваць яго права на аб’ектыўную інфармацыю, магчымасці для навучання і прафесійнай дзейнасці ва ўмовах акадэмічнай свабоды», гаворыцца ў заяве прэс-службы Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) у сувязі з прызнаннем у Беларусі шэрагу рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    ЕС асудзіў наданне ў Беларусі «экстрэмісцкага» статусу сваім праектам

    Ілюстрацыя: Caniceus / pixabay.com

    Гаворка пра вэб-сайты і старонкі ў сацсетках праекта EUvs­Dis­in­fo, Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі Літвы (CPVA), праграм SALT і Edu­ca­tion for Belaru­sians (“Адукацыя для беларусаў”), якія падтрымліваюцца ЕС*.

    Рашэнне Мінска названа “яшчэ адным прыкладам сістэматычных намаганняў рэжыму па прыгнечанні крытычнага мыслення, абмежаванні асноўных свабод і звужэнні грамадзянскай прасторы”.

    “ЕС рашуча асуджае такія дзеянні. Гэтае неабгрунтаванае рашэнне накіравана на абмежаванне доступу беларусаў да незалежнай інфармацыі і адукацыйных магчымасцей”, — адзначаецца ў заяве.

    ЕСЗД заклікае кіруючы ў Беларусі рэжым “неадкладна адмяніць гэтае рашэнне і спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да народа”.

    Унясенне пералічаных вышэй рэсурсаў у спіс “экстрэмісцкіх” “рашуча асудзіў” МЗС Літвы.

    Паводле ацэнкі міністэрства, гэтае рашэнне ўяўляе сабой палітычна матываваную і неапраўданую меру, накіраваную на абмежаванне доступу беларускіх грамадзян да інфармацыі аб падтрымцы грамадзянскай супольнасці, адукацыі, мабільнасці і іншых ініцыятывах дапамогі, якія рэалізуюцца ЕС і яго дзяржавамі-членамі.

    “Усе такія ініцыятывы рэалізуюцца ў адпаведнасці з каштоўнасцямі Еўрапейскага саюза і прынцыпамі міжнароднага права”, — звярнула ўвагу ведамства. CPVA з’яўляецца літоўскай дзяржаўнай установай “з вялікім досведам кіравання” праграмамі, зазначае МЗС.

    Рашэнне Мінска “варта разглядаць як прадузятую спробу дыскрэдытаваць законнае міжнароднае супрацоўніцтва”, лічаць у Вільнюсе.

    “Літва сумесна з ЕС працягне падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, грамадзянскую супольнасць, студэнтаў, акадэмічную супольнасць і грамадзянскія ініцыятывы”, — сказана ў заяве.

    Гэтае рашэнне рэжыму “не будзе мець юрыдычнай сілы на тэрыторыі [Літвы]”. Вільнюс патрабуе яго неадкладнай адмены і пакідае за сабой права “прымаць палітычныя і дыпламатычныя контрмеры супраць беларускага рэжыму, каардынуючы далейшыя крокі з інстытутамі ЕС і яго дзяржавамі-членамі”.

    “Экстрэмісцкі” статус рэсурсы атрымалі ў ліпені і пачатку жніўня. У адпаведным пераліку фігуруюць рашэнні суда Ленінскага раёна Магілёва.

    * EUvs­Dis­in­fo (euvsdisinfo.eu) — праект ЕС па супрацьдзеянні дэзінфармацыі. Публікуе матэрыялы на 12 мовах. Яго вядзе аператыўная працоўная група па стратэгічных камунікацыях ЕСУС. Ажыццяўляе маніторынг СМІ на 15 мовах.

    Створаны ў 2015 годзе для “лепшага рэагавання на пастаянныя дэзінфармацыйныя кампаніі РФ, якія ўплываюць на ЕС, яго дзяржавы-члены і суседнія краіны, а таксама для прагназавання такіх кампаній і процідзеяння ім”.

    “Адукацыя для беларусаў” (раней SALT) — комплекс праграм падтрымкі студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій або знаходзяцца пад пагрозай такога пераследу.

    Літоўскае агенцтва адмініструе праграмы для Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.