У Канстанціна Залатых выявілі анкалогію, BYSOL адкрыў збор
У былога палітзняволенага, экс-дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых знайшлі рак ныркі. Яму патрэбна дапамога.

Зараз Канстанцін чакае абследавання і лячэння. З‑за складанасцяў дыягназу яго накіравалі ў спецыялізаваную клініку ва Уроцлаве. Фонд BYSOL абвясціў збор — грошы патрэбны, каб пакрыць паездкі, а таксама арэнду жылля і побытавыя патрэбы сям’і на тры месяцы.
Нагадаем, медыяменэджара Канстанціна Залатых асудзілі па чатырох артыкулах да чатырох гадоў калоніі. Ён правёў за кратамі ўвесь тэрмін, частку часу — у ШІЗА, дзе ён не атрымліваў неабходнай медыцынскай дапамогі.
Сям’я Канстанціна з’ехала з Беларусі адразу пасля яго арышту. Пасля вызвалення былы палітвязень таксама пакінуў краіну праз статусы «тэрарыста» і «экстрэміста» і пастаянную пагрозу новага пераследу.
Ужо ў Польшчы ў яго дыягнаставалі рак ныркі, а таксама іншыя захворванні, якія сталі вынікам зняволення, — кардыялагічныя расстройствы, пашкоджанні сасудаў ног. Паводле Залатых, лячэнне ў Польшчы ён атрымлівае бясплатна, а дапамога патрэбна, каб пакрыць штодзённыя выдаткі ў гэты перыяд.
«Праблема ў тым, што цяпер праз хваробу, шпіталізацыі і пастаянныя абследаванні я не магу паўнавартасна забяспечваць сям’ю. Пасля зняволення, вымушанага пераезду і ўсяго перажытага ў нас практычна не засталося грошай», — піша былы палітвязень.
«Прызнаюся, прасіць аб дапамозе вельмі цяжка. Я звычайна самастойна клапачуся пра сваіх блізкіх. Мая сям’я ўжо перажыла гады разлукі, страх і нявызначанасць. Цяпер, калі мы нарэшце зноў разам, я больш за ўсё хачу, каб хвароба не пазбавіла нас яшчэ і даху над галавой. Спадзяюся, што пасля завяршэння абследаванняў і лячэння зноў змагу самастойна забяспечваць сям’ю. Але цяпер нам патрэбная падтрымка, каб перажыць бліжэйшыя некалькі месяцаў», — дадае Канстанцін Залатых.
Сума збору — 4 500 еўра:
- 3000 еўра – арэнда жылля і камунальныя плацяжы на бліжэйшыя тры месяцы;
- 900 – паездкі на дыягностыку і аперацыю ва Уроцлаў;
- 600 – прадукты, неабходныя побытавыя і іншыя выдаткі сям’і напрацягу трох месяцаў.
Дапамагчы можна ПА СПАСЫЛЦЫ
@bajmedia