Супольная праца Ірыны Сідорскай і Дзмітрыя Нікановіча «Не былыя» выйдзе ў французскім часопісе Kometa
На праграму Kometa Fellows сёлета было пададзена больш за 200 заявак з 40 краін. Беларускія журналісты трапілі ў шасцёрку пераможцаў праграмы французскага незалежнага часопіса Kometa, які расказвае пра геапалітыку праз лёсы людзей і падтрымлівае аўтараў дакументальнай прозы і non-fiction.

Ірына Сідорская і Дзмітрый Нікановіч у спісе пераможцаў Kometa Fellows. Фота: Instagram Kometa
«Вельмі люблю тэксты, у якіх вялікая палітыка пачынаецца не з прэзідэнтаў, санкцый і міжнародных заяў, а з чалавечай гісторыі. Цяпер у нас з Ірынай Сідорскай будзе магчымасць зрабіць менавіта такі тэкст, — піша ў Facebook медыяэксперт, кандыдат навук, экс-выкладчык журфака БДУ Дзмітрый Нікановіч. — Мы сталі ўдзельнікамі Kometa Fellows — праграмы французскага незалежнага часопіса Kometa, які расказвае пра геапалітыку праз лёсы людзей і падтрымлівае аўтараў дакументальнай прозы і non-fiction».

Дзмітрый Нікановіч. Фота з асабістага архіву
Гэтым разам вынікам працы мусіць стаць не навуковы артыкул. Дзмітрый Нікановіч і экспертка па медыя і камунікацыях Ірына Сідорская будуць працаваць над праектам «Not Former» («Не былыя»):
«Гэта літаратурны рэпартаж пра чатырох беларускіх жанчын старэйшых за 50 гадоў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы пасля палітычных рэпрэсій 2020 года і сутыкнуліся з прапагандысцкімі кампаніямі, накіраванымі на іх дыскрэдытацыю. Сёлета Kometa абрала ўсяго шэсць праектаў. І наш — адзін з іх».

Ірына Сідорская. Фота: з асабістага архіва суразмоўцы
Ірына Сідорская кажа пра праект:
«Для мяне ён не толькі пра тое, як прапаганда спрабуе перапісаць чужыя біяграфіі, але і пра тое, як беларускія жанчыны захоўваюць голас, агентнасць і права працягваць дзейнічаць».
Што за часопіс?
Праграма Kometa Fellows прадугледжвае фінансаванне ў памеры 10 000 еўра цягам года для аўтараў (журналістаў, пісьменнікаў або фатографаў), якія дакументуюць рэчаіснасць ва ўмовах вайны, цэнзуры або сур’ёзнай палітычнай і сацыяльнай напружанасці.
У 2025 годзе Kometa прафінансавала працу трох журналістаў: Дзмітрыя Велікоўскага, расійскага журналіста-расследавальніка ў выгнанні; Рамі Абу Джамуса, палестынскага журналіста, які працуе ў сектары Газа; і Юліі Кочэтавай, украінскай фотажурналісткі і рэжысёркі дакументальных фільмаў.
У 2026 годзе журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі літаратуры, СМІ і інтэлектуальных колаў, аддало «перавагу амбітным праектам, заснаваным на непасрэдным палявым досведзе і здольным ствараць яркія, захапляльныя апавяданні».
Шэсць адабраных удзельнікаў атрымаюць па 10 000 еўра кожны. У бюджэце заяўнікі павінны ацаніць свае выдаткі, якія могуць уключаць праезд, пражыванне, паслугі арганізатара або перакладчыка, абсталяванне, постпрадакшн, аплату працы (рабочых гадзін) і любыя іншыя магчымыя выдаткі.
Kometa — гэта незалежны французскі часопіс, прысвечаны літаратурнай журналістыцы, геапалітыцы і дакументальнай фатаграфіі.
Тэматыка часопісу: вялікія рэпартажы, журналісцкія расследаванні, эсэ, дакументальныя фотапраекты і дыскусіі пра глабальныя змены ў свеце. Спачатку часопіс засяроджваўся на Усходняй Еўропе і постсавецкай прасторы, а пазней пашырыў геаграфію на іншыя рэгіёны — Іран, Кітай, ЗША і Блізкі Усход.
Часопіс пачаў выходзіць у Францыі ў 2023 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Сярод пастаянных аўтараў і запрошаных гасцей часопіса Kometa — цэлая плеяда сусветна вядомых пісьменнікаў, інтэлектуалаў і журналістаў, у тым ліку лаўрэаты Нобелеўскай, Ганкураўскай і Пулітцэраўскай прэмій.
Гэта — нобелеўская лаўрэатка з Беларусі Святлана Алексіевіч; Салман Рушдзі (Salman Rushdie) — вядомы брытанскі пісьменнік індыйскага паходжання, лаўрэат Букераўскай прэміі, які падрыхтаваў для часопіса эксклюзіўнае вялікае інтэрв’ю; Эмануэль Карэр (Emmanuel Carrère) — адзін з вядучых сучасных французскіх пісьменнікаў і сцэнарыстаў; Махамед Мбуґар Сар (Mohamed Mbougar Sarr) — сенегальскі пісьменнік, лаўрэат Ганкураўскай прэміі; Лора Адлер (Laure Adler) — французская журналістка, пісьменніца, выдавец і грамадская дзяячка і іншыя.
Акрамя аўтараў тэкстаў, часопіс актыўна запрашае вядомых дзеячаў культуры да куратарскай працы над асобнымі выпускамі. Напрыклад, запрошанымі рэдактарамі і амбасадарамі асобных нумароў станавіліся іранская актрыса Гальшыфтэ Фарахані, французская тэлевядучая Эва Бестэр і фатограф-анімаліст Венсан Мунье.
Поўны спіс аўтараў і рэпарцёраў можна паглядзець на афіцыйнай старонцы Kometa.
@bajmedia