155 — месца Беларусі ў рэйтынгу свабоды прэсы «Рэпартэраў бязь межаў»
Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала чарговы рэйтынг свабоды прэсы. У 2018 годзе Беларусь заняла 155-е месца сярод 180 краінаў сьвету – страціла дзьве пазыцыі ў параўнаньні зь леташнім рэйтынгам.
Беларусь у рэйтынгу абагналі Брунэй (са 156 на 153‑е месца) і Конга (засталася на 154‑м). Цяпер Беларусь знаходзіцца між імі, Свазілэндам (152), Руандай, Турэччынай і Казахстанам (156–158), побач з краінамі, дзе зусім няма свабоды прэсы.
Усе суседзі Беларусі маюць вышэйшыя пазыцыі: Расея 148‑я, Украіна 101‑я, Малдова 81‑я, Польшча 58‑я, Літва 36‑я, Латвія 24‑я, Эстонія 12‑я. Першыя месцы ў сьвеце займаюць Нарвэгія, Швэцыя і Нідэрлянды, а апошнія – Паўночная Карэя, Эрытрэя і Туркмэністан.
«Пасьля кароткай перадышкі, чарговы напад [на СМІ] вядзецца ў Беларусі, — пішуць пра краіну «Рэпартэры бязь межаў». — Больш за 100 журналістаў былі арыштаваныя ў 2017 годзе, як правіла, пры асьвятленьні акцыяў пратэсту апазыцыі. Некаторыя зь іх былі зьбітыя, іншыя былі заключаныя ў турму.
Перасьлед журналістаў-фрылянсэраў, якія працуюць у незалежных СМІ, заснаваных за мяжой, якія не могуць атрымаць акрэдытацыю, дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню. Баючыся дэстабілізацыі становішча, зьвязанай з украінскім крызісам, улады пасадзілі як прарасейскіх, так і антырасейскіх блогераў.
Дзевяць незалежных газэтаў зноў распаўсюджваецца праз манапаліста распаўсюду друкаванай прэсы 11 гадоў пасьля забаронаў, але блякаваньне вядучага навіновага сайту краіны паказвае на тое, што інтэрнэт-цэнзура дасягнула новага ўзроўню».