• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Абажуру” – 15 гадоў

    Удзень 12 снежня ў мінскі офіс БАЖ завітаў Уладзімір Дзюба з двума торцікамі.

    Юбілей “Абажура” прайшоў пад абедзенную гарбату і традыцыйныя ў кампаніі Уладзіміра Барысавіча “журналісцкія байкі”. Але прэс-служба ГА “БАЖ”  дамовілася сустрэцца з ім яшчэ раз, каб прыгадаць, як усё пачыналася.    

    Змяніць “Чацвёртую ўладу”      

    – Спачатку з’явіўся БАЖаўскі бюлетэнь, які прапанавала выпускаць тагачасны прэзідэнт ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. Мне, па шчырасці, яго назва — “Чацвёртая ўлада” — не надта падабался. У дэмакратычных краінах журналістыка, магчыма, і з’яўляецца чацвёртай ўладай. Аднак у большасці постсавецкіх дзяржаў, дзе дагэтуль пануе аўтарытарная сістэма кіравання, прэса ніколі не была чацвёртай уладай.

    У бюлетэні мы друкавалі маніторынгі парушэння правоў журналістаў і СМІ, у тым ліку на англійскай мове, друкавалі артыкулы, звароты і заявы па абароне свабоды слова – тады гэта было актуальна. Бюлетэнь не было патрэбы рэгістраваць, бо яго наклад быў 299 асобнікаў.

    Праз некалькі гадоў адчулі, што трэба наладзіць выпуск часопіса. У многіх замежных журналісцкіх арганізацый былі ўласныя выданні, якія асвятлялі прафесійныя праблемы, пытанні станаўлення і развіцця медыярынку і г. д. Мы таксама вырашылі заснаваць і афіцыйна зарэгістраваць свой карпаратыўны часопіс.

    Два літры так і не выпілі…

    – Назву “Абажур” прыдумаў я. Хаця на адным з журналісцкіх фэстаў абвясціў  “конкурс” з надзеяй, што калегі прапануюць нешта больш цікавае. Прыз пераможцу – два літры каньяку. Аднак нічога лепшага не прапанавалі і абяцаны каньяк ніхто не выйграў. Ну, сам сабе я таксама не наліваў… Карацей, так і зарэгістравалі грамадска-палітычнае выданне Беларускай асацыяцыі журналістаў часопіс “Абажур”. Калі хто з маладых калег не ведае, то ў назве часопіса ёсць абрэвіятура “БАЖ”, што было вызначальным, калі абмяркоўвалі з кіраўніцтвам арганізацыі назву. 

    Першы нумар прысвяцілі Першаму фестывалю незалежнай беларускай прэсы, дзе бралі ўдзел больш як 70 незалежных рэгіянальных і агульнанацыянальных газет. На вокладцы было калектыўнае фота: Жанна Літвіна, госці з расійскага Фонда абароны галоснасці, калегі з Літвы – усе маладыя, вясёлыя, прыгожыя…

    Не магу прыгадаць, які перыяд для часопіса можна назваць “залатым векам”. Бо заўсёды былі цяжкасці з рэсурсамі, асабліва пасля забароны на атрыманне грантаў ад еўрапейскіх праваабарончых арганізацый. Парушаўся графік выхаду і, каб нас не пазбавілі рэгістрацыі, нават на ксераксе часопіс друкавалі, а потым у офісе сшывалі.

    Гэтыя 15 гадоў праляцелі як адно імгненне, у клопатах і рэдактарскіх турботах. Аднак часопіс здолеў сабраць вакол сябе людзей з пачуццём прафесійнай годнасці, для якіх словы “незалежная журналістыка” і “свабода слова” – надта важныя, калі не сэнс іх жыцця.

    «Абажуры» пачатку 2000‑х

    Аўтары 

    – Я вельмі ўдзячны Юрыю Паўлавічу Тапарашаву, з якім мы працавалі яшчэ над бюлетэнем, і Таццяне Мельнічук, якая дасканала валодае рэдактарскай справай, і Галіне Уласік, якія дагэтуль дапамагаюць ствараць часопіс.

    Хутка мы зразумелі, што асвятляць толькі журналісцкія праблемы і пастаянна пісаць пра парушэнне нашых правоў – немагчыма. Бо гэта стоміць чытачоў і часопіс стане нецікавым. Таму распрацавалі новую творчую канцэпцыю, што значна пашырыла тэматыку выдання. Сёння аўтарамі “Абажура” з’яўляюцца не толькі журналісты, але і эксперты, эканамісты, юрысты, гісторыкі, пісьменнікі, псіхолагі…

    На вялікі жаль, ва ўсе часы таленавітых журналістаў з аналітычным мысленнем было небагата, і яны заўсёды надта занятыя. Таму мы запрашалі да супрацоўніцтва моладых, “расцілі” іх. Я вельмі рады, што з ініцыятывы прэс-сакратара нашай асацыяцыі Барыса Гарэцкага з’явілася “маладзёжная рэдакцыя”, дзе ёсць здольныя, таленавітыя калегі. Будзем супрацоўнічаць, разам шукаць крэатыў…

    Безумоўна, прасцей працаваць з журналістамі сярэдняга і сталага ўзросту, бо яны напрацавалі свой стыль, маюць пэўны жыццёвы досвед. Іх матэрыялы мне як рэдактару вельмі лёгка і прыемна чытаць. Гэта Валерый Карбалевіч, Аляксандр Класкоўскі, Аляксандр Фядута, Сяргей Шапран, Марына Коктыш, Канстанцін Скуратовіч, Анатоль Гуляеў, Эдуард Мельнікаў… У іх артыкулах заўсёды ёсць сэнс і бездакорная логіка.

    Не хачу бэсціць маладое пакаленне, бо тут таксама ёсць таленавітыя людзі, якія, перакананы, стануць зоркамі незалежнай журналістыкі. Але ў асяродку журналістаў-пачаткоўцаў назіраецца вельмі неахайнае стаўленне да працы са словам. Некаторым не хапае элементарнай пісьменнасці, яны не могуць склаці словы ў простыя, зразумелыя для чытача, сказы, а сказы – у лагічны тэкст… Над гэтым трэба працаваць. Бо наша прафесія – гэта рамяство, якім трэба валодаць дасканала і пастаянна працаваць над сабой.

    Муза і Журналістыка

    – У наступным годзе хочацца пажадаць усім калегам добрага здароўя, кахання і натхнення. Каб неба часцей зіхацела зорамі, адкуль прыляталі б да іх дзве чароўныя жанчыны: адна – Муза, а другая, часам гарэзлівая і непрадказальная, але такая прывабная, – Журналістыка. 

    У офісе БАЖ на пл. Свабоды, пачатак 2000‑х

    «АБАЖУРЫ» РОЗНЫХ ГАДОЎ МОЖНА ПАЧЫТАЦЬ ТУТ

    Моладзевая рэдакцыя “Абажура” запрашае калег на прэзентацыю навагодняга нумара: 29 снежня, аўторак, кавярня “Верхні горад” (пл.Свабоды, 4), 18.00

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці