Абноўлены «Белсат» можа спыніць вяшчанне праз спадарожнік
Пакуль застаецца незразумелым, праз якія каналы будзе распаўсюджвацца інфармацыя. Магчыма, што толькі праз інтэрнэт.

Ньюсрум тэлеканалу «Белсат». Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
План па рэфармаванні «Белсата» пачынае абрастаць новымі падрабязнасцямі і інтэрпрэтацыямі. Нагадаем, польскія ўлады хочуць стварыць на месцы «Белсата» новую структуру, якая будзе працаваць адначасова на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Новы праект збіраюцца запусціць 1 сакавіка 2025 года, але пэўнасці наконт таго, як ён будзе працаваць, няма.
Па словах суразмоўцы «Нашай Нівы», якая азнаёмілася з планам па рэфармаванні, вяшчанне гэтага новага славянамоўнага канала на спадарожніку прызнаецца немэтазгодным. Разам з тым плануецца знікненне канала з кабельных сетак Украіны, Літвы, Польшчы. «А дзе ён тады будзе? Там адказу няма», — адзначае суразмоўца.
На цяперашні момант «Белсат» вяшчае на тэрыторыю Беларусі са спадарожніка. Падлічыць колькасць гледачоў тэлеканала няма тэхнічнай магчымасці. Сацыялагічныя даследаванні, якія падлічылі б актуальную аўдыторыю «Белсата», у адкрытым доступе адсутнічаюць.
Апроч таго, тэлеэфір можна паглядзець на сайце «Белсата» і праз сетку каналаў у ютубе.
Тым часам супрацоўнікі «Белсата» звярнуліся да польскіх уладаў з просьбай захаваць «Белсат» і яго праекты ў рамках аднаго тэлеканала на чале з Аляксеем Дзікавіцкім.
«Мы ведаем і бачым, што зараз адбываюцца незваротныя працэсы, якія вядуць да знішчэння і ліквідацыі флагманскага польскага праекту мяккай сілы на Усходзе. Як калектыў мы не можам гэтага дапусціць. Таму мы настойліва звяртаемся да вас з просьбай прыслухацца да нашага голасу і не знішчаць Белсат!» — гаворыцца ў звароце.
