• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Юрыст БАЖ Яўген Пыльчанка: Заканадаўства адназначна прадугледжвае публікацыю «экстрэмісцкіх» спісаў без аніякіх затрымак

    Пасля 25 верасня на сайце МУС Беларусі перасталі размяшчаць абнаўленні пераліку асоб, прызнаных «датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці». Звесткі пра так званыя «экстрэмісцкія фармаванні» не абнаўляюцца з 3 верасня. Юрыст тлумачыць, чаму гэта незаконна і якія могуць быць наступствы.

    Яўген Пыльчанка

    Юрыст Яўген Пыльчанка на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    Гісторыя са спісамі «экстрэмістаў» ужо амаль дэтэктыўная. Раней іх абнаўлялі прыблізна штотыдзень, і 25 верасня на сайце міліцэйскага ведамства размясцілі апошняе абнаўленне пераліку асоб, асуджаных за «экстрэмісцкую дзейнасць». Але праз тры дні гэтая частка спісу знікла: з таго часу і да сёння на адпаведнай старонцы можна паглядзець толькі звесткі, актуальныя на 18 верасня. А ў пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» апошняе абнаўленне было амаль два месяцы.

    І толькі 8 кастрычніка на сайце Міністэрства ўнутраных спраў з’явілася абвестка пра тое, што «з тэхнічных прычын старонка часова недасяжная». Але тэрміны ліквідацыі гэтых тэхнічных прычын не пазначаныя.

    «Падставы для ўнясення ў «экстрэмісцкія» спісы — гэта прысуды і рашэнні судоў, рашэнні КДБ і МУС. Пастанова Савета Міністраў № 575 ад 12.10.2021 г. «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» вызначае, што судовыя акты павінны быць дасланыя ў МУС у трохдзённы тэрмін з моманту ўступлення іх у сілу, а рашэнні КДБ — у трохдзённы тэрмін з моманту прыняцця. МУС павінна ўносіць звесткі ў адпаведны «экстрэмісцкі» спіс у той жа дзень, як атрымае дакумент (калі рашэнне прымае само МУС — яно ўносіць звесткі ў дзень прыняцця гэтага рашэння). Абноўлены спіс мусіць быць апублікаваны на афіцыйным сайце МУС на працягу пяці дзён з моманту ўнясення ў яго звестак.

    Тэхнічныя збоі, вядома, магчымыя, але яны ніяк не могуць апраўдваць тое, што новай інфармацыі на сайце не з’яўляецца: Міністэства ўнутраных спраў мусіла б вынайсці спосаб, каб апублікаваць яе іншым чынам. А з улікам таго, што ўвесь астатні сайт працуе, такія тлумачэнні выглядаюць недарэчна. І ўвогуле, старонка, якая «з тэхнічных прычын недаступная», цалкам нармальна адкрываецца, з яе можна спампаваць старыя версіі спісаў — з гэтага я раблю выснову, што прычына зусім не тэхнічная», — разважае юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка.

    Усё гэта выглядае неадназначна яшчэ і таму, што падобная сітуацыя ўжо была. У сакавіку 2025 года пасля абвесткі пра «рэгламентныя работы» на сайце Вярхоўнага Суда РБ знікла магчымасць агульнага доступу да раскладу судовых пасяджэнняў з указаннем прозвішчаў падсудных і суддзяў, а таксама да базы судовых рашэнняў, дзе кожны ахвотны мог пазнаёміцца з размешчанымі пастановамі і прысудамі. Для журналістаў і праваабаронцаў гэтая база была важнай крыніцай інфармацыі пра суды, а фактычна пра рэпрэсіі, якія не спыняліся з 2020 года. Тое самае можна сказаць і пра «экстрэмісцкія» спісы.

    Пачатак дзеяння новага артыкула КаАП РБ: Дзяржава забараняе гаварыць пра з’явы, у якіх няма нічога супрацьпраўнага

    Ёсць і яшчэ адзін аспект. Знікненне экстрэмісцкіх спісаў у актуальным стане не толькі адвольна абмяжоўвае доступ да інфармацыі, якая паводле заканадаўства мусіць быць публічнай, але і стварае пагрозы для шырокага кола асоб.

    «Згаданая вышэй пастанова Савета Міністраў № 575 прадугледжвае таксама права абскардзіць унясенне ў спіс — цягам месяца з моманту, калі гэта адбылося. Але ў выпадку, калі такой інфармацыі публічна няма, гэтае права фактычна не можа быць рэалізаванае. І ўрэшце, калі не абнаўляецца, прыкладам, спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», мы не можам ведаць, якія медыя, арганізацыі, суполкі, чаты, каналы цяпер забароненыя, тады як узаемадзеянне з імі пагражае крымінальнай справай», — тлумачыць Яўген Пыльчанка.

    Ён нагадвае, што і раней гэты механізм не працаваў надзейна. Ёсць шмат прыкладаў таго, як людзі, якія давалі інтэрв’ю яшчэ не забароненым медыя, пасля прызнання іх «экстрэмісцкімі фармаваннямі» былі асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Літаральна паўтара месяца таму такі вырак быў вынесены адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму.

    Можна згадаць і гісторыю Сяргея Чабоцькі, былога рэдактара гродзенскага партала s13, якога ў кастрычніку 2024 года затрымалі і асудзілі па адміністрацыйных справах — за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і за «пікетаванне ў інтэрнэце». Пакуль ён адбываў адміністрацыйныя арышты, выданне s13 абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем», а рэдактара — яго ўдзельнікам. У выніку Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Чабоцьку да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 1 000 базавых велічынь. І гэта толькі адзін з прыкладаў.

    Цяпер, калі «экстрэмісцкія» спісы не абнаўляюцца ўвогуле, пэўнасці стала яшчэ менш. Людзі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, проста не могуць загадзя паклапаціцца пра сваю бяспеку.

    «Сігнал усім беларусам, якія давалі інтэрв’ю незалежным медыя». Юрыст Яўген Пыльчанка — пра прысуд адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.