• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Супольная праца Ірыны Сідорскай і Дзмітрыя Нікановіча «Не былыя» выйдзе ў французскім часопісе Kometa

    На праграму Kometa Fel­lows сёлета было пададзена больш за 200 заявак з 40 краін. Беларускія журналісты трапілі ў шасцёрку пераможцаў праграмы французскага незалежнага часопіса Kometa, які расказвае пра геапалітыку праз лёсы людзей і падтрымлівае аўтараў дакументальнай прозы і non-fic­tion.

    Kometa Нікановіч Сідорская

    Ірына Сідорская і Дзмітрый Нікановіч у спісе пераможцаў Kometa Fel­lows. Фота: Insta­gram Kometa

    «Вельмі люблю тэксты, у якіх вялікая палітыка пачынаецца не з прэзідэнтаў, санкцый і міжнародных заяў, а з чалавечай гісторыі. Цяпер у нас з Ірынай Сідорскай будзе магчымасць зрабіць менавіта такі тэкст, — піша ў Face­book медыяэксперт, кандыдат навук, экс-выкладчык журфака БДУ Дзмітрый Нікановіч. — Мы сталі ўдзельнікамі Kometa Fel­lows — праграмы французскага незалежнага часопіса Kometa, які расказвае пра геапалітыку праз лёсы людзей і падтрымлівае аўтараў дакументальнай прозы і non-fic­tion».

    Нікановіч

    Дзмітрый Нікановіч. Фота з асабістага архіву

    Гэтым разам вынікам працы мусіць стаць не навуковы артыкул. Дзмітрый Нікановіч і экспертка па медыя і камунікацыях Ірына Сідорская будуць працаваць над праектам «Not For­mer» («Не былыя»):

    «Гэта літаратурны рэпартаж пра чатырох беларускіх жанчын старэйшых за 50 гадоў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы пасля палітычных рэпрэсій 2020 года і сутыкнуліся з прапагандысцкімі кампаніямі, накіраванымі на іх дыскрэдытацыю. Сёлета Kometa абрала ўсяго шэсць праектаў. І наш — адзін з іх».

    Ірына Сідорская экспертка

    Ірына Сідорская. Фота: з асабістага архіва суразмоўцы

    Ірына Сідорская кажа пра праект:

    «Для мяне ён не толькі пра тое, як прапаганда спрабуе перапісаць чужыя біяграфіі, але і пра тое, як беларускія жанчыны захоўваюць голас, агентнасць і права працягваць дзейнічаць».

    Што за часопіс? 

    Праграма Kometa Fel­lows прадугледжвае фінансаванне ў памеры 10 000 еўра цягам года для аўтараў (журналістаў, пісьменнікаў або фатографаў), якія дакументуюць рэчаіснасць ва ўмовах вайны, цэнзуры або сур’ёзнай палітычнай і сацыяльнай напружанасці.

    У 2025 годзе Kometa прафінансавала працу трох журналістаў: Дзмітрыя Велікоўскага, расійскага журналіста-расследавальніка ў выгнанні; Рамі Абу Джамуса, палестынскага журналіста, які працуе ў сектары Газа; і Юліі Кочэтавай, украінскай фотажурналісткі і рэжысёркі дакументальных фільмаў.

    У 2026 годзе журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі літаратуры, СМІ і інтэлектуальных колаў, аддало «перавагу амбітным праектам, заснаваным на непасрэдным палявым досведзе і здольным ствараць яркія, захапляльныя апавяданні».

    Шэсць адабраных удзельнікаў атрымаюць па 10 000 еўра кожны. У бюджэце заяўнікі павінны ацаніць свае выдаткі, якія могуць уключаць праезд, пражыванне, паслугі арганізатара або перакладчыка, абсталяванне, постпрадакшн, аплату працы (рабочых гадзін) і любыя іншыя магчымыя выдаткі.

    Kometa — гэта незалежны французскі часопіс, прысвечаны літаратурнай журналістыцы, геапалітыцы і дакументальнай фатаграфіі.

    Тэматыка часопісу: вялікія рэпартажы, журналісцкія расследаванні, эсэ, дакументальныя фотапраекты і дыскусіі пра глабальныя змены ў свеце. Спачатку часопіс засяроджваўся на Усходняй Еўропе і постсавецкай прасторы, а пазней пашырыў геаграфію на іншыя рэгіёны — Іран, Кітай, ЗША і Блізкі Усход.

    Часопіс пачаў выходзіць у Францыі ў 2023 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

    Сярод пастаянных аўтараў і запрошаных гасцей часопіса Kometa — цэлая плеяда сусветна вядомых пісьменнікаў, інтэлектуалаў і журналістаў, у тым ліку лаўрэаты Нобелеўскай, Ганкураўскай і Пулітцэраўскай прэмій.

    Гэта — нобелеўская лаўрэатка з Беларусі Святлана Алексіевіч; Салман Рушдзі (Salman Rushdie) — вядомы брытанскі пісьменнік індыйскага паходжання, лаўрэат Букераўскай прэміі, які падрыхтаваў для часопіса эксклюзіўнае вялікае інтэрв’ю; Эмануэль Карэр (Emmanuel Car­rère) — адзін з вядучых сучасных французскіх пісьменнікаў і сцэнарыстаў; Махамед Мбуґар Сар (Mohamed Mbougar Sarr) — сенегальскі пісьменнік, лаўрэат Ганкураўскай прэміі; Лора Адлер (Lau­re Adler) — французская журналістка, пісьменніца, выдавец і грамадская дзяячка і іншыя.

    Акрамя аўтараў тэкстаў, часопіс актыўна запрашае вядомых дзеячаў культуры да куратарскай працы над асобнымі выпускамі. Напрыклад, запрошанымі рэдактарамі і амбасадарамі асобных нумароў станавіліся іранская актрыса Гальшыфтэ Фарахані, французская тэлевядучая Эва Бестэр і фатограф-анімаліст Венсан Мунье.

    Поўны спіс аўтараў і рэпарцёраў можна паглядзець на афіцыйнай старонцы Kometa.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.