Памерла маці палітзняволенай журналісткі Вольгі Радзівонавай
Вольга Радзівонава знаходзіцца ў зняволенні ад 7 сакавіка 2024 года. Хворая маці журналісткі, якой было больш за 80 гадоў, мела патрэбу ў сталым доглядзе.

Вольга Радзівонава. Фота: са старонкі ў Facebook
27 кастрычніка пайшла з жыцця маці палітзняволенай Вольгі Радзівонавай, паведамілі знаёмыя журналісткі ў сацсетках.
Журналістка зараз адбывае тэрмін пакарання ў 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму ў ПК №4 ў Гомелі.
10 снежня 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Вера Галаўкова не ўзяла пад увагу, што хворая маці журналісткі мае патрэбу ў пастаянным доглядзе. Радзівонавай прызначылі пакаранне праз пазбаўленне волі.
Акрамя пазбаўлення волі на 4 гады, суд прызначыў Вользе Радзівонавай штраф памерам 100 базавых велічынь (4 тысячы рублёў). Адначасова з журналісткі «спагнаны даход, атрыманы злачынным шляхам».
Справа Вольгі Радзівонавай
Журналістку Вольгу Радзівонаву сілавікі затрымалі 7 сакавіка 2024 года. У хуткім часе стала вядома, што па крымінальным абвінавачанні яе змясцілі пад варту ў следчы ізалятар.
А 28 сакавіка Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў два артыкулы, што былі размешчаныя на сайце нямецкай газеты Die Tageszeitung.
Вядома, што падчас утрымання ў СІЗА № 1 Вольгу Радзівонаву накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу ў лякарню ў Навінках.
Вольга Радзівонава раней супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыямі.
30 кастрычніка 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Вольгу Радзівонаву палітычнай зняволенай.
Вольгу Радзівонаву абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў дыфамацыйнага характару:
- частак 1 і 2 артыкула 367 КК РБ — «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»,
- артыкула 369–1 КК РБ — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»,
- часткі 1 артыкула 130 КК РБ — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»,
- часткі 1 артыкула 368 КК РБ — «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
18 снежня 2024 года Генеральная пракуратура раскрыла сутнасць прэтэнзій уладнага рэжыму да журналісткі. Паводле ведамства, Вольга Радзівонава была асуджаная за «прадастаўленне замежнаму СМІ для артыкулаў звестак экстрэмісцкага характару».
«З мэтай атрымання грашовага ўзнагароджання падрыхтавала і прадаставіла замежнаму СМІ — прадстаўнікам нямецкай штодзённай газеты Die Tageszeitung — шэраг артыкулаў, скіраваных на распальванне нацыянальнай варожасці і варажнечы, дыскрэдытацыю рэспублікі, а таксама паклёп і абразы ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы», — сцвярджала Генпракуратура.
@bajmedia