• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Тонкі, цудоўны чалавек з вялікім сэрцам». У Варшаве памёр беларускі актывіст, былы журналіст Ян Памедор Рэуцкі

    Пра ягоную смерць паведамілі блізкія ў Face­book.

    У Варшаве памёр былы журналіст Ян Памедор Рэуцкі

    Фота: Face­book Pame­dor Reuck­ij

    Сяргей Пархаць (гэта ягонае пашпартнае імя) быў аўтарам культавай на зломе стагодзьдзяў «Музыкальнай газеты», рыхтаваў матэрыялы для Tut.by. У 2012 годзе эміграваў у Польшчу, стварыў у Фэйсбуку суполку «Беларусы ў Варшаве», у якой удзельнічаюць амаль 30 тысяч чалавек.

    Сёлета ён зноў адкрыў кавярню Tem­per­atu­ra на ўсходзе Варшавы, прычым частку патрэбнай на адкрыцьцё сумы — 10 тысяч злотых — сабраў праз краўдфандынг.

    Працаваў барыстам, але ня толькі. У 2022 годзе ён расказваў City­Dog пра сваю працу ў польскім рэцэпцыйным цэнтры для людзей з дадатковымі патрэбамі, якія ўцякаюць ад вайны ва Ўкраіне:

    «Напачатку было вельмі цяжка: я такім раней не займаўся. Да таго ж ты маеш стасункі зь людзьмі ў стане роспачы, у вельмі нестабільным псыхалягічным стане. Але прайшло чатыры месяцы, я крыху прызвычаіўся», — расказваў ён.

    Ян Памедор Рэуцкі памёр у веку ўсяго 50 гадоў.

    У фэйсбуку вядомыя людзі прыгадалі добрыя справы варшаўскага беларуса.

    Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч: «Не магу паверыць. Нельга ў такое паверыць. Але, відаць, праўда. Усе пішуць, што ў Варшаве памёр наш добры і файны Сяргей, якога ўсе мы звалі Памедорам. Сябар, беларус, чытач, тонкі, цудоўны чалавек зь вялікім сэрцам і талентам жыць, адзін з самых сьветлых людзей, якіх мы зналі…».

    Паэтка Валярына Кустава: «Калі мяне эвакуявалі ў Варшаву, першай справай ён напісаў і спытаўся, чым можа дапамагчы». «Калі ў 2023 тата захварэў на анкалёгію, Памедор прапанаваў здабыць для яго навюткі інвалідны вазок і арганізаваў дапамогу валянтэра па афармленьні непаўнаспраўнасьці таты». «За некалькі тыдняў да сыходу ён пераздаў сваё жытло, перавёў сваю шматтысячную суполку „Беларусы ў Варшаве“ на беларускую мову і запрапанаваў перадаць яе ў іншыя рукі. Нібыта рыхтаваўся».

    Сузаснавальнік BySol Андрэй Стрыжак: «Памедор Рэуцкі быў адным з першых, хто напісаў мне з прапановай стартаваць збор для Сьвятланы Курс, калі стаў вядомы ейны дыягназ. Цяпер яны сустрэнуцца і змогуць абняцца».

    Ян Памедор Рэуцкі — пра кавярню, мову і веру ў сябе

    У 2025 годзе на польскім інтэрнэт-радыё PAWAROTA адбыўся паўтарагадзінны жывы этэр з удзелам Яна Памедора Рэуцкага, які можна паслухаць і цяпер. Вось некалькі цытатаў з той перадачы.

    «Было лета, госьці прыходзілі пасядзець у садку, часам стаяла страшэнная сьпёка. І я выносіў — у мяне быў такі знакаміты зялёны тазік — выносіў людзям тазік зь вельмі халоднай вадой, лёдам і сольлю для ног. Прапаноўваў усім, хто сядзеў у садку, проста апусьціць ногі ў халодную ваду пасярод гэтага пекла».

    «Я адразу вырашыў, што не хачу рабіць гэта камэрцыйным праектам. Не хачу, каб гэта была кавярня ў звычайным разуменьні. Я проста пачаў прапаноўваць усім, хто заходзіў, сваю каву. Па сутнасьці, гэта быў адзіны прадукт, які мы мелі, — кава па-бэдуінску. Я паставіў бляшанку і кожнаму, хто заходзіў, прапаноўваў каву. Калі чалавек хацеў нешта пакінуць — колькі лічыць патрэбным, — пакідаў. Калі не, то не».

    «Гэта такая беларуская супольнасьць. Беларусы з усёй Варшавы прыяжджаюць сюды, каб проста мець магчымасьць паразмаўляць паміж сабой на роднай мове, абмеркаваць агульныя тэмы».

    «Апошні раз быў у Беларусі ўвосень 2020 году». «Гэта акупаваная Расеяй тэрыторыя. Там не працуе ніякае права. Усе безабаронныя. Любога чалавека могуць кінуць у турму, катаваць, забіць, і ніхто нічога ня зможа з гэтым зрабіць».

    «Я падтрымліваю беларускую мову, наколькі магу. Стараюся гэта рабіць, бо беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай праз гады русыфікацыі і навязваньня расейскай культуры».

    «Аднойчы я стаяў на прыпынку ў сукенцы. Да мяне падбег нейкі джэнтэльмэн і з такім хітрым выглядам пытаецца: „А якой вы веры?“ Я яму адказаў: „Веры ў сябе“. Вось менавіта ў гэтым і сэнс майго адзеньня. Я проста апранаюся так, як мне падабаецца».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.