• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу

    Найбольш жорсткія выклікі, з якімі сутыкаюцца незалежныя журналісты ва ўсім свеце, сабраныя ў адным дакуменце аўтарытэтнай арганізацыі. Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для супрацоўнікаў медыя ў свеце і краінай з самай вялікай колькасцю затрыманых жанчын-журналістак (пасля Кітая). За што яшчэ рэпарцёры трапляюць за краты? Гісторыі вельмі тыповыя і немагчыма не ўбачыць аналогій з Беларуссю.

    Што сказана пра Беларусь?

    Наша краіна згадваецца як адна з найбуйнейшых турмаў для журналістаў пасля М’янмы і Кітая. 

    — У 2023 годзе Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўвойдзе ў тройку рэжымаў, якія часцей за астатніх закоўваюць у месцы несвабоды журналістаў: за кратамі пабывалі 39 чалавек (на сем больш, чым у 2022 годзе), — адзначаюць «Рэпарцёры без межаў» (RSF).

    Трэба дадаць, што гэтая лічба можа быць няпоўнай. Паводле намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, напэўна беларускіх журналістаў, хто адсядзеў па крымінальным абвінавачанні ў 2023‑м, больш. На момант публікацыі вядома пра 32 супрацоўнікаў медыя за кратамі. Але ж у гэтым годзе на волю выйшлі Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Аляксандр Івулін і іншыя.

    Апроч таго, Беларусь пазначаная ў справаздачы як краіна з найбольшай колькасцю (пасля Кітая) жанчын-журналістак у няволі — 10. У гэтым жа сумным паказчыку рэжым застаецца антылідэрам. Па дадзеных RSF, тры з шасці самых жорсткіх прысуды ў свеце жанчынам-журналісткам былі вынесеныя беларускам: Марыне Золатавай (12 гадоў), Людміле Чэкінай (12 гадоў) і Валерыі Касцюговай (10 гадоў).

    А колькі ўсяго зняволеных журналістаў у свеце?

    521. Для параўнання: год таму лічба складала 569. Цяпер на «ліку» чатырох краін — Кітая, М’янмы, В’етнама і Беларусі — 264 зняволеныя рэпарцёры.

    Хто антылідэр і за што арыштоўваюць рэпарцёраў?

    Найбуйнейшай турмой для супрацоўнікаў СМІ застаецца КНР, дзе за кратамі ўтрымліваецца 121 наш калега. Большасць з іх — у Сіньцзяне, дзе кітайскі ўрад з 2016 года вядзе жорсткія рэпрэсіі супраць уйгураў, пераважна мусульманскай цюркскай этнічнай меншасці.

    Толькі ў 2023 годзе ўрадам Сі Цзіньпіна былі арыштаваныя сем журналістаў. Адзін з іх дагэтуль знаходзіцца за кратамі. Гэта радыёвядучы Radio Tai­wan Inter­na­tion­al Лі Яньхэ, які нарадзіўся ў Кітаі і жыў у Тайвані з 2009 года. Ён падаў заяву на атрыманне тайваньскага пашпарта і знаходзіўся ў паездцы ў Шанхай, каб ануляваць сваё кітайскае грамадзянства (фармальнасць тайваньскіх іміграцыйных правілаў), калі раптам знік. Акрамя працы на радыё ён быў галоўным рэдактарам тайваньскага выдавецтва Gūsa Press, якое спецыялізуецца на кнігах пра палітыку Кітая, забароненых рэжымам Пекіна.

    Таксама 12 журналістаў утрымліваюцца пад арыштам у Ганконгу, у тым ліку Джымі Лай.

    Джымі Лай. Чаму так часта ўзгадваюць ганконгскага медыямагната?

    Ён заснаваў медыякампанію Next Dig­i­tal і выданне Apple Dai­ly (яго супрацоўнікі асвятлялі пратэсты ў 2020 годзе ў Беларусі і нават на некалькі гадзінаў былі затрыманыя сілавікамі). Адыгрываў вялікую ролю ў медыяпрасторы Ганконгу, уплыве на дэмакратычную супольнасць.

    Падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе змянілі лёс Джымі Лая, які хутка стаў паспяховым бізнэсмэнам, і вызначылі прыхільнасць да дэмакратыі. Выданне Apple Dai­ly было заснаванае ім у 1995 годзе. Яно адкрыта крытыкавала пекінскі рэжым і імкнулася асвятляць дэмакратычны рух.

    У чэрвені 2021 года паліцыя штурмавала штаб-кватэру медыягрупы, у той час як урад абвясціў аб замарожванні яе актываў. Кіраўнікі выдання былі арыштаваныя. 24 чэрвеня, пасля 26 гадоў працы, Apple Dai­ly выйшла з апошнім накладам. Да канца дня ён дасягнуў рэкорда ў адзін мільён копій.

    10 снежня 2022 года, у Дзень правоў чалавека, Джымі Лай быў асуджаны да пяці гадоў і дзевяці месяцаў зняволення па сфабрыкаваным абвінавачванні ў махлярстве. Цяпер жа яму пагражае пажыццёвае зняволенне за «змову з замежнымі сіламі». Суд павінен адбыцца літаральна на днях.

    З Кітаем зразумела. А што наконт М’янмы? Няўжо там яшчэ не заціхлі пратэсты?

    Не заціхлі. Больш за тое, за апошні месяц баявыя дзеянні актывізаваліся, супраць дыктатуры, якая прыйшла да ўлады ў 2021 годзе, аб’ядналіся некалькі паўстанцкіх груповак, якія пры падтрымцы насельніцтва дасягнулі пэўных поспехаў. Аднак сітуацыія са свабодай прэсы застаецца пакуль найбольш жахлівай у свеце.

    Як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», 68 журналістаў знаходзяцца ў зняволенні ў М’янме, 34 з іх усё яшчэ чакаюць суда. Тым, каго судзілі, былі вынесеныя суровыя прысуды, як правіла, паводле ілжывых абвінавачванняў, такіх як «падбухторванне да мецяжу» або «распаўсюд фэйкавых навін».

    — Калі штосьці рэпартуеш з краіны, то становішся тым, на каго рэжым накіроўвае нянавісць людзей, — адзначаў на канферэнцыі ў Вільні журналіст з М’янмы Мрат К’яў Ту, які цяпер жыве ў Іспаніі. — Прыхільнікі ваеннай хунты падтрымліваюць пераслед апанентаў. Яны накідваюцца на нас у сацсетках, у абмеркаваннях пад відэаролікамі на YouTube. Абвінавачваюць у тым, што мы прыдумляем фэйкавыя навіны.

    Пра В’етнам зусім не чуваць. Што там за сітуацыя?

    Прэса падпарадкоўваецца адной партыі, а незалежныя медыі і блогеры рэгулярна зазнаюць пераслед з боку ўладаў. Пры гэтым менавіта яны застаюцца адзінымі крыніцамі свабоднай інфармацыі.

    Цяпер 36 журналістаў утрымліваюцца ў турмах гэтай краіны. У іх ліку блогер Нгуен Лан Тханг, які працаваў для «Радыё Свабодная Азія». Ён даў 12 інтэрв’ю в’етнамскай службе BBC адносна сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне і публікаваў артыкулы з крытыкай урада ў сацыяльных сетках. Блогеру прысудзілі восем гадоў пазбаўлення волі за антыдзяржаўную прапаганду. Гэта фармулёўка, знаёмая многім беларусам. Аўтарытарныя рэжымы не адрозніваюцца асаблівай арыгінальнасцю.

    Яшчэ адна аналогія з беларускім рэжымам: зняволеныя журналісты ў В’етнаме сістэматычна падвяргаюцца зневажальнаму абыходжанню і пазбаўленыя доступу да медыцынскай дапамогі. Два незалежныя рэпарцёры нават пачалі галадоўку ў сярэдзіне 2023 года на знак пратэсту супраць умоў, у якіх яны ўтрымліваліся.

    Якія краіны яшчэ згадваюцца як турмы для журналістаў?

    Расія, Індыя, Туніс, Алжыр, Марока, Турцыя, Конга, Гватэмала, Егіпет.

    Напрыклад, у Егіпце пад арыштам знаходзіцца блогер Махамед Радван (яго ведаюць як Махамед Кісларод, ён стаў папулярным дзякуючы свайму блогу Egyp­t’s Oxy­gen). Улады забаранялі яму займацца блогерствам, аднак, калі ўспыхнулі пратэсты ў верасні 2019-га, ён асвятляў гэтыя падзеі, пасля чаго яго ізноў арыштавалі. Яму прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі за «публікацыю ілжывых навін». У сённяшнім Егіпце яго імя з’яўляецца сінонімам смелай журналістыкі.

    А Расія згадваецца ў сувязі з затрыманнем журналісткі татара-башкірскай службы «Радыё Свабода» Алсу Курмашавай. Яна была арыштаваная ў кастрычніку 2023 года па падазрэнні ў парушэнні заканадаўства, што датычыцца «замежных агентаў». Паводле следства, журналістка займалася зборам інфармацыі ў сферы вайскова-тэхнічнай дзейнасці Расіі. Згодна з законам, гэта абавязвала яе самастойна падаць заяву для рэгістрацыі як «замежны агент».

    Таксама ў РФ дагэтуль утрмыліваецца ў няволі карэспандэнт The Wall Street Jour­nal Эван Гершкавіч, якога абвінавачваюць у шіпянажы.

    І некалькі слоў пра наступствы кавіду

    Асобна ў справаздачы RSF адзначаецца, што шасцёра журналістаў усё яшчэ знаходзяцца пад вартай у Кітаі, Бангладэш і В’етнаме за крытыку дзеянняў іх урадаў па барацьбе з пандэміяй. У іх лік уваходзіць кітайскі журналіст Су Жыёнг, якога ў красавіку 2023 года прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі за «падрыўную дзейнасць». Знаходзячыся пад вартай апошнія тры гады, ён часта падвяргаецца катаванням.

    Чытайце яшчэ:

    Андрэй Бастунец: Больш за 20 беларускіх медыяарганізацый прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»

    «Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    Крызіс даверу ці крызіс аўдыторыі? Гарачая спрэчка наконт «паразы ў інфармацыйнай вайне»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Коллеги в тюрьмах. Адреса для писем, бандеролей и переводов
    05.11.2024
    Акцэнты

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    Учитывая существенную роль «антиэкстремистской политики» в формировании медиапространства внутри Беларуси, БАЖ проанализировал правовое регулирование противодействия экстремизму и актуальной практики его применения в отношении независимых медиа и их представителей. Отправной точкой при проведении данного анализа выступают международные стандарты прав и свобод человека, которые, вне всякого сомнения, должны служить ключевым ориентиром демократического государства при любых обстоятельствах. Скачайте доклад в формате PDF .
    29.12.2023

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці