• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронца Леанід Судаленка абскарджвае прызнанне яго TikTok-старонкі «экстрэмісцкім матэрыялам»

    У апеляцыі сябра БАЖ і праваабаронца звяртае ўвагу на памылку ў назве і ідэнтыфікатары старонкі, непрапарцыйнасць забароны ўсяго рэсурсу, а таксама на тое, што справа разглядалася без яго ўдзелу.

    Леанід Судаленка БАЖ Медыякэмп

    Леанід Судаленка падчас Медыякэмпу «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

    Рашэнне аб прызнанні Tik­Tok-старонкі з назвай l.sudalenka і ідэнтыфікатарам @l.sudalenka «экстрэмісцкім матэрыялам» прынятае Маладзечанскім раённым судом 27 траўня гэтага года.

    Як піша сам Леанід Судаленка, апеляцыйную скаргу ён накіраваў у судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда. Праваабаронца просіць цалкам адмяніць рашэнне суда.

    скарга Судаленка

    Апеляцыйная скарга Леаніда Судаленкі. Фота: Telegram

    Судаленка адзначае, што пакуль не можа цалкам выкласці свае аргументы, паколькі на момант падачы апеляцыі яшчэ не атрымаў матываваную частку судовага рашэння.

    29 траўня ён накіраваў у суд электронны запыт на атрыманне копіі рашэння з абгрунтаваннем. Але ўжо цяпер зразумела, што рашэнне суда ад пачатку не можа быць законным, бо ў ім нават назву і ідэнтыфікатар Tik­Tok-старонкі ўказалі няправільна.

    Ён зазначае, што яшчэ адно ключавое пытанне ў апеляцыі — аб’ём абмежавання. Паводле інфармацыі ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў Мінінфарма, «экстрэмісцкім матэрыялам» прызналі ўсю Tik­Tok-старонку Леаніда Судаленкі. Аднак, як ён сцвярджае ў скарзе, магчымыя прэтэнзіі маглі тычыцца толькі асобных публікацый. Таму, на яго думку, прызнанне «экстрэмісцкім матэрыялам» усяго рэсурсу з’яўляецца непрапарцыйным мерам абмежавання.

    «Я пайшоў туды, дзе сёння знаходзяцца людзі, у Tik­Tok і Insta­gram. Пачаў рабіць кароткія відэа пра палітвязняў, але ўлады тут жа прызналі мае старонкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Калі заўтра я размяшчу там новае відэа, як яно можа быць «экстрэмісцкім матэрыялам» на падставе рашэння суда, прынятага да таго, як гэта відэа з’явілася?», — кажа праваабаронца інфармацыйнай службе «Вясны».

    У апеляцыі ён зазначае, што справа разглядалася без яго ўдзелу як зацікаўленай асобы, і заяўляе, што гэта абмежавала яго магчымасць абараняць свае інтарэсы, прадстаўляць доказы і тлумачыць суду сваю пазіцыю. Такім чынам, падкрэслівае Судаленка, былі парушаныя прынцыпы спаборнасці бакоў і права на абарону, а таксама гарантыі справядлівага судовага разгляду.

    Асобны блок аргументаў у скарзе тычыцца свабоды слова

    Судаленка зазначае, што прызнанне інтэрнэт-рэсурсу «экстрэмісцкім матэрыялам» з’яўляецца ўмяшальніцтвам у права на свабоду выказвання меркавання.

    У апеляцыі ён спасылаецца на артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі (які гарантуе свабоду думак і іх выражэння, забарону цэнзуры і прапаганды вайны, а таксама сацыяльнай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці) і артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на меркаванне, права на інфармацыю, якія могуць быць абмежаваныя законам толькі дзеля павагі правоў іншых людзей, а таксама для абароны дзяржбяспекі ці грамадскага парадку).

    Паводле міжнародных стандартаў, абмежаванне свабоды выказвання павінна адпавядаць адначасова некалькім крытэрыям: быць прадугледжаным законам, мець законную мэту і быць неабходным ды прапарцыйным. На думку праваабаронцы, у яго выпадку гэтыя патрабаванні выкананыя не былі.

    «Раней улады часцей прызнавалі «экстрэмісцкім матэрыялам» канкрэтны матэрыял, напрыклад публікацыю, відэа, тэкст. Тады хаця б можна было паставіць пытанне: што менавіта ў гэтым матэрыяле суд палічыў экстрэмісцкім? Калі ж экстрэмісцкай прызнаецца ўся старонка Tik­Tok або Insta­gram, як адбылося ў мяне зараз, узнікае значна больш сур’ёзная праблема. На старонцы могуць быць дзясяткі ці сотні розных публікацый, але ў рашэнні суда не тлумачаць, якая з іх стала падставай для абмежавання ўсёй старонкі», — кажа Леанід Судаленка.

    Да таго ж, дадае праваабаронца, варта спачатку даказаць прыналежнасць гэтых старонак да цябе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.