• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Чуб: «Рускія расказвалі, што «все мы братья», і я не вытрымаў: «Усё, братья, прыехалі – выходзім!» І высадзіў»

    Купалавец распавёў «Салідарнасці» пра працу і дзівосныя выпадкі ў таксі, кропку зламанасці ў эміграцыі і паўнюткі пазітыў.

    Сяргей Чуб амаль два с паловай гады жыве ў Польшчы, 4 кастрычніка яму спаўняецца 44 гады.

    – Дзень народзінаў для мяне самы пазітыўны дзень, бо цябе і абласкаюць, і гору прыемнасцяў нагавораць, хатнія зробяць любімыя торцікі.

    Я не надаю гэтаму дню вялікі сэнс, але гэта дзень, калі я магу расслабіцца. У тым годзе на мой дзень народзінаў мы ездзілі з Зояй Белахвосцік і спектаклем «Moj Hleb» на гастролі. І цудоўны быў дзень народзінаў: і папрацаваў, і потым пайшлі ў гатэль пасядзелі.  

     Але ж тады вы пісалі ў інстаграме, што «гэта цяжкі дзень для мяне. Як казаў мой Якімка ў «Паўлінцы», няма такога злога, каб яно на добрае не выйшла…»

    – Мы ўсе тут, у эміграцыі, праходзім пікавыя кідкі ў розныя эмацыйныя бакі. Бывае, жывеш і ўжо ўсё спакойна: і праца ёсць, і ведаеш што і як, і польскую падвучыў.

    А ў нейкі момант штосьці страляе і зноў кідае ў дэпрэсію, зноў не разумееш што, як і навошта. Пачынаецца капанне: што я зрабіў не так? Разумею, што гэта нагода для псіхалагічнай дапамогі, але я прызвычаіўся сам разбірацца з гэтым.

    Вось і год таму страляла-балела. Калі зразумеў, што ў творчасць тут, у Польшчы, будзе цяжка ўладкавацца, прыйдзецца шукаць працу на складзе ці ў краме, ці ісці ў таксі – мяне вельмі балюча накрыла. Спатрэбіўся тыдзень, каб гэта выхадзіць, выгуляць і пераварыць. Сабака быў рады – мы маглі гуляць і пяць гадзін запар.

    Але ж у галаве круцілася: «Я вучыўся чатыры гады ў Акадэміі мастацтва, 20 гадоў працаваў у Нацыянальным тэатры – а што цяпер?»

    Перакруціў, перажыў. Зрабіў дакументы, узяў у арэнду машыну і пайшоў працаваць у таксі.

     Які быў самы цяжкі момант у гэтай працы?

    – Не творчая праца, паток людзей, замежнікі – ну і хай сабе, не баюся. Але ж я нават не мог уявіць, як браць грошы. Прасіць ці што?

    Потым разумееш, што гэта прафесія, як і іншыя: зрабіў паслугу – плоцяць. Было цяжка прыняць, што цяпер будзе вось так.

    Таму, калі ты можаш час ад часу працаваць па прафесіі – файна. Дзякуй Богу, нам дапамаглі, і мы робім новы спектакль з рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым.

    «Спрабаваў мяне пераканаць, што беларусы самі вінаватыя, бо народ заслугоўвае прэзідэнта, якога мае»

    – У прафесіі кіроўцы сутыкаешся з рознымі людзьмі. Якія былі выпадкі?

    – Мне ўжо кажуць: «Напішы ты кнігу!». Страшных – можа адзін, калі п’янаму паляку нешта не спадабалася. Але гэта выключэнне.

    А смешных выпадкаў было столькі… Самае недарэчнае, што здарылася – кліент патэлефанаваў і пачаў мне ангельскай тлумачыць, што ўвёў не тую адрэсу. А я ангельскую не ведаю. Ён гаворыць, я па слову спрабую выхапіць, разумею, што ён дзесьці там убаку стаіць, кажу: «О’кей, андэстэнд…»

    Прыязджаю, ён па-ангельску лапоча. Сядае, бачыць у машыне беларускую стужку, бел-чырвона-белы сцяжок і кажа: «А навошта мы так пакутавалі?». Я змог толькі адказаць, што ён першы пачаў (смяецца).

    – Якія пасажыры напружвалі больш за ўсё?

    – Былі з расейскім пашпартам. Калі пачыналі расказваць, што «мы все братья», я не вытрымліваў: «Усё, братья, прыехалі, выходзім». Аднойчы так і не давёз, калі заявілі: «Мы не понимаем, почему нам везде так не рады».

    На што я адказаў: «Я вам даже объяснить не могу. Может быть, потому, что вы напали на другую страну? Может потому, что вы задолбали всех называть братьями?!»

    Ну і высадзіў з машыны. Не ведаю, што яны тут робяць, такіх увогуле трэба дэпартаваць. 

    Аднойчы ехаў польскі гісторык, які добра размаўляў па-расейску. Спрабаваў пераканаць, што беларусы самі вінаватыя, бо народ заслугоўвае прэзідэнта, якога мае. А пад ляжачы камень вада не цячэ.

    Была працяглая паездка, і я распавядаў яму пра Беларусь, пра забарону на працу, пра немагчымасць штосьці сказаць, трымаць свае нацыянальныя колеры ў руках, пра ўмоўную забарону на карыстанне роднай мовай, калі нацыянальныя тэатры вымушаны пераходзіць на расейскую. Пра колькасць палітзняволеных. Ён слухаў, а напрыканцы сказаў: «Дзякуй вам, вы трошкі перавярнулі мой сусвет».

    «Я быў у адным кроку ад таго, каб сесці ў машыну і ехаць назад у Беларусь»

     Які быў самы цяжкі перыяд за 2,5 гады эміграцыі?

    – Першы месяц пасля пераезду. Гэта быў той самы момант, калі жыллё ў Варшаве скончылася, вясна 2022-га. Менш чым за паўтары тысячаў даляраў увогуле нічога не было.

    У мяне валасы дыбарам. З жонкай, дачкой і сабакай туліліся па сябрах. Ці то я з сабакам па матэлях, а жонка з дачкой па знаёмых.

    Я быў у адным кроку ад таго, каб сесці ў машыну і ехаць назад у Беларусь. І ў апошні момант знайшлася цудоўная кватэра па нармалёвай цане ў добрым раёне. Неяк і пайшло.

    – Алег Гарбуз казаў, што было б добра, каб купалаўцам дапамаглі з арэндай пляцоўкі. Мо што змянілася?

    – Сітуацыя дагэтуль складаная, але зараз, дзякуючы нашаму польскаму сябру Войцеху Урбаньскаму, рэжысёру спектакля «Зэкамерон», мы усталявалі кантакт з кіраўніцтвам Драматычнага тэатра Варшавы. Нас там пачулі, ёсць магчымасць займаць іх маленькую Sce­na Przodown­ik (Ole­sińs­ka 21). Таму «Зэкамерон» і будучую прем’еру будзем граць там.

    Мы нават з Алегам Гарбузам жартуем часам, што жыццё прымусіла разбірацца ва ўсім: у польскім заканадаўстве, падатках, як складаць дамовы, і як працуюць гэтыя квіткі, якія трэба прадаваць. Ніколі не думаў, што я асабіста буду займацца пракатам беларускіх спектакляў ў Польшчы. Што буду размаўляць з пляцоўкамі, ведаць, колькі каштуе арэнда, колькі дзе месцаў, схемы заляў…

    Часам кажу Алегу: «Калі нам заўтра вяртацца ў Менск, у нас з табой такія скілы – мэнэджарскія, бухгалтарскія. Мы што з табой пойдзем ізноў хадзіць артыстамі і па чыёйсці там указцы штосьці рабіць? Алег, мы з табой выраслі, трэба гэта выкарыстоўваць!».

    Здаецца, жарт, але ж падымаем узровень.

    «Не разумею, чаму нейкі калгаснік у форме-камуфляжы мацюкамі тлумачыць куды мне пайсці»

    – Да 2020-га вы здымаліся ў расейскім кіно, дзе можна было і застацца. Зарабляць ціхенечка на сям’ю: «Ай, я па-за палітыкай»!

    – Кожны другі зараз так кажа. Я ніколі асабліва не цікавіўся палітыкай. І тое, што пачало адбывацца ў 2020‑м, для мяне была не палітыка, а нешта чалавечае, сваё.

    Гэта агулам зараз гавораць: «Мы прачнуліся і зацікавіліся палітыкай». Не палітыка мяне закранула, а тое, што адбывалася. Што пачалі біць людзей, страляць у іх, тое, што я не мог прайсці па вуліцы з нацыянальнымі колерамі.

    Я вучыўся ў школе з бел-чырвона-белым падручнікам па гісторыі Беларусі. І зараз не разумею, чаму нейкі калгаснік у форме-камуфляжы мацюкамі тлумачыць куды мне пайсці. Не ён галоўны ў гэтым жыцці, не ён галоўны ў гэтым грамадстве.

    Вось гэта перавярнула мой сусвет. Мне і зараз не да палітыкі. Я не лезу, не зусім разумею тых, хто гэтым займаецца. Разумею аднак, што гэта брудна, цяжка і гэта не маё.

    Я цікаўлюся людзьмі, як там выжываюць нашы беларусы, чытаю ўсе навіны, каго схапілі, каго вызвалілі. Чалавечыя тэмы. Тут слова «палітыка» я б замяніў «чалавечай годнасцю».

    Я доўга фармуляваў сваю праблему, свой «дэфект», у мяне са школы абвостранае пачуццё справядлівасці. Гэта бяда для тых, хто гэтым хварэе. Я не магу маўчаць, таму і не здолеў б там застацца.

    – Вы казалі пра колер падручнікаў, пра немагчымась хадзіць па вуліцы са сваім сцягам. Але ж, даруйце, да 2020-га мала каму, акрамя апазіцыі, гэта прыходзіла ў галаву… «А ў 2020‑м яму не далі».

    – Магчыма, гэта было нейкае сваё абуджэнне, пачуццё чалавечай годнасці, адчуванне, што цябе прымусілі аб гэтым падумаць. Я і падумаў. І адказаў сабе на пытанне – што я беларус і што мая мова беларуская, а мой сцяг бел-чырвона-белы.

    Так, да 2020-га не насілі масава бел-чырвона-белыя бранзалеты, не было налепак. Я ведаў пра БНФ, чым яны займаюцца, але бачыў гэта збоку.

    Можна лічыць, што была своеасаблівая дамова з дзяржавай: табе давалі шмат працы – на тэлебачанні, здымкі, антрэпрызы, рэпертуарны тэатр – а ты нікуды не лез. Такая сацыяльная дамова паміж грамадзянінам і дзяржавай.

    І калі гэтая дамова ўжо трэснула, калі пачалі разумець, што нас падманваюць, мякка кажучы…

     Але ж падманвалі і дагэтуль, шмат год.

    – Так, але былі нейкія межы. Купалаўскі тэатр увогуле асабліва не чапалі. Мы ведалі як да нас ставяцца ў адміністрацыі, мы заўсёды былі рассаднікам зла, ведалі, што нас праслухоўваюць. Прыходзілі да нас і п’яныя, і цвярозыя людзі ў штатскам і вербавалі.

    – І вас таксама?

    – Так, памятаю сядзелі з дзядькам у буфеціке, прапаноўваў пасупрацоўнічаць, расказваў усе «прэімушчыства двайнога сушчэствованія». Нічога асаблівага рабіць не трэба было: слухаць, што кажуць калегі, калі нешта не тое, то можна і патэлефанаваць куды трэба.

    Вельмі спакойна апрацоўвалі: як хочаш, гэта не прымус. Ну з’явіцца ў цябе яшчэ адна банкаўская карта, нешта будзе на яе капаць.

    Я не мог паверыць што гэта адбываецца са мной: «Яны што – мяне вярбуюць?..» – «Ну, перадумаеш – звані».

    «Амаль кожны з нас праходзіў кропку зламанасці»

     У анонсе «Зэкамерона» напісана пра парадаксальную здольнасць чалавека не губляць сябе і захоўваць пачуццё гумару нават ва ўмовах няволі. Здаецца, зараз гэта быццам пра ўсіх нас, не толькі пра палітзняволеных.

    – Так, згодны. Размаўляў з тымі, хто прайшоў содні ці больш. Многія кажуць, што калі б мы там штосьці не прыдумлялі і не рагаталі, можна было б звар’яцець. Прыдумаем нейкую ахінею і рагочам. І гадзіну, і тры, і на наступны дзень можам разганяць тое самае.

    Гэта сапраўды дапамагае трымацца. Нават тут, у вымушанай эміграцыі, мы разумеем, як усім цяжка: не хапае працы, грошай. І амаль кожны з нас праходзіў кропку зламанасці. Калі ўсё рушыцца, чалавек становіцца злы і неадэкватны. І ўсе разумеюць, што трэба трошкі перачакаць, каб чалавек перазагрузіўся.

    Мы не можам сабе дазволіць лаяцца ці крыўдзіцца адзін на аднаго. Таму ва ўсіх чаціках нашых розных праектаў нейкі гумар і байкі. Так і трымаемся, з гумарам. Люблю гумар, сатыру і пазітыў, у любых праявах.

    Таму, калі мы браліся за «Зэкамерон», ведалі пра жаданне Максіма Знака – укласці туды гумар і святло. Так імкнуліся і працаваць.

    Некаторыя кажуць: «Мы б схадзілі да вас на «Зэкамерон», але гэтая чарнуха ўжо дастала, ужо не хочам». А там няма чарнухі!

    Ну так, мы даволі весела расказваем пра сумныя рэчы. Ад іх нікуды не дзецца. Але чарнухі няма. Прыходзьце з намі папець, паржаць – усё ў нас нармальна.

    Галоўная задача была паказаць, што людзі трымаюцца, з гумарам і ўсмешкай ідуць далей. Незламаныя, бо менавіта гумар дапамагае ўтрымацца на жыццёвай хвалі, якая б цяжкая і высокая яна ні была.

    «Стакан не напалову поўны ці пусты. Стакан ёсць!»

    – А як у сённяшніх умовах жывецца з пачуццём абвостранай справядлівасці? Дзе браць надзею на лепшае заўтра?

    – Без веры і надзеі ўвогуле цяжка жыць. Гэта слупы, на якіх я трымаюся, але, на жаль, яны пакуль недзе там наперадзе.

    Я аптыміст, нават максімальны. Стакан не напалову поўны ці пусты. Стакан ёсць! Гэта галоўнае, гэта ўжо плюс.

    Усё ж у нас у галовах. Таму я не только веру, я ведаю, што гэта ўсё скончыцца, пытанне часу. І зараз трэба жыць і працаваць, каб дажыць да таго часу, калі ўсё пачне змяняцца.

    Мой аптымізм таксама часам ламаецца – я ж чалавек! Але настройваю сябе, што я не толькі веру, але і ведаю: разам са сваімі сябрамі і калегамі-купалаўцамі сустрэнуся з тымі, хто зараз у Менску. У будынку на Энгельса, 7. Там зараз няма Купалаўскага тэатру, бо Купалаўскі зараз дзе заўгодна, толькі не там. Але мы там абавязкова пабачымся і будзем разам!

     Калі памарыць, што заўтра вернемся ў вольную Беларусь  што першай справай бы зрабілі?

    – Я раней вельмі любіў рыбалку і кожнае лета ездзіў ці на Прыпяць, ці на Нёман. Перад 2020‑м быў там, але пасля таго вуды ў руках не трымаў.

    І вось калі мы вернемся, пасля абдымкаў з сябрамі і роднымі, я складу палатачку, вазьму вуду, сабаку і паеду на Нёман. Там ёсць файныя мясціны, дзе можна проста ціха пасядзець, а, магчыма, ад радасці нават трошачкі і паплакаць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці