• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: старонкі ў Threads праекта This Minsk Media і медыяменеджара Кірыла Валошына

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 6 кастрычніка чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    У гэты пералік уключылі старонку ў Insta­gram з назвай «Константин Каверин/ Konstantin_kaverin» (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/konstantin_kaverin?stkn=eXIpZmRsdHczMHIz). «Экстрэмісцкім» яе змест прызнаў 2 кастрычніка 2026 года суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска.

    Старонка належыць беларускаму радыё- і тэлевядоўцу Канстанціну Каверыну. Гэта псеўданім (сапраўднае прозвішча — Місуна), пад якім яго ведаюць слухачы і гледачы, а таксама інтэрнэт-карыстальнікі: апошнім часам Канстанцін разам з калегамі вядзе YouTube-шоу «Обычное утро».

    Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі старонку ў сацыяльнай сетцы Threads з назвай This Min­sk Media (ідэнтыфікатар: thisminsk.media). Кантэнт інтэрнэт-рэсурсу прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» той самы суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска і таксама 2 кастрычніка 2026 года.

    Гэта старонка беларускага незалежнага медыяпраекта, які асвятляе навіны Мінска, Беларусі і свету. Да сакавіка 2025 года ён быў шырока вядомы пад назвай «Это Минск, детка» (паводле рашэння МУС ад 4 сакавіка 2023 года быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»).

    Іншыя рэсурсы медыяпраекта былі ўнесены ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма яшчэ раней — у адпаведнасці з рашэннем суда Маскоўскага раёна Мінска ад 27 чэрвеня 2025 года.

    Кірыл Валошын. Скрын відэа: freekuhar / YouTube

    У «экстрэмісцкі» спіс на сайце  Міністэрства інфармацыі ўключылі і акаўнт kirill.voloshin _ у сацыяльнай сетцы Threads. Гэта акаўнт вядомага беларускага прадпрымальніка, медыяменеджара, сузаснавальніка найбуйнейшага беларускага незалежнага партала TUT.BY Кірыла Валошына. Рашэнне прызнаць старонку «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 2 кастрычніка 2026 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.