У міждзяржаўны крымінальны вышук абвесцілі блогера Глеба Сямёнава
Асабовыя звесткі Глеба Сямёнава з’явілася 27 кастрычніка ў вышуковай базе РФ. 30‑гадовага блогера шукае УУС Гомельскай вобласці. Артыкул, паводле якога супраць Сямёнава высунута крымінальнае абвінавачанне, не названы.

Глеб Сямёнаў. Фота: скрыншот відэа YouTube-канала «Этот Прус»
Глеб Сямёнаў набыў вядомасць праз TikTok, дзе два гады вёў старонку выдання Kyky.org. Таксама ён удзельнічаў у гумарыстычным шоу «о(б)суждаем» і ў праекце «Как это понимать» разам з Арцёмам Шрайбманам.
Міждзяржаўная база вышуку папаўняецца практычна штодня, і даволі часта там з’яўляюцца ўсё новыя імёны беларускіх медыяработнікаў і блогераў. Так, 12 кастрычніка ў вышук абвясцілі і медыяменеджара Аляксандра Васілевіча, выдаўца і саўладальніка kyky.org, «The Village Беларусь». Нагадаем, у траўні 2022 года kyky.org абвясцілі ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем» адпаведным рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў РБ.
Гэтаксама ў кастрычніку ў міждзяржаўную базу вышуку ўключылі былую журналістку TUT.BY Адар’ю Гуштын і гісторыка і публіцыста, былога намесніка рэдактара часопісаў ARCHE Пачатак і «Наша гісторыя» Аляксандра Пашкевіча.
Беларускія грамадзяне трапляюць у гэтую базу на запыт сілавых структур Беларусі, і ў ёй ужо больш за сотню незалежных журналістаў і медыясупрацоўнікаў.
Гэта азначае, што людзей вышукваюць у Расіі і Беларусі, іншых дзяржавах-удзельніцах СНД, а таксама могуць выдаць з «сяброўскіх» беларускаму рэжыму краін.
Зараз у гэтай базе больш за 6 000 беларускіх грамадзян, гэта журналісты, грамадскія актывісты і шэраговыя ўдзельнікі пратэстаў 2020 года, якія былі вымушаны пакінуць радзіму пад пагрозай палітычна матываванага крымінальнага пераследу.
@bajmedia