• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пайшоў на работу і не вярнуўся. Зніклымі лічацца 84 журналісты — расказваем некаторыя гісторыі

    Дыктатарскія рэжымы не толькі кідаюць журналістаў у турмы, на іх таксама палююць і выкрадаюць (не толькі ўлады), аб чым сведчыць штогадовая справаздача «Рэпарцёры без межаў». У сумнай статыстыцы — 84 імёны. Чаму прадстаўнікі медыяў часта становяцца ахвярамі кіднэпінгу?

    Якая статыстыка?

    Сёння зніклымі без весткі лічацца 84 журналісты, прычым 39 з іх — ахвяры гвалтоўных дзеянняў з боку прадстаўнікоў улады, якія адмаўляюць факт затрымання рэпарцёраў і хаваюць месца іх утрымання ў няволі. 

    У 2023 годзе сумны спіс працягваў расці. Сем журналістаў зніклі без весткі ў Палестыне, Судане, Расіі, Украіне, Мексіке, Конга.

    Найбольш складаная сітуацыя — у Лацінскай Амерыцы. Больш за палову ўсіх зніклых журналістаў прапалі ў гэтым рэгіёне. З тых пяці, якіх не могуць адшукаць дагэтуль, чацвёра — жанчыны.

    Гісторыя з мінулага: як знікла маладая фатографка ў Сальвадоры

    Гэта здарылася больш за 30 гадоў таму — 19 жніўня 1989 года ў краіне, ахопленай грамадзянскай вайной паміж ваенным рэжымам і левымі палітычнымі групоўкамі. Улада хісталася і падазравала ў нелаяльнасці літаральна кожнага. Маладая фатографка Сара Крысціна Чан Чан Медына стала ахвярай таго часу. Дагэтуль яна лічыцца зніклай, і «Рэпарцёры без межаў» у сваёй справаздачы ўзгадалі яе імя, хаця, здаецца, адшукаць жанчыну жывой няма аніводнага шанца.

    Калі Сары Крысціне было 10 гадоў, ноччу ў дом яе сям’і ўварваліся два мужчыны, якія прадставіліся супрацоўнікамі Нацыянальнай гвардыі. Бацька, вядомы прафсаюзны дзеяч, адмовіўся адчыняць дзверы. Тады нязваныя госці разбілі шкло і застрэлілі мужчыну. Яны збірался ўчыніць выбух газу, калі адзін з іх заўважыў, што ў доме хаваюцца дзеці.

    Пасля забойства бацькі сям’я вырашыла змяніць месца жыхарства, аднак праз некаторы час вярнулася ў родны горад — Санта-Ана. У ліпені 1989 года здарыўся новы выпадак: маці дзяўчыны затрымалі салдаты, завязалі вочы і адвезлі ў казармы, дзе доўга катавалі. Пасля гэтага сям’я зноў пераехала ў сталіцу — Сан-Сальвадор, дзе Сара Крысціна ўладкавалася фатографкай у адзін з найбуйнейшых прафсаюзаў краіны.

    Менавіта ў прафсаюзах сальвадорскі рэжым бачыў небяспеку для сябе. Іх абвінавачвалі ў сувязях з левымі групоўкамі, называлі тэрарыстычнымі арганізацыямі (што яднае з цяперашняй беларускай сітуацыяй) і нават прапаноўвалі ўвесці смяротнае пакаранне для грамадскіх дзеячоў, паколькі прафсаюзы займалі крытычную пазіцыю. Кожны чалец разглядаўся ўладамі як падазроны, а сам рух — як небяспеку краіне. І гэта ў выніку сыграла трагічную ролю ў лёсе журналісткі.

    У дзень знікнення Сара Крысціна, якой на той момант было 20 гадоў, спачатку заходзіла ў прафсаюз, а пасля паехала на сустрэчу са сваім хлопцам Хуанам Францыскам. Той таксама меў зносіны з прафсаюзным рухам. Разам маладзёны накіроўваліся дамой, калі іх спынілі шэсць ваенных. Гэта бачылі сведкі, якія добра апісалі салдат, іх форму і зброю. Супрацоўнікі прафсаюзу імгненна адрэагавалі і праверылі інфармацыю — на ўласныя вочы яны бачылі, што сапраўды быў здзейснены арышт іх калегаў.

    Незалежнае расследаванне выявіла, што фатографку і яе хлопца затрымалі Ваенна-Паветраныя Сілы, якія патрулявалі горад. Прадстаўнікі прафсаюза аператыўна звязаліся з казармамі, але інфармацыю аб арышце там не пацвердзілі. Калегі маладзёнаў паведамілі аб інцыдэнце ў СМІ.

    Што давялося перажыць бацькам Сары Крысціны і Хуана Францыска, складана ўявіць. Яны шукалі дзяцей паўсюль — у бальніцах, паліцыі, ваенных казармах, на могілках, напісалі дзесяткі зваротаў і заяваў. Але беспаспяхова… Маці дзяўчыны нават дамаглася, каб ёй паказалі камеры ў турме. На развітанне адзін з вайсковых сказаў: «Не вяртайцеся, калі не хочаце, каб тое самае здарылася з вамі». А малодшай сястры Сары Крысціны нейкі афіцэр паведаміў: «Ты вельмі на яе падобная, але ў нас яе няма».

    Праз месяц пасля знікнення Сары Крысціны яе маці ўдзельнічала ў публічнай акцыі пратэсту. Жанчыну арыштавалі і кінулі ў казармы. Там ёй пагражалі, збівалі, катавалі. А яшчэ праз месяц яе малодшая дачка атрымала раненні пасля выбуху гранаты ў офісе прафсаюзу. Толькі тады сям’я спыніла намаганні па пошуку дзяўчыны.

    Як лічаць незалежныя расследавальнікі, ёсць дакладныя сведчанні, што Сара Крысціна і Хуан Францыска былі накіраваныя на базу Ваенна-Паветраных Сілаў. Ужо знаходзячыся пад вартай, маладзёны зніклі. Маюцца доказы, што ваенныя адмаўлялі арышт, а паліцыя і суд не выканалі свае абавязкі. 

    Мексіка: больш за 30 зніклых журналістаў

    Адной з самых небяспечных краін для журналістаў застаецца Мексіка. Зніклымі там лічацца больш за 30 рэпарцёраў. Вядома пра ўжыванне гвалту ў 8 выпадках. Так здарылася ў 2008‑м з Маўрыцыа Эстрадам Заморай з мясцовага медыя La Opinión de Apatz­ingán і ў 2010‑м з Рамонам Анжэлесам Залпам з анлайн-выдання Cam­bio de Michoacán.

    Апошні выпадак адбыўся ў ліпені 2023 года, калі знік 27-гадовы фатограф і рэдактар з анлайн-выдання La de 8 News Хуан Карлас Віверас. Ён таксама супрацоўнічаў з Radio Tele­visión de Ver­acruz (RTV) і Alor Noti­cias, а таксама працаваў у аддзеле сацыяльных камунікацый гарсавета горада Нанчыталь. Вядома, што журналіста перасадзілі ў белы пазадарожнік, з тых часоў яго ніхто не бачыў.

    Два журналісты ва Украіне, хутчэй за ўсё, захопленыя расійскімі вайскоўцамі 

    Цяжкая сітуацыя застаецца на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. Вядомы як мінімум два выпадкі знікнення супрацоўнікаў медыяў. Так, дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца Вікторыя Рошчына, якая працавала для некалькіх украінскіх СМІ («Украинская праўда», Hro­madske и «Радыё Свабодная Еўропа»). На працягу сваёй амаль дзесяцігадовай журналісцкай кар’еры яна асвятляла складаныя і часцяком небяспечныя тэмы, уключаючы злачыннасць, суды і правы чалавека. Яна знікла ў жніўні 2023 года, калі спрабавала трапіць на ўсход Украіны.

    Яшчэ адзін украінскі журналіст, які, верагодна, утрымліваецца ў расійскім палоне — Дзмітро Хілюк, супрацоўнік агенцтва УНІАН. Ён знік у пачатку вайны, у сакавіку 2022 года. З таго часу сям’я атрымала толькі адну невялікую запіску, у якой рэпарцёр паведамляе, што жывы. RSF атрымалі пяць эксклюзіўных сведчанняў пра тое, што журналіста жорстка дапытвалі ў расійскай турме непадалёк ад украінскай мяжы.

    Конга: невядомы лёс дырэктараў двух радыёстанцыяй

    Усход гэтай афрыканскай краіны лічыцца найбольш небяспечным для працы медыяў. За апошнія тры гады там зніклі адразу два кіраўнікі мясцовых радыёстанцыяў. У лютым 2023 года перастаў выходзіць на сувязь Б’ямунга Гарубанда, дырэктар Voix de Mikeno. А ў чэрвені 2020 года такі ж лёс напаткаў Бвіру Бваліцэ, менеджера Radio Com­mu­nau­taire de Bakum­bule.

    — Кангалезскія журналісты, якія падвяргаюцца нападам, запалохванням і адвольным арыштам, знаходзяцца пад моцным ціскам з усіх бакоў, — сказана ў заяве RSF. — Гэта павінна змяніцца. Мы заклікаем улады публічна ўзяць на сябе абавязацельства паставіць свабоду прэсы, бяспеку журналістаў і права грамадскасці на дакладныя навіны і інфармацыю ў аснову сваёй палітыкі.

    Сектар Газа: аб дваіх фотажурналістах няма звестак з 7 кастрычніка 2023 года

    Яшчэ адной гарачай кропкай у гэтым годзе стаў Блізкі Усход. Многія журналісты, якія асвятлялі падзеі, атрымалі раненні ці былі забітыя. У сумнай статыстыцы таксама імёны двух палестынскіх журналістаў, якія лічацца зніклымі без весткі. У дзень нападу ХАМАСа на Ізраіль (7 кастрычніка 2023 года) перасталі выходзіць на сувязь Хаятам Абдэль Вахед з Ain Media і Нідаль аль-Вахідзі з Al Najah. Яны зніклі падчас асвятлення падзеяў на катрольна-прапускным пункце ў Бейт-Хануне (горад у Сектары Газы).

    Пакістан: вядучага выкралі, але вызвалілі

    А гэта гісторыя са шчаслівым фіналам. Вядомы ў Пакістане тэлевядучы Імран Рыяз Хан прапаў без вестак 11 траўня 2023 года. Як стала вядома, яго арыштавалі ў адпаведнасці з загадам аб прадухіленні гвалту на фоне масавых пратэстаў у адказ на арышт былога прэм’ер-міністра Імрана Хана.

    Як лічаць у RSF, тэлевядоўца прыцягнуў увагу вайскоўцаў праз тое, што ён і ягоны тэлеканал падтрымлівалі Імрана Хана. Раней Імран Рыяз Хан быў арыштаваны 5 ліпеня 2022 года на падставе скаргаў пракуратуры ў сувязі з крытыкай улады вайскоўцаў і спецслужбаў. І ў лютым гэтага года яго зноў трымалі пад вартай, пакуль суддзя не пастанавіў яго вызваліць.

    Праз чатыры месяцы пасля затрымання Імран Рыяз Хан быў вызвалены. Вядома, што яго ўтрымлівалі ў суровых умовах, у сувязі з чым RSF заклікае ўлады Пакістана праліць святло на абставіны інцыдэнту.

    Чытайце яшчэ:

    Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу

    Даследаванне: каля 30% беларускіх і расійскіх журналістаў пасля эміграцыі сышлі з прафесіі

    Алег Агееў: Гэта выклік — як бараніць правы іншых, калі беларускія праваабаронцы самі з’яўляюцца ўразлівай групай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці