• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    140 ахвяраў. 2023-ці стаў самым смяротным для журналістаў за апошнія дзесяць гадоў

    Мінулы год стаў адным з самых трагічных для медыясупольнасці ў гэтым стагоддзі. У 28 краінах загінулі 140 журналістаў. А найбольш гарачая кропка для рэпарцёраў — Сектар Газа, дзе ахвярамі абстрэлаў кожны дзень становяцца прадстаўнікі прэсы, адзначае няўрадавая арганізацыя Press Emblem Campaign (PEC). Якія яшчэ рэгіёны найбольш небяспечныя для журналістаў?

    Кожны тыдзень гінуць не менш за два рэпарцёры

    Самым крывавым для журналісцкай супольнасці ад пачатку стагоддзя лічыцца 2012 год, калі быў забітыя 141 супрацоўнік медыя. У іх ліку — 35 рэпарцёраў, якія загінулі падчас вайны ў Сірыі. Мінулы год цалкам мог пабіць гэты антырэкорд. У параўнанні з 2022‑м, калі пачалася вайна ва Украіне (тады ў трагічным спісе апынуліся імёны 116 прадстаўнікоў прэсы), адбыўся рост колькасці ахвяр сярод журналістаў на 20%.

    Press Emblem Cam­paign (PEC) — няўрадавая арганізацыя, якая была заснавана ў 2004 годзе групай журналістаў з некалькіх краін. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя). Сваёй мэтай яна дэкларуе ўзмацненне прававой абароны і бяспекі журналістаў ва ўсім свеце. Мае спецыяльны кансультатыўны статус пры ААН.

    За апошнія пяць гадоў самымі небяспечнымі краінамі для работнікаў СМІ сталі Сектар Газа, Мексіка і Украіна. Далей у гэтым рэйтынгу апынуліся Пакістан, Індыя, Афганістан, Філіпіны, Гандурас, Сірыя, Гаіці і Самалі. З 2014 па 2023 год былі забітыя 1147 журналістаў. Іншымі словамі кожны тыдзень гінуць не менш за два рэпарцёры.

    У статыстыку, сабраную Press Emblem Cam­paign (PEC), уключаныя імёны ўсіх забітых журналістаў незалежна ад таго, ці была іх гібель звязаная з прафесійнай дзейнасцю. У арганізацыі падкрэсліваюць, што часцяком паўнавартаснае і незалежнае расследаванне не праводзіцца, і сказаць, што злачынства было ці не было звязана з дзейнасцю журналіста, даказаць складана. Поўны спіс загінулых рэпарцёраў — па спасылцы.

    Сектар Газа

    Дзве траціны ахвяр сярод журналістаў былі зарэгістраваныя на Блізкім Усходзе, прычым у Сектары Газа на працягу апошніх трох месяцаў прадстаўнікі медыя гінулі практычна кожны дзень. Па дадзеных Press Emblem Cam­paign (PEC), з 7 кастрычніка ахвярай стаў 81 прадстаўнік СМІ. Усе яны былі палесцінцамі, некаторыя з іх працавалі на замежныя СМІ. Нярэдка журналісты гінулі ў сваіх дамах, разам з чальцамі сваіх сем’яў.

    Адной з першых ахвяр вайны стаў фатограф Ain Media Ібрагім Лафі, якога застрэлілі на кантрольна-прапускным пункце (КПП) Эрэз. Ягоны калега і сябар, палесцінскі журналіст Яра Эйд узгадваў:

    — У той дзень [7 кастрычніка, калі ХАМАС напаў на Ізраіль] Ібрагім мне паведаміў, што сітуацыя абвастраецца і ён ідзе ў офіс. Потым ён перастаў адказваць, яго тэлефон быў выключаны, а неўзабаве прыйшло паведамленне, што ён знік. Яшчэ праз некаторы час — інфармацыя пра яго забойства. Я крычаў, плакаў і не мог дыхаць. Ібрагім, мой лепшы сябар, сышоў…

    Па словах Яра Эйда, на ягоным сябры ў той момант былі камізэлька і шлем з надпісам «Press», а сам ён не быў уцягнуты ў сутыкненні паміж палесцінскімі баевікамі і ізраільскімі салдатамі і стаў ахвярай магутнага абстрэлу, калі дзве ракеты ўпалі каля КПП.

    Колькасць загінулых супрацоўнікаў СМІ ў Сектары Газа ў 2023 годзе Press Emblem Cam­paign (PEC) называе найбольшай за такі кароткі час. Яна выказвае шкадаванне, што доступ для замежных медыяў у Сектар Газа застаецца немагчымым праз умовы бяспекі, што перашкаджае незалежным рэпартажам.

    Ізраіль

    Паводле падлікаў Press Emblem Cam­paign (PEC), у Ізраілі падчас нападу ХАМАС 7 кастрычніка загінулі 4 журналісты. Гісторыя аднаго з іх, фотарэпарцёра Роя Ідана, абляцела ўвесь свет.

    Супрацоўнік выдання Ynet са сваёй сям’ёй жыў у адным з кібуцаў на поўдні краіны. Раніцай у дзень нападу ХАМАСа ён паспеў зрабіць першыя здымкі, адаслаў у рэдакцыю і вярнуўся ў дом. Пасля мужчыну бачылі з дачкой на руках. Журналіст быў у крыві. Дзяўчынка пабегла да суседзяў, адкуль яе выкралі тэрарысты. Некаторы час лічылася, што мужчына таксама трапіў у палон, аднак пасля 11 дзён пошукаў было знойдзена яго цела. Яго пахавалі побач з жонкай, якая была забітая ў гасцёўні іх дома.

    Двое другіх дзяцей сямейнай пары паспелі схавацца. Паводле паведамленняў СМІ, яны правялі 14 гадзін у каморцы, пакуль іх не выратавалі. Малодшая дзяўчынка — 4‑гадовая Эбігэйл — 51 дзень прабыла ў палоне ў Сектары Газа. Калі яе вызвалілі, яна была вельмі галодная — закладнікаў дрэнна кармілі. Лёс дзіцяці згадваў нават прэзідэнт ЗША Джо Байдан — у Эбігэйл маецца амерыканскае грамадзянства.

    Украіна

    Чацвёра журналістаў загінулі падчас вайны ва Украіне, канстатуе Press Emblem Cam­paign (PEC). Адзначым, што, па звестках «Рэпарцёраў без межаў», ахвярамі расійскай агрэсіі ў 2023 годзе сталі двое прадстаўнікоў медыяў, але гэтая арганізацыя ўлічвае толькі тых, хто ў момант трагедыі выконваў прафесійныя абавязкі.

    Адзін з іх — Багдан Біцік, які загінуў ад кулі снайпера на ўскраіне Херсона каля сумнавядомага Антонаўскага моста. Украінскі журналіст дапамагаў карэспандэнту італьянскай газеты La Repub­bli­ca Караду Зуніна. Абодва журналісты былі апранутыя ў бронекамізэлькі з надпісам «Press».

    — Мы праехалі тры блокпасты, Багдан пагаварыў з украінскімі вайскоўцамі, і яны без праблем нас прапусцілі, — расказваў Карада Зуніна. — Гэта не была зона баявых дзеянняў. Потым нас падбілі, я пачуў шыпенне і ўбачыў Багдана на зямлі, ён не рухаўся. Я выпаўз з лініі агню. Бег, пакуль міма мяне не праехала цывільная машына. Я быў увесь у крыві, і мяне давялося везці ў херсонскую бальніцу. У мяне чатыры раненні, але мне аказалі выдатную дапамогу. Я некалькі разоў спрабаваў датэлефанавацца да Багдана, але ён не адказваў. Ён быў маім сябрам. Мне вельмі горка…

    Праз некалькі дзён каля Бахмута загінуў відэажурналіст агенцтва Fran­ce­Presse Арман Сольдзін. Гэта здарылася падчас ракетнага абстрэлу з сістэм «Град». Арман быў разам з чатырма калегамі, якія не пацярпелі. Рэпарцёраў суправаджалі ўкраінскія вайскоўцы.

    Мексіка

    Па-ранейшаму складанай застаецца сітуацыя ў гэтай краіне, дзе ў 2023 годзе былі забітыя 9 журналістаў, адзначае Press Emblem Cam­paign (PEC). На небяспеку для прадстаўнікоў медыяў у Мексіцы таксама звяртаюць увагу «Рэпарцёры без межаў». Паводле звестак міжнароднай арганізацыі, у траўні-чэрвені там здарыўся ўсплёск забойстваў рэпарцёраў, якія асвятлялі дзейнасць мафіі.

    Цела Луіса Марціна Санчэса, карэспандэнта вядучай нацыянальнай газеты La Jor­na­da, было знойдзенае са слядамі катаванняў 8 ліпеня, праз тры дні пасля таго, як яго жонка паведаміла, што ён знік на ўскраіне горада Тэпік (у ім жыве 300 тысяч чалавек, ён з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам штата Наярыт).

    Паводле пракуратуры штата Наярыт, Санчэс і два журналісты, якія былі выкрадзеныя, а затым вызваленыя — Джонатан Лора Рамірэс і Асірыс Мальданада — разам працавалі над журналісцкімі праектамі. Камп’ютар Санчэса і лічбавыя прылады захоўвання дадзеных былі скрадзеныя з яго офіса. Праваахоўнікі заявілі, што працуюць над версіяй, што ягонае забойства было звязанае з журналісцкай дзейнасцю.

    — Жорсткае забойства Луіса Марціна Санчэса — трагедыя не толькі для яго блізкіх, але і для ўсяго мексіканскага грамадства, — падкрэслілі ў спецыяльнай заяве «Рэпарцёры без межаў». — Узровень гвалту супраць журналістаў у Мексіцы выйшаў з‑пад кантролю. Улады павінны тэрмінова прадэманстраваць сваю прыхільнасць змене гэтай рэальнасці і што яны будуць надаваць прыярытэтную ўвагу барацьбе з гвалтам у дачыненні да журналістаў.

    Філіпіны

    У лістападзе 2023 года радыёвядоўца Хуан Джумалон, таксама вядомы як дыджэй Джоні Уокер, быў застрэлены на паўднёвым востраве Мінданаа. 57-гадовы журналіст вёў прамую трансляцыю на Face­book для Gold FM, калі ў яго дом увайшоў узброены злачынец і двойчы стрэліў яму ў галаву.

    Працуючы ў студыі, наладжанай у яго дома, Джумалон у асноўным асвятляў бягучыя падзеі на Мінданаа. Хоць матыў злачынства на сёння невядомы, Нацыянальны саюз журналістаў адзначае, што многія прадстаўнікі прэсы ў рэгіёне атрымалі пагрозы пасля асвятлення мясцовых выбараў.

    Хуан Джумалон — другі радыёжурналіст, забіты на Філіпінах у 2023 годзе, і чацвёрты з тых часоў калі цяперашні кіраўнік краіны Бангбонг Маркас заняў пасаду ў чэрвені 2022 года. Паколькі архіпелаг складаецца з сямі тысяч выспаў, радыё выконвае фундаментальную ролю ў распаўсюдзе навін і інфармацыі, а журналісты часта плацяць жыццём за сваю шчырасць і рэзкасць.

    Так, у траўні радыёжурналіст Крэсенсіяна Бундук’уін быў застрэлены ў сваім доме, размешчаным у цэнтральнай частцы Філіпін, пасля неаднаразовых пагроз забойствам. А ў кастрычніку 2022 года яшчэ адзін радыйшчык — Персіваль Мабаса, больш вядомы пад псеўданімам Персі Лапід — быў забіты каля свайго дома ў прыгарадзе Манілы.

    Малі

    Абдул Азіз Джыбрыла працаваў на мясцовым радыё — адной з найважнейшых крыніц навін для сангай (этналінгвістычная група, якая жыве на захадзе Афрыкі), і ўвасабляў барацьбу, якую вялі мясцовыя рэпарцёры за інфармаванне насельніцтва ў зонах канфліктаў.

    Джыбрыла падаваў навіны на адным з дыялектаў сангай і рыхтаваў рэпартажы, якія вельмі падабаліся слухачам. Больш за ўсё на свеце ён хацеў працягнуць навучанне журналістыцы. Ён запісаўся на семінар для СМІ ў Гао (непадалёк ад мяжы з Нігерам) і накіроўваўся туды, калі 7 лістапада яго маладое жыццё раптам абарвалася. Яго застрэліла банда, якая зладзіла засаду. Маладому журналісту было 28 гадоў. Два іншыя журналісты былі выкрадзеныя бандай.

    — Смерць маладога рэпарцёра, які быў поўны рашучасці працягваць кар’еру, абараняючы права грамадскасці на інфармацыю, сумна ілюструе трагічнае працоўнае асяроддзе для прафесіяналаў СМІ на поўначы Малі. Мы просім улады публічна асудзіць яго забойства, пачаць расследаванне, знайсці вінаватых і зрабіць усё неабходнае для таго, каб два выкрадзеныя журналісты былі знойдзеныя, — звярнуліся да ўрада краіны «Рэпарцёры без межаў».

    Чытайце яшчэ:

    Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу

    Пайшоў на работу і не вярнуўся. Зніклымі лічацца 84 журналісты — расказваем некаторыя гісторыі

    Даследаванне: каля 30% беларускіх і расійскіх журналістаў пасля эміграцыі сышлі з прафесіі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! На дадзены момант ў няволі застаюцца прадстаўнікі медыя: Кацярына Андрэева, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Дзмітрый Наважылаў, Ірына Слаўнікава, Андрэй Кузнечык, Сяргей Сацук, Канстанцін Залатых, Алесь (Аляксандр) Любянчук, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзмітрый Семчанка, Андрэй Фамін, рэдактар самвыдатаўскіх газет «Веснік» Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандр Манцэвіч, Ігар Карней, Аляксандр Зянкоў, Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, Аляксандр Ігнацюк, Алесь Марчанка, Антон Казельскі, Алена Цімашчук, Яўген Нікалаевіч, Данііл Палянскі, Ігар Ільяш, Вольга Радзівонава Сяргей Чабоцька Андрэй Толчын Рэдацыя "Інтэкс-прэс"
    05.12.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023

    ЛІЧБЫ ГОДА. Пераслед журналістаў і медыя ў 2023 годзе

    22.01.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці